Святкуецца дзевяностагодцзе кампазітара Анатоля Багатырова. Успамінаю, як добра гаварыў мне пра яго Рыгор Раманавіч Шырма. Відаць, ад яго я пачуў i такое. Калі Анатоль Васільевіч быў рэктарам кансерваторыі, яго аднойчы запрасілі ў ЦК партыі, дзе было аўтарытэтна сказана, што ўсё ў ix на працы, можна сказаць, i няблага, ды вось няма пакуль што партарганізацыі... А той у адказ, яшчэ па сваёй беспартыйнасці:
— И хорошо! Склок меньше.
Яшчэ адно дастойнае імя — Іосіф Жыновіч. На пачатку «перабудовы», пасля смерці славутага цымбаліста, у «Літаратуры i мастацтве» быў надрукаваны артыкул пра яго з новымі «падрабязнасцямі» жыццяпісу — сын кулака, тры гады ссылкі i не Жыдовіч, a ca страху Жыновіч. Такое гладка забельвалася ва ўсім напісаным пра яго. I нідзе, наколькі ведаю, не запісана, як у пачатку сорак дзевятага года, калі ішлападрыхтоўкададэкады беларускай літаратуры i мастацтва «в столице нашей великой родины», сакратар ЦК КПБ па прапагандзе, прысланы з Масквы філосаф Іаўчук (сястра якога, казалі, у Маладзечне была сабе проста Ёўчык), не ўключыў у мастацкую частку дэкады аркестр цымбалістаў пад кіраўніцтвам Жыновіча. Калі той з'явіўся з пратэстам, філосаф-марксіст сказаў:
— Ну что там ваши цим-ба-лы!..
Тады наш каржакавата-рухавы, буйна-чупрыністы маэстра ўстаў
— Товарищ Иовчук! Я пережил пять секретарей, вы — шестой!..
I пайшоў.
Так — у той час. У абодвух згаданых выпадках.
Як доўга я не чуў не бачыў мора!..
Ды вось жа, нібы сёння, бачыцца юрмальскі зімовы пляж, уранні зусім нешматлюдны.
На доўгім, пустым адрэзку яго насустрач мне ідзе жанчына. Выразна не курортніца, мясцовая, з гаспадарчаю сумкай, відаць, кудысьці на працу. Час ад часу яна спыняецца, дастае з сумкі кавалкі ды кавалачкі хлеба i шпурляе яго мітуслівым, галаганістым чайкам.
Падумалася, што i яна калісьці была малою дзяўчынкай, i ў ёй вось абуджаецца тая далёкая ўцеха.
Паміж чайкамі моўчкі ўзлятаюць i асядаюць дзве вароны, таксама ж з правам на жыццё.
Калі мы размінуліся з жанчынай, чайкі падаліся за ёю, а дзве вароны засталіся каля мяне, прывычна не баючыся. У дзюбе адной з ix была белая скарынка, завялікая, каб глынуць адразу, i кума раздумвала, то крыху стоячы, то ступаючы па краёчку водмелі, дзе тут ды як расправіцца ca спажывай. Другая, меншая, выразна маладзейшая, аціралася пры ёй, наіўна спадзеючыся на пэўную долю ад удачы.
На пясчаны, матава-шэры, злёгку прыснежаны пясок няспынна, ленна накочваліся зусім прыземленыя хвалечкі. А вароны як быццам упершыню ўбачыліся мне прыгожымі ў сваёй чарнаце, ад дзюбы да хваста, з попельна-шэрымі, удала выкраенымі ды ўштукаванымі плямамі. Можа, таму i прыгожымі, што ў надморскай ціхай яснасці — ад нас да далёкага-далёкага небакраю...
Гэта ўжо не ўспамін, а сённяшняе.
На ранішняй праходцы зрабіў круг, каб зайсці ў гастраном «Юбілейны» па хлеб, малако, тварог. Вугал вуліцаў Мельнікайтэ i Заслаўскай, паваротка да помніка «Яма». На тратуары каля павароткі — незнаемы чалавек, ужо немалады, без шапкі, з цяжкай дарожнай сумкай-чамаданам.
— Отец,- пачаў ён як быццам на прывітанне.- Я там был. Что это?
Калі я расказаў чалавеку, што ў гады акупацыі фашысты i тут знішчалі жыдоў, ён паставіў свой груз каля ног i спаважна, з дакладна поўным размахам ад плечука да плечука, тройчы перахрысціўся шчопцямі, шэпчучы словы малітвы...
Звычайна, калі я зрэдку іду ў гастраном, дык па гадзінніку мяркую, колькі мінут можнаяшчэ каля помніка-ямы перадыхнуць, бо гэта лепш, чым з маімі нагамі, хоць i падпёршыся кійком, стаяць да роўна васьмі на ганку, перад зачыненымі дзвярмі. Таму i цяпер я прывычна збочыў да нізкай, цёмна-чырвонай бетоннай дэкаратыўнай абгароджы ўрачыста-сцішнага кратара i з палёгкай прысеў.
Ідучы сюды, я не азіраўся на чалавека, пакінутага на тратуары, па старэчай глухаватасці не чуў яго хады за мною, а ён амаль што разам падышоў i стаў перад спускам уніз, побач з прыцьмяна-бронзавым грэбенем сімвалічна намечаных скульптураў якія нібыта цеснай чаргою стаяць, нібыта зверху сыходзяць уніз — на пагібель...
Тут бы мне i спытацца: хто ён, адкуль ды куды, a ў мяне, як бывала часамі падобнае, зноў нечага не хапіла — цікавасці або патрэбы?.. Ну i ў яго таксама. Мы проста сутыкнуліся роздумам пра адно, ён моўчкі пастаяў, я пасядзеў i моўчкі разышліся, панёсшы ў памяці кожны сваё...
Над саснова-бярозавым лесам наўзгорках, над неаглядным шматлюддзем помнікаў у шырокай, з лагодным спадам даліне далекаватых прыгарадных могілкаў ужо не ёй спявае сонечны, з белымі хмаркамі вераснёвы блакіт...