Янка Брыль
БЛАКІТНЫ ЗНІЧ
Лірычнае
Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Блакітны Зніч. Лірычнае, — Мінск: Про Хрысто, 2004. — 92 с. (Бібліятэка часопіса «Наша вера»)
Рэдактар: К. Лялько
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
ЦІ-ШЫ-НЯ
Каторую ўжо раніцу з крутога павароту дарогі бачу вялікі барвяны шчыт нізкага сонца — праз рэдка-лісцяную крону старое ліпы. Летась асірацелай, калі буран абярнуў з яе таксама старую, грувасткую ад бясконцых вясновых рамонтаў буслянку. I не пустую, а з нялётнай моладдзю, якую мы, суседзі, дружна шкадавалі, асабліва дзеці.
Калі мне трапляе на вочы штотыднёвая «таўсцюшка» модна легкадумнай ды развязнай «Комсомольской правды», я ў ёй адразу шукаю пад канец старонак абавязковы прыродазнаўчы нарыс Васіля Пяскова. Ён многа ведае i тонка, чыста адчувае.
Сёння ў яго пра кулікоў.
А мне не проста цікава, — я жыва ўспамінаю неверагодна далёкую раннюю восень трыццаць восьмага года. Сонечную, калі касілі атаву. Людзей паблізу мяне не было, я адзін убачыў як на зацішны брод нашай рыбнай Вушы чародкай аселі кулікі. Перада мною быў крутаваты ўзмежак, i я, прылёгшы, поўз на вышэйшае, каб убачыць тых кулікоў бліжэй.
Радасць ледзь не дзіцячай цікаўнасці. Хоць на душы ў мяне толькі што былі туга i страх. Па дэтэктарным радыёпрыёмнічку пачуў дома ўранні, што ў палякаў з чэхаславакамі, мусіць, дойдзе ўсё-такі да найгоршага. Словы такія: Заользе, канфлікт, ультыматум... А за імі такое простае, жахлівае — вайна!.. Мне пайшоў з лета дваццаць другі, вясною адбыў прызыўную камісію. Яшчэ адно страшнае слова: мабілізацыя... А я ж так мірна настроены маладою душой, любасцю да жыцця, антываеннымі кнігамі, я ж у такім жахлівым тупіку!..
На той час найстрашнейшае адклалася.
Я неўзабаве напісаў апавяданне «Кулікі». У вайну яно прапала. I часта, даволі часта ціха, радасна ўспамінаецца. Але ж няма як праверыць, ці й сапраўды яно было добра напісана.
На стале маім — прачытаныя за апошнія дні «Скарыніч», «Куфэрак Віленшчыны», «Annus Albaruthenicus 2002». Для Беларусі стараюцца: у Маскве Аляксей Каўка, у Маладзечне Міхась Казлоўскі, у беластоцкіх Крынках Сакрат Яновіч. I гэта ж не ўсё, чым жыве, абараняецца наша роднае слова, ёсць i будуць яшчэ сумленна-чыстыя, няхай сабе i рэдкія выхадам, i малыя тыражамі выданні, у якіх, па вялікім рахунку, ёсць што пачытаць, чым паганарыцца, падмацаваць душу.
Суседава, цераз вуліцу, дачка, хросніца майго бацькі, адна з трох цётак славутага брусельскага мастака-рэстаўратара Міхася Саўкі-Міхальскага, — Саўчына Віліта. Дзеўка няскладна рослая, няўдалая, замуж пайшла — абы выйсці, дый сямейнікі — стары, удовы бацька, гаспадарлівы браг i драпежная братавуха, — спяшаліся яе пазбыцца. Выйшла ў блізка суседнюю вёску, за Парашчынага Івана, таксама няўдаліцу, але нярослага, трапяткога. Яны абое з маткай былі вельмі працавітыя i скупыя. Разліюць малыя, калі яны з'явіліся, малако на стале, дык бацька, ужо й вусаты, схлебча яго, каб дарма не прападала. Біў ён Віліту часцей не адзін, а з мамай. Выбіраў момант, калi яго «дэрба» стаяла каля лавы: ускокваў курдупель на лаву — ды зверху, нібы каршун. Маці-свякроў шчыкалася ды штурхалася знізу.
Я сваю «Марылю» пісаў у асноўным з Горавай Мані, з якою ў маленстве сябраваў у школу разам хадзілі. Дзеўкай яна была i мілавідная, i з пашкоджанай у маёнтку рукою. Але замуж я выдаваў яе прыдумана, няўдаліцу жаніха пісаў з іншага Івана, a ўжо білі яе, як у Парашчыных, сын з мамай. У першым маім зборніку «Апавяданні» было так: «Як толькі пажаніліся, без таты i набіць яе не мог, пакуль не навучыўся». A ўжо далей — правяраю па двухтомніку 1960-га, — тата быў выкраслены, не памятаю, чаму. I мамай не замяніў яго, як у Парашчыных было, таксама не памятаю, чаму.
A днямі тое касмічна даўняе, пустыннае ўспомніў чамусьці ў тым ідыёцкім варыянце, як яно было, пра што ў абедзвюх вёсках гаварылася. I стала мне па-старэчы, па-бацькоўску востра шкада тую няўдаліцу Віліту, нават i плач яе нібы пачуў у спалучэнні дарослага з дзіцячым...
Можна, відаць, i так: хвараблівая жаласць. Калі тое было, а ты...
Але ж яно само прыйшло!..
Цяжка чытаю «Розу Мира» Данііла Андрэева.
Над нагрувашчаннем прамудрых разваг i тлумачэнняў скрозь ix i за імі раптам убачыліся першыя хрысціяне ў рымскім цырку, перад тым найстрашнейшым момантам, калі на арэну, дзе застылі ў жаху ахвяры, вырвуцца галодныя ільвы.
Сярод ахвяраў — дзеці. Як жа ім іхнія бацькі, маці, дзяды i бабулі, у душах, у свядомасці якіх ёсць тое, за што звяры будуць ix разрываць, як усе тыя блізка-дарослыя скажуць дзецям, святым у сваім няведанні, за што ім гэты жах звышпакутлівай смерці?