Выбрать главу

12

Парцье ўстрывожана паглядаў на гадзiннiк: прамiнула ўжо шостая гадзiна, а Ёхэн усё яшчэ не паявiўся, каб замянiць яго; госць з нумара 11 спаў ужо дваццаць адну гадзiну, павесiўшы на клямку шыльдачку з надпiсам "Прашу не турбаваць"; i ўсё-ткi дагэтуль яшчэ нiхто не адчуў цiшынi смерцi за зачыненымi дзвярыма; не чуваць шэптаў, ляманту пакаёвак; час вячэры: цёмныя гарнiтуры, светлыя сукенкi, шмат срэбра, агеньчыкi свечак, музыка; да амара пад маянэзам — Моцарт, да мясных страў — Вагнер, пад дэсерт — джаз.

У паветры адчувалася бяда; парцье спалохана паглядаў на гадзiннiк: стрэлкi занадта павольна наблiжалiся да пункта, у якiм бяда павiнна зрабiцца вiдавочнай; тэлефонныя званкi адзiн за адным: першае меню ў нумар дванаццаць, трэцяе меню ў дзвесце васемнаццаты нумар, шампанскае — у чатырнаццаты; суботне-нядзельным парушальнiкам шлюбнай вернасцi патрабавалiся стымулятары; пяцёра багатых валацугаў сядзелi ў вестыбюлi, чакаючы аўтобуса, якi меў завезцi iх да начнога самалёта: "…Менавiта так, шаноўная фраў, першая вулiца налева, другая — направа, трэцяя — налева; рымскiя дзiцячыя магiлкi маюць вячэрняе асвятленне; фатаграфаваць дазволена". Бабуля Блейзiк у аддаленым куце пiла свой партвейн i нарэшце перахапiла Гугу, якi чытаў ёй навiны з мясцовай газеты: "Няўдача злодзея-кiшэннiка. Учора ў Эрэнфэльдгюртэлi малады чалавек зрабiў спробу выхапiць сумачку з рук у пажылой жанчыны, але адважная бабулька здолела… Дзяржаўны сакратар Далес…"

— Лухта, лухта, — перапынiла яго бабуля Блейзiк, — не хачу слухаць нiчога пра палiтыку цi пра мiжнародныя справы; мяне цiкавяць толькi мясцовыя навiны.

I Гуга чытаў далей:

— Бургамiстр горада ўшанаваў слыннага баксёра…

Час здзеклiва адцягваў выбух бяды; тым часам у рэстаране цiха звiнелi келiхi; на сталы ставiлiся срэбныя талеркi, пад узнёслую музыку пазвоньвалi фарфоравыя талеркi; у дзвярах, што мякка вярнулiся ў абабiтыя лямцам пазы, стаяў шафёр аўтобуса авiякампанii i жэстамi заклiкаў тых, хто ад'язджае, збiрацца хутчэй; парцье нервова зазiраў у свой нататнiк: "ад 18.30 зарэзерваваць нумар з боку вулiцы для пана М.; з 18.30 — двухмесны нумар для пана радцы Фэмеля з жонкаю, абавязкова з боку вулiцы; а дзевятнаццатай забраць на прагулку сабаку Кэсi з нумара 114"; толькi што якраз гэтай псiне панеслi яечню, згатаваную паводле спецыяльнага рэцэпта: цвёрды жаўток i мяккi бялок, а да яек — моцна засмажаныя кавалачкi каўбасы, i, як заўсёды, гэтая паскудная жывёлiна пачне грэблiва адварочвацца ад яды; госць у адзiнаццатым нумары спiць ужо дваццаць адну гадзiну i васемнаццаць хвiлiн…

— Менавiта так, шаноўная фраў, феерверк пачнецца праз паўгадзiны пасля захаду сонца; гэта значыць, недзе а палове восьмай; парад прыхiльнiкаў "Саюза змагароў" павiнен пачацца а дзевятнаццатай пятнаццаць; мне вельмi шкада, але я не магу сказаць Вам, цi пан мiнiстр будзе там.

Гуга чытаў голасам хлопчыка, толькi што адпушчанага са школы: "…Айцы горада ўручылi заслужанаму баксёру не толькi пасведчанне ганаровага грамадзянiна, але i залаты жэтон Марсiлiя, якi даецца толькi за самыя вялiкiя заслугi ў галiне культуры. Урачысты вечар скончыўся святочнай бяседай". Багатыя валацугi нарэшце пакiнулi вестыбюль; "калi ласка, панове, урачыстая вячэра левай апазiцыi адбудзецца ў блакiтнай зале… Hе, урачыстая вячэра правай апазiцыi — у жоўтай зале; дарогу паказваюць шыльды з надпiсамi, шаноўны пане; хто там левы, хто правы — па iх не вiдаць; у такiх рэчах найлепей цямiць Ёхэн: у яго беспамылковае чуццё, калi трэба вызначыць прыналежнасць да грамадскiх групаў; ён пазнае сапраўднага пана ў рызманах i пралетарыя ў самым шыкоўным гарнiтуры; ён бы адрознiў левую апазiцыю ад правай; у iх нават заказы меню не рознiлiся памiж сабой… ах, будзе яшчэ нейкая ўрачыстая вячэра — рады па нагляду за дзейнасцю Таварыства "Сас'етас"; у чырвонай зале, шаноўны, пане; ва ўсiх аднолькавыя твары, i ўсе будуць есцi на закуску амары пад маянэзам — i левыя, i правыя, i рада па нагляду; Моцарт — да закускi, Вагнер — да галоўных страў з густой падлiваю, джаз — да дэсерту; але, у чырвонай зале, шаноўны пане; чуццё Ёхэна не падманвае што да грамадскай прыналежнасцi, але ў iншых выпадках яно яму здраджвае. Калi ў гатэль першы раз прыйшла авечая капяланка, ён шапнуў: "Увага, гэта найвышэйшы клас", а калi потым прыйшла тая маленькая бледная дзяўчына з ускудлачанымi валасамi i толькi з сумачкай у руцэ i кнiжкай кiшэннага фармату пад пахай, Ёхэн сказаў: "Звычайная шлюндра": на што я адказаў: "Яна i праўда робiць гэта з кожным, але нiчога за гэта не бярэ значыць, яна не шлюндра"; Ёхэн запярэчыў: "Яна робiць гэта з кожным i бярэ за ўсё грошы" — i тут была яго праўда. Затое ў Ёхэна няма чуцця на бяду: калi потым аднаго разу да нас прыехала зiхатлiва-вясёлая бландзiнка з трынаццаццю валiзамi, я сказаў яму, калi яна заходзiла ў лiфт: "Паспрачаемся, што жывую мы яе ўжо не ўбачым", а Ёхэн не згадзiўся: "Ды ну, лухта, проста яна на некалькi дзён уцякла ад мужа", i хто, думаеце, меў рацыю? Я! Пiгулкi для сну i шыльдачка "Прашу не турбаваць" на дзвярах; яна спала дваццаць чатыры гадзiны, а потым у гатэлi пачалi шаптацца: "Нехта памёр… памёр у сто васемнаццатым нумары"; нiшто сабе гiсторыя, калi прыкладна а трэцяй дня тут паяўляецца крымiнальная палiцыя, а праз дзве гадзiны адсюль выносяць труп; нiшто сабе гiсторыя!

Фу, а гэта чыя такая пыса?! Шафа з аблiччам дыпламата, сто кiло жывой вагi, хада, нiбы ў ямнiка, i гарнiтур! Папахвае важнай асобай; ён трымаецца крыху ззаду, а дзве менш важныя асобы падыходзяць да прылаўка:

— Нумар, зарэзерваваны для пана М., калi ласка.

— Ах, зразумела: нумар дзвесце адзiнаццаць. Гуга, хадзем, завядзеш шаноўных паноў наверх.

I ўсе трое, тры цэнтнеры жывой вагi, спавiтыя ў ангельскае сукно, бясшумна паднялiся ў лiфце наверх.

— Ёхэн, Ёхэн, напрамiлы Бог, дзе ты быў аж да гэтай пары?

— Прабач, — адказаў Ёхэн, — ты ж ведаеш, што я амаль нiкуды i нiколi не пазнюся; асаблiва калi ведаю, што цябе чакаюць жонка i дзецi; але бачыш, калi справа датычыць галубоў, маё сэрца рвецца памiж абавязкамi сябра i абавязкамi заўзятага аматара галубоў; калi ўжо я выпусцiў у дарогу шэсць птушак, дык, натуральна, хачу, каб усе шэсць да мяне вярнулiся; але толькi пяць прыляцелi ў вызначаны час, a шосты вярнуўся толькi праз дзесяць хвiлiн, зусiм зняможаны; бедная iстота; ну, iдзi ўжо, калi хочаш яшчэ захапiць добрыя месцы глядзець феерверк, самая пара; ага, ужо бачу: левая апазiцыя ў блакiтным пакоi, правая апазiцыя ў жоўтым пакоi, рада нагляду за дзейнасцю Таварыства "Сас'етас" у чырвоным пакоi; яно ж вядома, канец тыдня; гэта куды менш цiкава, чым калi збiраюцца фiлатэлiсты альбо пiўныя магнаты; не бойся, з iмi ўжо неяк разбяруся, не буду занадта даваць волi сваiм пачуццям, хоць левай апазiцыi я з ахвотаю надаваў бы кухталёў, а правай апазiцыi i сябрам рады нагляду панапляваў бы ў закуску; ну, ты ж не хвалюйся: трымаць штандар фiрмы я буду высока; i тваiмi кандыдатамi ў самазабойцы таксама займуся; слухаю, шаноўная фраў, прыслаць Гугу а дзевятай гуляць у карты? Вядома ж, ён прыйдзе; ага, пан М. ужо тут? Гэты пан М. мне не падабаецца, хоць я яго яшчэ не бачыў; слухаю, шаноўны пане, шампанскае ў дзвесце адзiнаццаты i тры цыгары "Партагас Эмiнэнтэс"; пах цыгар дасць Вам магчымасць пазнаць iх! Божухна, а вунь iдзе ўвесь род Фэмеляў!

Дзяўчына, дзяўчына, што з табой зрабiлася! Калi я ўбачыў цябе першы раз пад час парада з нагоды кайзеравага вiзiту, маё сэрца забiлася iмклiвей, хоць я i ведаў, што гэткiя кветачкi не растуць дзеля такiх, як я; я прынёс чырвонае вiно ў нумар, дзе ты сядзела разам з татусем i мамуляю; дзетка, дзетка, хто б тады падумаў, што калi-небудзь ты зробiшся самай сапраўднай бабуляю з серабрыстымi валасамi, зусiм зморшчанай? Я б мог цябе адной рукою занесцi ў пакой i, далiбог, зрабiў бы гэта, калi б мне далi дазвол, але дазволу ў мяне няма, даражэнькая старая дзяўчына, а шкада, ты i сёння яшчэ прыгожая.

— Пане тайны радца, мы зарэзервавалi нумар 212 для Вас i Вашай шаноўнай жонкi… пардон, для Вашай шаноўнай жонкi i для Вас; багаж на вакзале? Hе? Што-небудзь прывезцi з Вашае кватэры? Таксама не трэба? Ах, толькi на дзве гадзiны, пакуль доўжыцца феерверк i парад "Саюза змагароў"? Вядома ж, у нумары будзе досыць месца шасцi асобам, вялiкi балкон, i, калi жадаеце, мы можам пасастаўляць разам ложкi. Hе трэба? Гуга, Гуга, завядзi шаноўных спадароў у нумар 212 i вазьмi з сабою картку вiн; маладых пана i паненак я правяду ў Ваш нумар сам; само сабою, пан доктар, бiльярдавы пакой зарэзерваваны для Вас i для пана Шрэлы; на гэты час я пашлю да Вас Гугу; напраўду, ён добры хлопец: палову дня вiсеў во на тэлефоне, накручваў ды накручваў Ваш нумар; мяркую, што ён ужо нiколi не забудзе анi Вашага нумара, анi нумара пансiяната «Мадэрн»; а чаму сёння ў "Саюза змагароў" парад? Дзень нараджэння якога-небудзь маршала — здаецца, героя Гузенвальда; мы зноў пачуем цудоўную песню: "Айчына, хiстаюцца ўсе твае апоры…"; ну, няхай сабе хiстаюцца, пане доктар. Што? Заўсёды хiсталiся? Калi б Вы мне дазволiлi выказаць мой асабiсты палiтычны погляд, я б сказаў: увага, калi апоры зноў пачнуць хiстацца; увага!