Быкаў здагадваўся, мо нават дакладна ведаў, якія клопаты гоняць таго да начальства: Карпюковай няўрымсьлівай натурай завалодала чарговая вялікая ідэя – чаго б там ні каштавала, а зрабіць рамонт і рэстаўрацыю дому Элаізы Ажэшкі, дзе два пакоі, у тым ліку і знакамітую камінную залу пісьменьніцы займала аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў, а асноўныя плошчы – аддзел замежнай кнігі абласной бібліятэкі. Драўляны дом пад касьметычнай тынкоўкай быў у аварыйным стане, і Карпюк паставіў усіх на ногі, не даваў спакою, пачынаючы з мясцовых, канчаючы найвышэйшымі маскоўскімі інстанцыямі, каб захаваць гістарычную рэліквію. Быкаў, канешне ж, падтрымліваў гэтую сьвятую справу, дзе трэба ставіў свой подпіс, закідваў слоўца, але на магчымасьць яе рэалізацыі глядзеў даволі скептычна: хто гэта дасьць дэфіцытныя ліміты, падрады, будматэрыялы на нейкі домік нейкай Ажэшкі, калі іх нестае на вялікіх будоўлях камунізму, ня кажучы пра стратэгічныя ваенныя і такія ж важныя аб’екты па лініі грамадзянскай абароны. Але ён і на гэты раз недаацаніў арганізатарскай хваткі і прабіўных здольнасьцяў Карпюка. На дзіва справа з рэстаўрацыяй дому Ажэшкі зрушылася з месца – паехалі розныя камісіі, рабілі адназначную выснову: аб’ект з-за амаль поўнай струхнеласьці сьценаў аўтэнтычнай рэстаўрацыі не падлягае, уратаваць яго як гістарычную каштоўнасьць можна толькі, калі на ўмацаваным фундаменце ўзьвесьці ягоную цагляную копію, захаваўшы драўляныя элементы страхі, літыя рашоткі балкону, печкі і, канешне ж, камінную залу са старадаўнім люстэркам, а таксама іншыя элементы афармленьня інтэр’еру. Знайшліся праціўнікі гэтакай рэстаўрацыі, але Карпюк у сваёй рашучай наступальнай манеры асадзіў іх: дурні, з-за драўлянай аўтэнтычнасьці загубіце ўсё! Ён днямі прападаў на будоўлі, пры разборцы сачыў, каб ні адна прыдатная дэталька інтэр’еру не была пашкоджаная альбо прапала па недаглядзе, а потым, калі ўзводзілі сьцены, прыдзірліва назіраў за якасьцю кладкі, тыцкаючы ў кожную неахайнасьць. Асабіста магу засьведчыць, што будаўнікі і іхні прараб пабойваліся Карпюка больш, чым свайго высокага трэстаўскага начальства, ня кажучы пра ня надта дасьведчанае ў іхняй прафесійнай справе абкамаўскае ці аблвыканкамаўскае. Ён не даваў спакою нікому, ад каго хоць неяк залежала будоўля і рэстаўрацыя, спыніўся толькі, калі радасны, задаволены ўсяліўся на сваю абноўленую, але ранейшую да дробязяў палавіну, дзе нават ягоны экстравагантны лозунг “Усе мы выйшлі з народу, ці не пара вярнуцца назад?” вісеў на ранейшым месцы.
Першыя службовыя стасункі з Аляксеем Нічыпаравічам у нас адбыліся напярэдадні 100-годдзя Леніна, якое рыхтавалася і праводзілася з небывалым размахам. З падведамасных арганізацыяў запатрабавалі планы мерапрыемстваў па правядзеньні вялікага юбілею правадыра сусьветнага пралетарыяту, якія мелася зьвесьці ў адзіны абласны і зацьвердзіць сумеснай пастановай абкаму і аблвыканкаму, надаўшы яму абавязковую сілу закону. Натуральна, я пазваніў Карпюку і папрасіў на працягу тыдня скласьці, абмеркаваць і прадаставіць у абкам мерапрыемствы па лініі аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў. Ён справіўся не праз тыдзень, а ў наступны ж дзень прынёс чамусьці ня мне, а напрамую Ульяновічу надрукаваныя на машынцы мерапрыемствы з толькі аднаго пункту: “Правесьці ў вобласьці масавую кампанію пад дэвізам: а Ленін ня піў”. Сакратар абкаму ледзьве не паехаў са сьмеху:
– І гэта ўсяго?
– Астатняе самі панапісваеце, а да гэтага – не дадумаецеся! – пераможна глянуў Карпюк.
Пра ягоную бескампраміснасьць да алкаголю па сёньняшні дзень ходзяць легенды, дакладней – амаль што дакументальныя гісторыі, і амаль усе дзіўнаватыя, сьмешнаватыя, донкіхоцкія, у якія найчасьцей трапляюць вялікія мройнікі і максімалісты... Хоць бы ягонае памкненьне стварыць усесаюзнае таварыства цьвярозасьці, для чаго сьпецыяльна езьдзіў у Маскву да непітушчага генерала Гарбатава, пра што добра напісаў, а яшчэ лепш любіў расказваць Васіль Быкаў… Можна падумаць, што Карпюк змалку быў гэтакім зацятым антыалкаголікам. Ды не! У партызанах, франтавых акопах быць цьвярозьнікам цяжка, амаль немагчыма, і Карпюк, як і ўсе, рэгулярна браў свае наркамаўскія сто грамаў, а то і больш. Пералом адбыўся ў самым канцы вайны ў Берліне, калі нямецкі асколак з ашмоцьцем гімнасцёркі глыбока засеў у лёгкіх, і ваенурач пасьля аперацыі, відаць, для прафілактыкі ад наступстваў тых штодзённых наркамаўскіх ста грамаў, папярэдзіў: жыць будзеш толькі, калі кінеш піць, інакш – хана... Так што сам выбірай...
Аляксей Нічыпаравіч зрабіў ня толькі асабіста свой выбар, але з унікальнай энергіяй, напорыстасьцю і апантанасьцю пачаў ратаваць ад шклянога нячысьціка ўсіх – і сяброў-таварышаў, і ворагаў-непрыяцеляў, і знаёмцаў, і незнаёмцаў. Гэты шкляны д’ябал у абліччы зялёнага зьмія зрабіўся для яго найвялікшым і найагіднейшым ворагам Чалавека і чалавецтва, змагаўся з ім абсалютна шчыра і пераканана, з самымі найлепшымі памкненьнямі рабіць людзям дабро. Ён учыняў скандалы ўсім, хто на ягоную думку спойваў Быкава, – і ў Гродне, і ў Менску. Праўда, мяне не чапаў, хоць аднекуль уведваў, калі і дзе мы з Быкавым ці то ў кампаніі, ці то ўдвух бралі чарку. Наўрад ці ўважаў, што я хоць нейкае, але начальства, бо, наадварот, да начальства ў яго былі свае, куды больш строгія меркі ва ўсім, у выпіўцы ў тым ліку. Атрымаў індульгенцыю ў Карпюка, расказаўшы яму праўдзівую гісторыю, як у дзяцінстве дабраўся да гарэлкі і насмактаўся так, што напалоханыя маці і бацька, не даўмеўшыся пра прычыну нечаканай “падучай” хваробы, стрымгалоў памчалі на фурманцы да доктара ў суседнюю вёску. Той выказаў падазрэньне, рашуча адвергнутае маці і бацькам, і доктар даў выпіць нейкае лякарства, ад якога ўсю дарогу выварочвала вантробы, пасьля чаго больш ніколі ў жыцьці ня зьведваў жаданьня ні выпіць ні пахмяліцца. Карпюк прыняў гэта за чыстую манету і пачаў вінаваціць Быкава, што той спойвае мяне...
У барацьбе за цьвярозы лад усяго грамадства і кожнага паасобку, гарадзенскіх пісьменьнікаў, канешне ж, у першую чаргу, на ягоную думку, былі дапушчальнымі ўсе сродкі і метады – ад афіцыйнага звароту да адміністрацыяў, партыйных і прафсаюзных арганізацыяў да ня надта цырымоннага ўмяшальніцтва ў асабістыя і сямейныя справы. І гэтая адчайная барацьба іншы раз (калі не часьцей за ўсё) насіла камічна-анекдатычны характар. Карпюковыя антыалкагольныя выхадкі часам у сяго-таго выклікалі прыкрасьць і непаразуменьне, аднак усе ведалі ягоны характар, і ніхто ўсур’ёз ня крыўдзіўся, ня кажучы, каб затойваць нейкую злосьць і помсту. На Аляксея Нічыпаравіча проста немагчыма было злавацца ці крыўдзіцца, бо ва ўсім, у тым ліку ў сваёй зацятай барацьбе з п’янствам, ён быў гранічна шчыры, дзейнічаў бяз задніх думак, абсалютна перакананы, што робіць сьвятую, праведную справу. І каб закончыць легендарную карпюкоўскую антыалкагольную тэму, прыгадаю нашу гаворку з ім, калі ўсчалася небывалая па размаху ўсесаюзная гарбачоўска-лігачоўская антыалкагольная кампанія з высячэньнем вінаграднікаў, дэмантажом вінна-гарэлачных заводаў, абмежаваньнем продажу сьпіртнога, масавым стварэньнем таварыстваў цявярозасьці, пачынаючы ад ЦК КПСС і канчаючы нейкай задрыпанай вёсачкай.
– Ну што, Аляксей Нічыпаравіч, – кажу, – нарэшце, вашы ідэі прабілі сьцяну і завалодваюць масамі. На метр у зямлю глядзелі. Цяпер сам лёс наканаваў вам узначаліць калі не рэспубліканскае, то абласное таварыства...
– Хм... – у сваёй звычайнай манеры з пад ілба энергічна і выразна бліснуў вачыма Карпюк. – І ты думаеш, што я ў гэтае таварыства пайду?.. Дулю!..
– Чаму-у??! – шчыра зьдзівіўся я, падумаўшы, што хутчэй за ўсё гэта звычайная Карпюкова эстравагантнасьць.
– Ты думаеш, там зьбяруцца цьвярозьнікі?.. – скептычна махнуў рукой ён. – Чорта з два! Сыйдуцца п’яніцы, каму і ў галаву не прыходзіла кідаць піць. Будуць засядаць, пляжыць п’янства, прымаць пастановы і рэзалюцыі, а потым, схаваўшыся, замочваць свае антыалкагольныя рэзалюцыі. Усе гэтыя створаныя загадамі зьверху з пагалоўным ахопам таварыствы – прафанацыя і кампраментацыя. Удзельнічаць у гэтай камедыі я не зьбіраюся... І ў іхняе таварыства не ўступлю...
Толькі потым, калі насамрэч гэтае мёртванароджанае таварыства стала імкліва дэградаваць, як і сама антыалкагольная кампанія, у час якой наламалі гэтулькі дроў, зразумеў, што Карпюк як у ваду глядзеў...
Я ня ведаў большага няўрымсьліўца, лёгкага на пад’ём чалавека, непаседу, чым Аляксей Нічыпаравіч. Ён мог пазваніць жонцы, што ідзе на абед, а вечарам перазваніць: я ў Маскве ці Менску. Ня раз бачыў, як страшэнна нудзіцца Карпюк на розных нарадах, пасяджэньнях, сходах, высядзець якія больш за гадзіну было для яго неймавернай пакутай. Як і на розных гасьцяваньнях, у кампаніях. Можна толькі дзівіцца, як пры гэтакім характары ён мог змушаць сябе без пярэдыху на многія-многія гадзіны прыкоўвацца да пісьмовага стала, з ранку да вечару адным пальцам “дзяўбаць” на пішучай машынцы, тут жа бязбожна чыркаючы, перадрукоўваючы. Звычайна, ён вечна быў нечым заклапочаны, вечна некуды сьпяшаўся, як кажуць, быў на бягу, і ягоны характар цалкам адпавядаў ягонай таропкай энергічнай паходцы. Нават у семдзясят з ім цяжка было сысьціся маладым. Калі раптам пачаў зьяўляцца на людзях з доўгай кацубешкай, было ўвачавідкі, што яна спатрэбілася яму зусім не для помачы нагам, а каб падавацца арыгінальным ды часам па-дзіцячы гарэзьліва шаргануць ёю па нейкім плоце ці металічнай рашотцы. Ён і насамрэч ва ўсім быў арыгінал – каларытны, часам экстравагантны, дзівакаваты і, здаецца, яму падабалася падтрымліваць такое рэнамэ. Аляксей Нічыпаравіч ня тое што крыўдаваў ці абвяргаў розныя недарэчныя анекдатычныя гісторыі з ім кшталту ліста маршалу Жукаву, знаходкі і здачы ў ваенкамат карабінаў і г.д., якія любіў баяць пад настрой Быкаў, але і сам ахвотна расказваў іх, дапаўняючы яшчэ больш камічнымі дэталямі. Апавядальнік ён быў выдатны, з бліскучым пачуцьцём гумару і тонкім адчуваньнем камертону вуснай гаворкі, трапнага народнага слова. Мне здаецца, што гэта ў яго атрымлівалася значна лепш, чым на пісьме.