Выбрать главу

— Памалу, памалу, шаноўныя госцi! — выкрыкнуў касiр праз сваё акенца. З прычыны надзвычай вялiкага наплыву экскурсантаў мы вырашылi павялiчыць групы наведвання з дванаццацi да пятнаццацi чалавек; прашу яшчэ трох шаноўных гасцей з чаргi падысцi; шэсцьдзесят за ўваход, марка дваццаць за каталог.

Яны ўсё яшчэ iшлi ўздоўж чаргi, што выцягнулася каля сцяны i канчалася аж на рагу вулiцы; на Марыянiным твары ўсё яшчэ былi слёзы; яна адказала ўсмешкай Ёзэфу, якi моцна сцiснуў ёй локаць, другой усмешкаю яна падзякавала Рут за тое, што Ёзэфава сястра паклала ёй руку на плячо.

— Нам трэба спяшацца, — сказала Рут, — ужо без дзесяцi сёмая, i мы не павiнны прымушаць iх чакаць.

— Праз дзве хвiлiны мы будзем ужо на месцы, — адказаў Ёзэф, — … не спознiмся; але i тут мяне не абмiне гэты пах: вапна i муравальны раствор; мiж iншым, цi вядома вам, што за гэтае адкрыццё яны павiнны дзякаваць выключна бацькавай гарачай любовi да выбухаў? Калi падрывалi старую вежу-вартоўню, унiзе абрынулася нейкае скляпенне i была расчышчаная дарога да гэтай старызны; няхай жыве дынамiт… як, дарэчы, табе падабаецца наш новы дзядзька, Рут? Цi ў табе загаварыў голас крывi, калi ты ўбачыла яго?

— Hе, — адказала Рут, — голас крывi ўва мне не загаварыў; але ён здаецца мне добрым чалавекам; трохi сухаваты, трохi бездапаможны… Цi ён будзе жыць у нас?

— Падобна на тое, — адказаў Ёзэф, — цi будзем i мы там жыць, Марыяна?

— Ты хочаш пераехаць у горад?

— Ага, — адказаў Ёзэф. — Я хачу вывучаць статыку, каб потым працаваць у шаноўнай фiрме майго бацькi, хiба табе гэта не даспадобы?

Яны перайшлi цераз ажыўленую вулiцу i выйшлi на спакайнейшую; Марыяна затрымалася каля адной вiтрыны i, вызвалiўшыся ад рук Ёзэфа i Рут, пачала насоўкай выцiраць слёзы на твары; тым часам Рут прыгладзiла рукою валасы, абцягнула на сабе швэдар.

— Цi мы ўбраныя досыць святочна? — спыталася яна. — Я не хацела б пакрыўдзiць дзядулю.

— Вы ўбраныя зусiм па-святочнаму, — запэўнiў яе Ёзэф. — Як табе падабаецца мой план, Марыяна?

— Мне зусiм не ўсё адно, чым ты займаешся, — адказала яна, — вывучаць статыку — гэта, вядома, добра, вось толькi пытанне: якi ўжытак ты хочаш потым зрабiць з гэтай сваёй навукi?

— Будаваць або падрываць — дакладна яшчэ не ведаю, — сказаў Ёзэф.

— Дынамiт, напэўна, ужо занадта стары сродак, — сказала Рут, — вядома ж, ёсць куды навейшыя i лепшыя; цi ты памятаеш, як цешыўся бацька, калi яму яшчэ дазвалялi падрываць? Такi сур'ёзны ён зрабiўся толькi з тае пары, калi не стала чаго падрываць… што ты можаш сказаць пра яго, Марыяна? Цi падабаецца ён табе?

— Ага, — сказала Марыяна, — ён мне дужа падабаецца; я ўяўляла, што ён горшы, халаднейшы, i я амаль баялася яго, перш чым з iм пазнаёмiцца; але цяпер думаю, што боязi перад iм адчуваць якраз няма чаго; вы будзеце смяяцца, але ў яго прысутнасцi я адчуваю сябе ў бяспецы.

Ёзэф i Рут смяяцца не сталi; разам з Марыянай — яна iшла ўсярэдзiне рушылi далей; усе спынiлiся каля ўвахода ў Кронэраву кавярню; абедзве дзяўчыны яшчэ раз агледзелi сябе ў дзвярным шкле, абабiтым знутры зялёным ядвабам, яшчэ раз прыгладзiлi свае валасы, перш чым Ёзэф з усмешкай адчынiў дзверы.

— Божухна, — сказала Рут, — я так хачу есцi; напэўна, дзядуля замовiў нам што-небудзь самае лепшае.

Фраў Кронэр, падняўшы абедзве рукi, iшла да iх паўз пазасцiланыя зялёнымi абрусамi сталы, па зялёным ходнiку; яе серабрыстыя валасы крыху растрапалiся, на твары была напiсана бяда, вадзянiстыя вочы паблiсквалi вiльгаццю, голас дрыжаў ад непадробнага хвалявання.

— Значыць, вы яшчэ нiчога не ведаеце? — спытала яна.

— Hе, — адказаў Ёзэф, — а што такое?

— Мусiць, здарылася нешта жахлiвае: колькi хвiлiн таму Ваша бабуля па тэлефоне адмовiлася за ўсiх ад урачыстай вячэры; вас просяць зайсцi ў гатэль "Прынц Генрых", нумар 212. Я не толькi сур'ёзна занепакоеная, але i вельмi расчараваная, пане Фэмель; я сказала б нават — абражаная, калi б не думала, што на тое ёсць важкiя прычыны; для нашага сталага, на працягу пяцьдзесят аднаго года, клiента, мы, вядома, рыхтавалi неспадзяванку — сапраўдны твор мастацтва… я зараз Вам гэта пакажу; а што я маю сказаць газетчыкам i карэспандэнтам радыё, якiя павiнны з'явiцца тут недзе а дзевятай — пасля святкавання ў вузкiм сямейным коле?.. Што я скажу iм?

— Цi бабуля Вам выразна не растлумачыла прычыну?

— Нездароўе… не ведаю, цi трэба гэта разумець як… э-э-э… хранiчнае нездароўе Вашае бабулi?

— Мы яшчэ нiчога не ведаем, — адказаў Ёзэф. — Цi Вы б не былi так ласкавыя, каб пераслаць падарункi i кветкi нашаму дзядулю?

— Вядома ж, з ахвотаю; але цi не хацелi б Вы, прынамсi, пабачыць нашу неспадзяванку?

Марыяна цiхенька падштурхнула Ёзэфа, Рут заўсмiхалася, а Ёзэф сказаў:

— З вялiкай ахвотаю, фраў Кронэр.

— Я была яшчэ зусiм дзяўчынкай, чатырнаццаць год, калi Ваш дзядуля прыехаў у наш горад, i практыкавалася тут, у буфеце; пазней я навучылася падаваць на стол, i вы можаце сабе ўявiць, як часта мне даводзiлася накрываць яму пры снеданнi — як часта я забiрала з яго стала келiх для яек i падстаўляла яму мармелад, i, калi я нахiлялася, каб забраць сподак з-пад сыру, заўсёды зазiрала ў яго эскiзны альбомчык; Божачка мой, чалавек жа заўсёды бярэ нейкi ўдзел у жыццi сваiх клiентаў; не думайце, што мы, людзi iнтарэсу, пазбаўленыя ўсякiх пачуццяў; i што Вы думаеце, я забылася пра тое, як ваш дзядуля за адзiн вечар зрабiўся славуты, атрымаўшы вялiкi заказ; мажлiва, наведнiкi думаюць, што вось так iдуць у Кронэраву кавярню, замаўляюць сабе штосьцi, плацяць за гэта i сыходзяць, але не думайце, што iх лёс не пакiдае ў нас нiякага следу…

— Ну, пэўна ж, — сказаў Ёзэф.

— О, я ведаю, пра што Вы думаеце — няхай старая дасць нам святога спакою: але цi напраўду я патрабую шмат, просячы, каб вы ўбачылi маю збянтэжанасць i перадалi дзядулю, што я была б дужа ўсцешаная, калi б ён прыйшоў сюды паглядзець на ўсё? Фатаграфii ў газету ўжо зробленыя.

Яны павольна пайшлi ўслед за фраў Кронэр, па зялёным ходнiку, пасланым памiж накрытых зялёнымi абрусамi сталоў; спынiлiся, калi спынiлася гаспадыня кавярнi, а потым мiжвольна абступiлi з усiх бакоў вялiкi чатырохкутны стол, засланы палатном; пад палатном нейкi прадмет няправiльных памераў.

— Вельмi добра, — сказала фраў Кронэр, — што нас чацвёра; вазьмiце, калi ласка, кожны за рог палатна i, калi я скамандую «падымайма», акуратна падымайце яго ўгору.

Марыяна падпiхнула Рут да яшчэ не занятага левага рога палатна, кожны ўзяўся за свой рог, фраў Кронэр сказала: "Падымайма!", i яны паднялi палатно; абедзве дзяўчыны сышлiся, склалi свае рагi палатна, а фраў Кронэр беражлiва згарнула яго.

— О Божа! — ускрыкнула Марыяна. — Гэта ж дакладная копiя абацтва Святога Антонiя.

— Праўда? — спыталася фраў Кронэр. — Паглядзiце, нават пра мазаiку над галоўным уваходам мы не забылiся; a вось тут вiнаграднiкi.

Мадэль мела не толькi дакладныя прапорцыi абацтва, але i адпаведныя колеры: цёмны касцёл, светлы гаспадарчы будынак, чырвоны дах прытулку пiлiгрымаў, каляровыя вокны рэфекторыя.

— Усё гэта, — сказала фраў Кронэр, — зроблена не проста з цукру альбо з марцыпану, а з цеста: наш падарунак да дня нараджэння пана тайнага радцы; гэта самае лепшае пясочнае цеста. Як Вы мяркуеце, цi не змог бы Ваш дзядуля зайсцi сюды i агледзець гэты торт, перш чым мы завязём яго ў ягоны рабочы кабiнет?

— Напэўна, — адказаў Ёзэф, — ён зойдзе i агледзiць торт; дазвольце мне напачатку ад яго iмя падзякаваць Вам; павiнны быць сур'ёзныя прычыны, якiя змусiлi яго адмовiцца ад урачыстае вячэры, i Вы нас, канечне, зразумееце…

— Я добра разумею, што Вам пара iсцi… не, калi ласка, не трэба класцi палатно назад; тэлебачанне паведамiла, што прыедзе сюды.

— Я хацеў бы аднаго, — сказаў Ёзэф, калi яны iшлi па пляцы перад саборам Святога Севярына, — засмяяцца цi заплакаць, ды не здольны нi на тое, нi на тое.

— Я ведаю толькi, што хутчэй бы магла заплакаць, — сказала Рут, — але я гэта рабiць не буду. Што там за людзi? З якой нагоды ўвесь гэты вэрхал… што яны робяць там з паходнямi?