— Васька, глядзі, ад твайго клінка не адна фашысцкая галава зляціць. Добра даглядай каня, — раіць, стоячы каля Ваські, яго дзед Максім і пацягвае за падсмажаны тытуном вус. Лоб яго у зморшчынах і яму трэба задзіраць галаву, калі ён хоча глядзець у твар Ваську.
— Мы тут управімся і без цябе. А ты моцна трымай вінтоўку,— кажа дзед далей.
У Ізэта няма радні такое ўжо кроўнае, затое ад комсамольцаў няма адбою. Усякі хоча сказаць, параіць, паабяцаць. Адчуваючы, што хутка прыдзецца ад‘язджаць, Ізэт накіраваўся нібы к кабіне аўтобуса, ды зайшоў на другі бок дарогі і нясмела ўзяў за руку Іру.
— Аб чым думаеш, Ірка?
Яна пазірала за хутар у далёкую сінь стэпавай раўніны вялікімі чорнымі вачыма. Валасы смоллю выбіваліся з-пад зялёнае сетачкі і падалі, уючыся, на белую блузку. Яна глянула на Ізэта і ўздыхнуўшы адказала:
— Чаму я не магу паехаць так, як ты? А ўсё таму, што дзяўчына...
— Толькі і бяды.
Яна нахілілася да яго і вырваліся словы з самага сэрца, такія цёплыя, блізка-родныя:
— Мой каханы, глядзі. Будзь сталінскім казаком...
Нешта комам засела ў горле Ізэта і ён хрыплавата, коратка адказаў:
— Добра...
— На другое лета я прыеду да цябе, тады ўбачу...
Яна хвалявалася. Пад белай блузкай часта ўздымаліся грудзі.
Хлопцы садзіліся ў аўтобус. Ізэт нерашуча абняў Іру і пацалаваў у гарачыя губы.
— Прыедзь, глядзі...
Аўтобус плаўна ўзяў з месца. Стаяўшыя махалі хто чым: шапкамі, хусткамі. Так развіталіся яны. Назад ляцела знаёмая дарога. Ізэт пазіраў на шырокі Дон і зялёную сенажаць па той бок ракі.
... Ізэт устаў і прайшоўся па пакоі. Праўда ён невысокага росту, але плячысты. Каўнер рубашкі туга абцягвае яго загарэлы карак і з-пад каўняра выглядае белая палоска баціста. Ён пазірае ў вакно на аснежаныя палеткі. Чорныя шырокія бровы густа навісаюць над не меней чорнымі, такімі добрымі вачыма. Калі гляне ён на каго, дык здаецца, што ты з ім даўно ўжо быў знаёмы, амаль што не сябраваў, а гэта вось праз колькі часу зноў сустрэўся.
Hoc тонкі, з гарбінкай і некалькі прыжмураны пагляд. Адна толькі загана ў яго на твары засталася, гэта з малых год. Ён на вуліцы перасыпаў пясок і не ўчуў нават, як яго ледзь не пераехаў воз. Усё абышлося тым, што ён выкуліўся з-пад воза з разарванай верхняй губою. Неяк так зачапіла бярозавай затычкай ад кола і цяпер у яго на губе ад носа к краю рота цягнуўся белаваты шрам. Яшчэ з хвіліну пастаяў ён каля вакна і хацеў ісці, як зайшоў камандзір аддзялення.
— Як справы?
— Толькі што вярнуўся...
— Чаму не адпачываеш?
— Не утаміўся...
Камандзір аддзялення памаўчаў, зірнуў на Ізэта яшчэ раз і запытаў:
— Падрыхтаваўся несці сталінскую вахту?
— Усё перадумаў, абмеркаваў і магу сказаць — гатоў.
— Тады ідзі адпачывай.
— Можна...
Ізэт знік. Да вечара заставалася нямнога. Час прайшоў як бачыш. На заставе ўжо даўно адчуваўся ўздым. Лепшыя байцы рыхтаваліся несці вахту, а хто змяняўся і не быў у нарадзе з нецярплівасцю чакалі хутчэй пачуць словы роднага Сталіна.
Камандзір аддзялення зайшоў у радыё-пакой, паслухаў апошнія паведамленні і засеў каля вакна з палітруком.
— Хто з твайго аддзялення ідзе сёння?
Ён налічыў траіх.
Апошнім назваў Ізэта.
— Вельмі ўжо важны баец. Без заганы. Даўно сам рвецца. Ды што можа быць больш ганаровае, як несці вахту ў такі радасны час, калі там сабраліся лепшыя сыны радзімы прымаць Сталінскую Канстытуцыю. Шкода, што я толькі ўчора змяніўся.
— Гэта так. Але і астатнія... сам разумеет...
Палітрук вышаў. Камандзір аддзялення зайшоў у дзяжурнае памяшканне. Дзяжурны лейтэнант голасна гаварыў у тэлефон:
— Таварыш начальнік, усё гатова.
І паправіўшы сумку працівагаза, палажыў трубку на стол. У памяшканне зайшоў каравульны начальнік.
— Развод гатоў.
Пакуль праходзіў інструктаж, Ізэт стаяў і ўзіраўся ў малажавы твар начальніка заставы. Ён кракнуў і закончыў апрос байцоў. Прайшоў па ўтаптанаму снягу двара і паўтарыў яшчэ раз.
— Сёння дзень незвычайны. Пільнасць і пільнасць, як ніколі.
Пасля развадзяшчы пайшоў са зменамі на развод. Паціху ішла змена. Ізэт быў трэцім. Вышлі праз поле да лесу, а там прагалінай к мяжы. Хрумстаў з снегам леташні ліст. Яшчэ колькі загонаў і яны спыніліся. Там уперадзе спынілі, але пароль дазволіў развадзяшчаму ісці далей. Праз некалькі хвілін змяніліся. Ізэт прысеў ля куста і ўзіраўся туды, на захад. Адразу перад ім адкрылася белая лагчына засыпанага снегам возера, якое цягнулася за мяжу. Лявей яго ў абходзе размясціліся яшчэ двое. Ізэт старшы. Гэты край возера ўпіраўся ў высозны бераг, на якім чарнеў лес. Ізэту з вышыні відаць было далёка, хоць і старанна зацягнуў вечар сіняву. Ён у белым халаце прысеў на снег і прыслухаўся. Вецер закручваў на круцізне берага і свістаў у голым галлі арэшніка працягла, аднастайна. Ізэту не хацелася ні аб чым думаць. Ён пільна пазіраў у белы прастор, ці не пакажацца дзе-небудзь чорная кропка. Вуха лавіла тонкія шолахі. Нават чуваць было, як ледзь-ледзь шуршэў-перасыпаўся снег ад ветру. К поўначы, а мо і пазней пачаў цярушыць сняжок. Нячутна слаўся ён белым пухам і прастор стаў зацягвацца цмянай пеляною. Бачнасць зменшылася. Ізэт устаў і прайшоў паўз кусты. Потым вярнуўся назад. Снег стаў падаць гусцей. Ужо зніклі кусты на тым беразе возера і стала зусім цёмна. Вецер мацнеў. Кругом круціла снегам, як у гаршку.