– Аляксей Мікалаевіч, абед стыне. Прашу... Дагаворыце пасьля...
Той ад нечаканкі запнуўся на паўслове, вытрымаў паўзу і нечакана па ягоным суровым, змрачнаватым твары праплыла добрая гарэзная ўсьмешачка, зьвярнуўся да прысутных:
– Што ж, зробім перапынак на абед! Нельга, каб прастыла... – Устаў і першы пайшоў за Зінай...
Нашая з Філіпчыкам, як цяпер сказалі б, прэзентацыя новых пасадаў і “прыём” мяне ў прафсаюз, натуральна, з прастаўкай і замочкай адбылася ў пятніцу пасьля работы ў бакавушцы, дзе абедалі загадчыкі аддзелаў і намесьнікі, маючы кожны сваё месца, і абслугоўваліся адразу ж, якая б чарга ні была ў агульнай зале. З гэтага дня і я атрымліваў тут сваё законнае месца...
Існавала завядзёнка зьбірацца сваёй кампаніяй, як правіла, напярэдадні Новага году, майскіх і кастрычніцкіх сьвятаў і, канешне ж, 23 лютага – у дзень Савецкай арміі і флоту, калі сьвята выпадала не на выхадныя. Ну і, натуральна, зрэдку з нагоды прыёму некага ў “прафсаюз” ці адзначкі чыйгосьці круглага альбо паўкруглага юбілею, калі таго хацеў юбіляр. Гэтыя зборкі збліжалі, спрошчвалі чалавечыя і службовыя стасункі. Можна было запроста зайсьці да любога загадчыка аддзелу і без усялякай цеганіны і ўзгадненьняў па-свойску вырашыць любое пытаньне. Ініцыятарам збораў часьцей за ўсё быў Піліп Пятровіч, які вельмі любіў і чарку ўзяць, і пагаманіць у кампаніі, альбо вясёлы, імпульсіўны, таварысцкі Васіль Сурмач, загадчык прамысловага аддзелу. Яны з Філіпчыкам былі родам з Мастоўскага раёну, дружылі сем’ямі, і неяк неўпрыкмет, бадай што адразу і мы з ім сталі добрымі прыяцелямі. А потым нашы службовыя лёсы пайшлі паралельна – амаль адначасова перабраліся ў Менск у ЦК, жылі ў дамах па суседстве, разам гаспадарнічалі ў Атоліна (загарадны цэкоўскі прафілакторый), і нас заўсёды збліжала, радніла гарадзенскае зямляцтва і абкамаўскае мінулае. З ЦК яго прызначылі нафта-газавым міністрам. А неўзабаве пачалося татальнае раскраданьне краіны. Сурмач быў чалавек старой закваскі – не дазваляў сабе і другім не даваў цягнуць, словам, замінаў, і неўзабаве з нечае падачы быў пасьпешліва прагнаны тымчасовым прэм’ерам Кебічам без прад’яўленьня нейкіх сур’ёзных прэтэнзіяў і прадастаўленьня яшчэ не ў пенсійным узросьце іншай работы. Васіль Васільевіч пачуваў сябе страшэнна абражаным, і калі пачалася першая дэмакратычная прэзідэнцкая кампанія, дзе прэтэндэнтам пад нумарам адзін, натуральна, ішоў Кебіч, Сурмач, дзе толькі мог і як толькі мог, агітаваў супраць яго, сьвяткаваў як сваю асабістую перамогу, калі той пацярпеў сакрушальную паразу ад малавядомага дырэктара саўгасу. Аднак і пасьля перамогі апанента Кебіча Васіль Васільевіч аказаўся незапатрабаваным – яму ня толькі ніхто не прапанаваў ніякай работы, яго дэманстратыўна, бесцырымонна, выкінулі з лечкамісіі, дзе ён меў пільную патрэбу ў пастаянным назіраньні ўрачоў. Такога бессаромства, абразы заслужаных людзей, былых членаў Ураду не дазваляла сабе ні адна ранейшая ўлада. Васіль Васільевіч перажываў выгнаньне з лечкамісіі мо нават больш балюча, чым беспадстаўнае звальненьне з міністэрскай пасады. Памёр ён раптоўна ў яшчэ адносна маладым веку і амаль што ў галечы. Пра ягоную сьмерць не палічыла патрэбным паведаміць ніводная ўрадавая газета... Але я ўжо надта забягаю наперад.
Хоць мы, тры намесьнікі, фармальна ўваходзілі ў склад загадчыцкага “прафсаюзу”, насамрэч роўнасьці, канешне, не было і быць не магло – для таго кожнаму з нас трэба было падняцца яшчэ на адну службовую прыступку. Роўнымі не маглі быць і загадчыкі, паколькі розную сацыяльную і палітычную вагу мелі сферы, якія яны курыравалі. І сярод нас траіх пранырлівы і хітры аргпартаддзелавец Станіслаў Андрыеўскі пастаянна намагаўся даць зразумець, падкрэсьліць, што ён першы сярод роўных. Мо таму шчырасьці, дружбы з ім не завязвалася ні ў мяне, ні ў аграрыя Аляксея Яновіча, з якім мы сышліся адразу ж. І, мусіць, ня толькі таму, што былі амаль аднагодкі і не задумваліся, хто з нас важнейшы. Мне вельмі імпанавала, што Аляксей жыва цікавіўся ўсім, што тычылася культуры, найперш – літаратуры, імкнуўся як мага больш уведаць, пазнаць дасканала, не саромеючыся пытацца пра самыя элементарныя рэчы, і хапаў усё на ляту. Раней ён кантактаваў з Грышкевічам, а зараз ледзь ці не штодня забягаў да мяне пагаманіць пра розныя навіны і праблемы літаратуры, культуры, гісторыі. Занятыя праблемамі сваіх сфераў кіраўнікі галіновых, дый і іншых аддзелаў мала, а то і зусім не цікавіліся перапетыямі сусьветнай палітыкі, прытрымліваючыся, мусіць, надзейнага старога прынцыпу: чым менш ведаеш – тым лепш сьпіцца. Толькі аграрнік Яновіч сістэматычна адсочваў міжнародныя і ўнутраныя падзеі, аналізаваў, выяўляў іхнія яўныя і тайныя спружыны, арыентаваўся ня горш за прафесійнага лектара-міжнародніка. Перад абедам ён забягаў да мяне, і мы разам, перадаючы адзін аднаму старонкі, чыталі сьвежую, толькі-толькі атрыманую па тэлетайпе інфармацыю ТАСС для службовага карыстаньня, частка якой зьявіцца вечарам у інфармацыйных выпусках тэлебачаньня і радыё, у заўтрашніх газетах, але шмат што не патрапіць у адкрытую прэсу. І яшчэ, звычайна, Аляксей перачытваў ад першай да апошняй старонкі ўзяты ў мяне аналітычны бюлетэнь АПН для службовага карыстаньня. Забясьпечваў яго я і радыёперахватам беларускай “Свабоды”, які на бланку Дзяржтэлерадыё БССР пад грыфам “Сакрэтна” прысылалі ў абкам партыі для арыенціроўкі і наладжваньня дзейснай контрпрапандысцкай дзейнасьці. З запісаў забугорных галасоў яго больш за ўсё цікавілі перадачы па гісторыі, а найперш – нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі. Праўда, тады ён і не заікнуўся, што паходзіць з роду Дварчанінаў...
Яновіч усё больш і больш выклікаў сімпатыю няўрымсьлівай дапытлівасьцю, настойлівым імкненьнем пашыраць і паглыбляць свой інтэлектуальны кругагляд, і ў мяне не было сумненьня, што ў Аляксеевай асобе неўзабаве будзем мець разумнага, усебакова дасьведчанага кіраўніка вельмі і вельмі высокага рангу. Неўзабаве гэта стала спраўджвацца – трыццацігадовага Яновіча паслалі ўзначаліць самы эканамічна моцны Карэліцкі раён, дзе на ўрадлівых глебах, як нідзе, расьлі Героі, ардэнаносцы высокай пробы і, натуральна, кіраўнікі высокага палёту. Адсюль, дарэчы, стартаваў на сваю высокую арбіту і Мікуловіч...
Пасьля пераезду ў Карэлічы, адкуль павінен быў адбыцца ягоны вялікі кар’ерны ўзлёт, сустракацца мы сталі рэдка, пераважна на розных нарадах і сходах. Аляксей намагаўся дэманстраваць, што ў нашых прыяцельскіх стасунках нічога не перамяніліся, але яму цяжка было хаваць, а мне не заўважыць, што на іх патыхнула халадком іншаўзроўневага “прафсаюзу”, выветрываючы астаткі шчырасьці і душэўнай цеплыні. Я ўжо збольшага ўведаў законы, правілы, звычкі наменклатурных калідораў, таму не было ў тым ні нечаканкі, ні нейкай крыўды альбо зларадства, хіба толькі зьдзіўленьне, што Аляксей гэтак хутка захварэў на патрыцыянства. Тым ня менш, забягаючы наперад, калі ў Маскве ў ВПШ сярод нашага беларускага зямляцтва заходзілі спрэчкі-гаворкі, хто з маладых разумных кадраў мае патэнцыял і рэальны шанц у бліжэйшай ці аддаленай персьпектыве зазьзяць на кіроўным небасхіле рэспублікі ў сонме зорак першай велічыні, я заўсёды сьцьвярджаў і даказваў, што сярод іх абавязкова будзе Яновіч, а мой калега Яўген Рабко, родам з Карэлічаў, катэгарычна не згаджаўся: для таго трэба быць асобай, а Яновіч – проста чыноўнік-служака сярэдняй рукі, а я надта забольшваю ягоныя якасьці. Спрачаліся мы да хрыпаты і, магчыма, абодва мелі рацыю: я ведаў Аляксея болей з параднага боку, Яўген – трохі з іншага...
Тым ня менш Аляксей зрабіў неблагую кар’еру, праўда, далёка не такую, якую яму прарочылі, дый, пэўна, сам спадзяваўся. Ягоным эпагеем і найвышэйшым узьлётам стала пасада старшыні аблвыканкаму ў эканамічна слабенькай Магілёўскай вобласьці, адкуль, выдатна разумеў, уехаць у стольны Менск на белым кані – персьпектыва прывідная. Куды больш рэальным быў пераможны ад’езд з Масквы, і ён даў згоду на ня надта прыкметную чыноўнічую пасаду ў першапрэстольнай. Спадзяваўся, пэўна, што там заўважаць, ацэняць, прасунуць на стартавыя пазіцыі. Ня ведаю, наколькі гэта дакладна, але кажуць, што ў Маскве ён зрабіў вялікую прамашку, адмовіўшыся ад высокай пасады ў адным з аддаленых рэгіёнаў Расіі, пасьля чаго на ягонай кар’еры быў пастаўлены крыж, і нічога не заставалася, як у рэшце рэшт вяртацца ў рэспубліку на вельмі і вельмі сьціплае месца начальніка ўпраўленьня саўміну, дзе і прасядзеў да пенсіі. Праўда, калі пайшла мода і ўшчаўся вялізны попыт на магілёўскія кадры, яму дазволілі вылучыцца ў дэпутаты і аднаму з нямногіх у парадку выключэньня сумяшчаць чыноўніцкую работу з дэпутацкай дзейнасьцю. Але ненадоўга...