А тым часам праходзілі тыдні, месяцы, Карпюковая ж справа нібы завісла, ня рухалася з месца. Гэта магло азначаць: альбо органы працягваюць капаць ушыр і ўглыб, каб зусім закапаць Карпюка, альбо недзе ў высокіх сферах узважваюць палітычныя вынікі гэтай справы, альбо і насамрэч адбываецца нейкі цуд... Тады, як і пазьней, для мяне ўсё гэта было незразумелым, загадкавым, нават дзіўным. Толькі праз гады заслону на закулісьсе Карпюковай справы трохі прыадчыніў былы першы сакратар абкаму партыі Іван Фёдаравіч Мікуловіч... Аказваецца, і насамрэч тады на Карпюковую справу ўзьдзейнічалі і названыя вышэй фактары, і іншыя нябачныя падводныя плыні ў няпростых стасунках і інтарэсах моцных гэтага сьвету. І перш за ўсё – між Міцкевічам і Мікуловічам, старым і новым гаспадарамі вобласьці. Новы насуперак скепсісу старога энергічна правёў пад выглядам эксьперыменту рэарганізацыю сельгасвытворчасьці на аснове брыгаднага падраду, зрабіўшы стаўку на павышэньне матэрыяльнай зацікаўленасьці ў канчатковых выніках працы – і за год-паўтара вобласьць па ўсіх паказчыках стабільна замацавалася на першым месцы ў рэспубліцы, набірала і набірала рост. Вопыт гарадзенцаў загрымеў па ўсім Саюзе. Ва ўсіх сваіх выступленьнях, шматлікіх артыкулах Мікуловіч не прамінаў прыгадваць, што было раней і што стала цяпер, а Міцкевіч усё гэта ўспрымаў як злосныя выпады персанальна ў свой адрас, дзе толькі мог і як толькі мог рабіў падножкі “няўдзячнаму выскачку,” а той адплочваў адпаведным чынам. Іхнія інтарэсы і па Карпюковай справе разышліся дыяметральна: сакратар ЦК Міцкевіч хацеў правучыць, адпомсьціць непачціўцу, які ў Гродне папсаваў яму столькі крыві, а першы сакратар абкаму Мікуловіч менш за ўсё жадаў мець у сваёй прагрэсіўнай парафіі сумніўны палітычны працэс над вядомым пісьменьнікам з магчымым гучным міжнародным скандалам і непрадказальнымі вынікамі. Са сталінскіх часоў санкцыю-адмашку на такія справы давалі першыя партыйныя асобы абласьцей, рэспублік. Мікуловіч, калі да яго прыйшлі абласны пракурор і кіраўнік мясцовага КДБ па санкцыю на ўзбуджэньне крымінальнай справы і арышт Карпюка з папярэднім выключэньнем з партыі, згоды ня даў, вырашыў не пароць гарачку, выказаў пэўныя сумненьні, загадаўшы капнуць глыбей, знайсьці доказы правакатарскай і здрадніцкай дзейнасьці Карпюка ня толькі ў канцлагеры, але і ў бытнасьць камандзірам партызанскага атраду, у час службы ў Чырвонай арміі. Адшукаць, накапаць стала справай прафесійнага гонару чэкістаў і на пошук былі кінуты вялікія сілы. Калупаліся ў нямецкіх, польскіх, партызанскіх, архівах Савецкай арміі ў Падольску, з пэўнай накіраванасьцю апытвалі былых партызанаў, тысячы людзей на тэрыторыі дзеяньня Карпюковага партызанскага атраду – і ўсё безвынікова, ніводнай зачэпачкі... А тым часам узьніклі сумненьні іншага кшталту: ва ўладзе яшчэ заставаліся былыя партызаны на чале з Машэравым, роля партызанскага руху яўна перабольшвалася, ідэалізавалася і нехта выказаў думку: а ці ня ляжа чорнай плямай на ўвесь доблесны партызанскі рух і ягоных кіраўнікоў, як паставіцца Пётр Міронавіч, калі абнародаваць, што сярод здраднікаў і фашыстоўскіх паслугачоў былі ня толькі нейкія адкіды грамадства, а нават камандзіры партызанскіх атрадаў? Наколькі і каму ад гэтага будзе выгадна? Але і спусьціць на тармазах атрымалую розгалас справу – значыць, прызнаць паражэньне, кінуць цень на доблесных чэкістаў... Прыкінулі, што найлепшы варыянт – увогуле адлучыць Карпюка ад партызанкі, абвясьціць самазванцам, і закруцілася ўсё ў гэтым накірунку. З партызанскіх архіваў альбо зусім прыбралі, альбо схавалі далей зьвесткі пра атрад Карпюка, у справу падшылі напісаныя пад дыктоўку сьведчаньні былых партызанаў, нібыта яны ведаць ня ведаюць ні такога камандзіра, ні такога партызана. І канешне ж, вянцом усяго было сьведчаньне былога камбрыга Вайцяхоўскага, які пісьмова засьведчыў, што ў ягонай брыгадзе не было ні такога атраду, ні такога камандзіра. Калі гэта паказалі Карпюку – у таго аж вочы на лоб палезьлі, тут жа сабраўся і памчаўся на ленінградскі цягнік, дзе ў горадзе на Няве жыў былы камбрыг, з якім яны падтрымлівалі добрыя стасункі. “Даруй, Лёша, мяне змусілі, нагаварылі на цябе чорт ведае чаго, – прызнаўся той, ледзьве ўбачыўшы ў сябе дома былога баявога таварыша. – Але я хачу памерці сумленным чалавекам, і ўласнаручна засьведчу табе, што было і як было”... Ён тут жа ўсеўся за стол і напісаў і пра сьмелы гераічны атрад, і пра ягонага адчайнага камандзіра Карпюка...
Проста з вакзалу акрылены, узбуджаны Карпюк памчаў у гаркам партыі, пераможна працягнуў першаму сакратару ўласнаручна напісанае і заверанае натарыусам сьведчаньне былога камбрыга, а той і слухаць-бачыць не жадае: у нас ужо ёсьць дакумент, падпісаны Вайцяхоўскім...
Тады ні я, ні хто-небудзь, ні сам Карпюк ня ведалі, маглі толькі здагадвацца пра тыя супярэчлівыя закулісныя інтрыгі. Памятаю сваё поўнае недаўменьне, калі (быў яшчэ загадчык сектару друку) сакратар абкаму Ульяновіч загадаў тэрмінова на ягонай машыне ехаць у рэдакцыю на партыйны сход з разглядам персанальнай справа Карпюка, хоць яшчэ паўгадзіны назад рашылі не пасылаць прадстаўніка абкаму. Аляксандр Іосіфавіч строга наказаў, нічога не тлумачачы, ня ўмешвацца, не выступаць, ніякім чынам і не пры якіх абставінах не выказваць сваёй думкі і пазіцыі, устрымацца ад якіх бы там не было і каму б там ні было каментароў. Дадаў толькі, што справай Карпюка займаецца гаркам партыі, чыім органам таксама з’яўляецца абласная газета, а мая задача паглядзець, як усё будзе праходзіць і падрабязна праінфармаваць яго. З удзячнасьцю падумаў, што ён здымае і цяжар з маёй душы, і аберагае маю чалавечую рэпутацыю. Але навошта тады пасылаць? Праінфармаваць можа і рэдактар... Нешта за гэтым было, а што – не разумеў...
З Карпюком сутыкнуўся адразу ж у калідоры на першым паверсе. Ён нярвова хадзіў узад-уперад, заклапочана паглядваючы на дзьверы, падобна, чакаў некага. Моўчкі паручкаліся. Агледзеў сваім вострым позіркам з пад калматых брывоў, насьцярожана, недружалюбна запытаў:
– І ты прыйшоў мяне тапіць?
Не ўпаўнаважаны на большае, я сказаў толькі, што і ня думаю яго тапіць, падбадзёрвальна паціснуў яму руку вышэй локця і хуценька пайшоў на другі паверх, дзе на пляцоўцы перад залай пасяджэньняў ужо табуніліся, дымілі курцы, заклапочаныя, засяроджаныя. Дружна кінуліся да мяне, сьвідруючы запытальнымі позіркамі. Але што я мог сказаць маім нядаўнім сябрам-калегам!..
З інфармацыяй пра Карпюкову персанальную справу выступіў прадстаўнік гаркаму партыі, які нічога новага да таго, што ўжо ведала журналісцкая брація, не дадаў, прапанаваўшы выключыць Карпюка з партыі. Прапанову ўспрынялі моўчкі, ніхто нават не задаў ніякага пытаньня. Нешта спрабавалі ўдакладняць у Карпюка, які, апроч сапраўднасьці свайго подпісу ў невядомай яму ведамасьці, рашуча адрынаў усе высунутыя яму абвінавачаньні. Трэба сказаць, што гэта было ня з лепшых ягоных публічных выступленьняў, якія мне даводзілася чуць. Першымі ў абмеркаваньні выступілі два адстаўнікі, якія дамагліся стаяць на партуліку не ў домакіраўніцтве па месцы пражываньня, а ў рэдакцыі на той падставе, што сяды-тады друкавалі ў газеце патрыятычныя вершы да рэвалюцыйных сьвятаў, розных знамянальных датаў і падзеяў кшталту чарговых гістарычных партыйных зьездаў, пленумаў і г.д. Яны з належным пафасам дружна кляймілі “здрадніка і фашыстоўскага паслугача, які падманным шляхам пранік у рады ленінскай партыі”, патрабавалі выключэньня і адданьня пад суд. Аднак нехта спакойна і разважліва падаў кампрамісную прапанову: паколькі ў справе многа няяснага, то да поўнага высьвятленьня абмежавацца вымовай з занясеньнем ва ўліковую картку. Яму тут жа запярэчылі: а чаму з занясеньнем? А калі не пацьвердзіцца, то што тады? Дастаткова абмежавацца вымовай. Павісла насьцярожанае маўчаньне. Як ні ўгаворваў загадчык сельгасаддзелу Уладзімір Толкач, які вёў сход, браць слова, ніхто выступаць не хацеў, прапанавалі падвесьці рысу і галасаваць. Як гэта заведзена, у канцы для падвядзеньня вынікаў і дырэктыўных указаньняў старшынствуючы прадставіў слова мне, прадстаўніку абкаму партыі. Мая катэгарычная адмова выступаць, як потым казалі, была ўспрынятая і як акт самаспаленьня, і як празрысты намёк... За выключэньне паднялі рукі, наколькі памятаю, усяго пяць чалавек – у асноўным адстаўнікі і ветэраны. Узьніклі спрэчкі: вымова строгая ці звычайная, з занясеньнем ці без занясеньня, абмежавацца заўвагай альбо проста абмеркаваньнем? Аднак усе разумелі, што яўным пераборам можна нашкодзіць і Карпюку, і самім сабе, дружна прагаласавалі за строгую вымову без занясеньня, якую можна, калі ўсё праясьніцца, зьняць без усялякіх наступстваў. Задаволеныя прынятым рашэньнем тут жа пераключыліся на абмеркаваньне нейкага іншага пытаньня, а я хуценька зьнік, каб далажыць, як усё было, Ульяновічу. Уважліва выслухаўшы мяне, ён зусім не засмуціўся...