Апошняе месца на роднай зямлі я аплаціў на дваіх рублямі, загадзя сабранымі з дзвюх ветэранскіх пенсіяў ды з маіх, жабрацкіх сёння, літаратурных заробкаў так увайшоўшы ў незалежна-свабодны спакой на душы ад таго, што вось i ведаю, куды i да каго пайду. A ўжо калі ды як — нікому ж такога ведаць не дадзена...
Нашыя дачка i ўнучка знялі з яшчэ лёгкай пясчанай магілкі прывялыя за тыдзень пахавальныя хрызантэмы, замянілі ix прывезенымі з наднёманскага лецішча свежымі астрамі, якія да свайго інсульту садзіла нястомна руплівая мама-бабуля, відаць, i блізка не падумаўшы, што гэта ж яны — для самое сябе...
Сакавік — верасень 2003.
НАШЫ РАЗЛУКІ
Пісьмо чамусьці без даты. Трэба прыблізна так:
Пачатак лістапада 1944-га, Мінск.
Дарагая Ніначка!
Гэтыя некалькі дзён, відаць, здаліся Табе залішне доўгімі...
Міша [1] накіраваны на працу ў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Праходзіць выпрабавальны месяц. Забяспечаны ён нядрэнна: «літарныя» картачкі, аклад 750 рублёў, на тыдзень чатыры рабочыя дні, а два творчыя, калі працаваць будзе за ганарар, па дагавору. Калі вытрымае выпрабавальны тэрмін (а вытрымае ён, вядома ж, выдатна), абяцаюць нават пакой у будынку самога музея. Жыць будзем з ім удвух. Цяпер жывем у гасцініцы...
Япакуль што валэндаюся без працы. Браты-пісьменнікі раз'ехаліся ваўсе канцы i «вернуцца праз тыднік». Нікога не застаў у рэдакцыі, так мне сказалі ў Саюзе пісьменнікаў. Чакаю. Трохі працую, наколькі гэтамагчыма ваўмовах гасцініцы.
Вось i ўсё пра знешняе жыццё.
А так — сумую па Табе i думаю заўсёды. Цяжка, нават i крыўдна, што мы з Табою ў наш найдаражэйшы часразлучаны лесам. Стрымліваю сябе думкамі пра тое, колькі людзей ды лёсаў разлучана цяпер у імя найважнейшага... Супакойваюся з надзеяй на тое, што я ўсё-такі дамагуся таго, каб мы найхутчэй былі разам. Пішы, Ніначка, многа i шчыра. Ты ў мяне такая пакрыўджаная заўсёды, нават i скрытная. Перастань быць такою хаця б у пісьмах. Моцна цалую Цябе. Ваня.
Мір, 21.ХІ.44.
Дарагі Ваня!
Дзякуй за Тваё пісьмо, якое мяне абрадавала, а то я ўжо была зусім адчаялася атрымаць ад Цябе вестку... Праўда, гэтыя тыдні здаліся мне бясконцымі, i наколькі раней здавалася, што я ўжо ўмею трымаць сябе ў руках, то цяпер было так, што зусімразгубілася, нават сорамна было перад Марусяй [2]. Яна гаварыла, што напіша Табе пра гэта. Але такое было адразу пасля Твайго ад'езду, а цяпер я ўжо ўвайшла ў каляіну, прыдумваю ўсякія заняты, каб як-небудзь забіць усе трывогі і хваляванні. Як бы там ні было, a ўсе думкі i мары заўсёды міжволі ў Мінску. Самыя светлыя гадзіны — вячэрніямары пра Твае поспехі і, разумеецца, пра Цябе самога. Толькі я ў сваіх марах апынулася залішне далека. У мяне «Жывое i гніль» [3] ужо даўно ў рэдакцыі... Ты пішаш, што вечарамі працуеш. Відаць, што-небудзь новае, a калі так, то напішы, бо гэта ж i для мяне найважней. А як у Цябе са зборнікам дзіцячых апавяданняў ?..
У нас усё па-ранейшаму. Адносіны ў школе вельмі добрыя, я нават не чакала такога, калі наступала на працу. Наладжваем літаратурныя вечары, читаем. Цяпер па нашай, маладых, ініцыятыве, рыхтуем сіламі настаўнікаў пастаноўку — «Юбілей» Чэхава. Набліжаецца свята Сталінскай канстытуцыі, i нас нагрузілі палітмасавай работай, так што жыццё перапоўненае... Ды гэта ж усё не галоўнае, калі няма асноўнага. Тут я згодна з Марусяй — яна гаворыць, што ў яе i жыццярадаснасць, i каханне ідуць разам, яна толькі тады можа быць ідэальнай работніцай, вясёлай i энергічнай, калі яе сонца — пры ёй. А я, як ні сорамна, я ўсё сумую. Не пісала б пра гэта, але Маруся дала слова, што напіша Табе, як я тут памерла з тугі ды жалю. Дык лепш уэюо я сама пра сябе напішу. Цяпер гэта ўсёмгнула, я зноў гляджу ў будучыню ясна. У імя той мэты, да якой Ты ідзеш, усё іншае траціць сваё значэнне. Я веру, што Ты даможашся таго, што Табе належыцца, — гэта для мяне найважней. A іншаеўсё, я думаю, складзецца так, што выпадзе трохі шчасця i на нашу долю.
Пішы пра ўсё: над чым працуеш, якія планы ў Цябе i якія поспехі. Чакаю, бо гэта ж — i мае жыццё.
Моцна цалую, забываючыся пра адлегласць. Ніна.
Міша!
Я вельмі рада за Цябе, думаю, што большага Табе пакуль што i пажадаць няма чаго. Чакаю вынікаў выпрабавання.
4. ХІІ.44.