Дарагая Ніначка!
Пісьмо Тваё чыталі i я, i Міша, кожны радуючыся па-свойму. Разумею Твой неспакой у доўгім чаканні. Я хоць i не такі, як Ты... мая плакса, аўсёж... Словам, давай улічьш i тую акалічнасць, што пошту цяпер возяць на валах, i будзем менш наракаць...
У нас ніяк не наладжваецца справа з якім-небудзь пакоем, не кажучы ўжо пра такую раскошу, як кватэра. Жывем яшчэ ўсё ў гасцініцы, а гэта i дорага, i няўтульна. Ды дадзена яна нам у ЦК на месяц, як i талоны ў іхнюю сталоўку. Міша, між намі гаворачы, ужо пахныквае пра сям'ю. Але гэта пройдзе. З грашыма пакуль што не надта крута. Умяне па «Раздавім фашысцкую гадзіну» за месяц выйшла 1500 рублёў, зарплата літработніка i першы ганарар, за тое, што пасылаў з Міра. З Новага года выдавецкія справы, кажуць, разгорнуцца шырэй, трэба думаць, што i грошы будуць. Аднак, зноў жа між намі, як бы мне ні хацелася, каб Тыўжо сёння была ca мной, я паку ль стрымліваю сваё жаданне тым, што няхай ужо я адзін перанясу гэты, даволі... нялёгкі перыяд, вядома ж, часова такі, каб Ты ў мяне тут не начала таксама хныкаць... Я жартую, але сур'ёзна кажучы, уладжвацца ў горадзе, які на 80% разбураны, куды кожны дзень прыбываюць сотні новых людзей — вельмі няпроста. Але ж мы з Табой слаўныя дзеткі, мы пачакаем, абмяжуемся пісьмамі, марамі...
Як ні няўтульна ў гасцініцы, ca штодзённымі зменамі камандзіровачных, я ўсё-такі трохі працую. Учора чытаў молодому мастаку, новому сябру нашага таварыскага Мішы, маю новую рэч, карэнным чынам перапрацаваную па старых накідах. Памятаеш, апавяданне, дзе польскі марак другому мараку ў полоне расказвае, як малую дзяўчынку ў пограбе заваліла выбухам снарада?.. [4] І наш мастачок, хоць ён i весела-легкадумны, але... заплакаў... Спадзяюся, што гэта i яшчэ нешта іншае пойдзе неўзабаве ў часопісе «Беларусь»... Памёр Кузьма Чорны, наш найбольшы пісьменнік, добры чалавек, які сустрэў мяне... вельмі прыязна, i рукапісы ўзяў чытаць, i абяцаў, што дапаможа з выданнем зборніка... Цяпер «Жывое i гніль» чытае Крапіва. Я перапісваю гатовыл рэчы, дамоўлюсязмашыністкай, перадрукую ix... Пастаўлю сабе мэту — уладзіцца з жыллём i як найбольш працаваць. I тому не буду ў вас раней за студзень, проста няма калі. Міша, відаць, будзе яшчэ ў гэтым месяцы. Пішу ў рэдакцыі, i тому без яго. Моцна цалую Цябе. Ваня.
...Далейшае пачалося з тага, што я, значна раней вярнуўшыся з рэдакцыі, застаў наш з братам агульны, недатрапаны чамадан на калідоры, каля дзяжурнага, дзе i ключ ад пакоя на шэсць чалавек, у якім мы пражылі свой «цэкоўскі» месяц нават з гакам. Удакладніўшы, што ўсё гэта азначае, я пайшоў з чамаданам у музей да Мішы, а ад яго, улегцы, у Саюз пісьменнікаў. Ён тады размяшчаўся ў кватэры самога старшыні, Лынькова, жонка якога i ix сынок загінулі ў гета. Дабрадушна павольны Міхась Ціханавіч быў не адзін, з сакратаром праўлення Броўкам. Якое шчасце!.. Пётр Усцінавіч быў у добрым гуморы, ён дачакаўся з эвакуацыі жонку i сына-школьніка, перад гэтым атрымаў жыллё, а ключы ад пакойчыка, у якім туліўся дагэтуль адзін, былі яшчэ ў яго. «Бяры, ідзі, жывіце, пакуль вернецца гаспадыня, а далей будзе відаць!»
Мы знайшлі, ужо ў прыцемку, тую вуліцу i той драўляны трохкватэрны дом, пачалі жыць у вызваленым пакойчыку, заначаваўшы проста на падлозе. Распаліўшы грубку па патаемна злачыннаму, — наламаўшы штанкетных вяршкоў, зверху да жэрдкі, у доўгім старым плоце.
Пражылі мы так зусім нядоўга. Бо справа з першай музейнай экспазіцыяй была па-ваеннаму хутка закончана, з трупы нядаўніх партызан-мастакоў аднаго пакінулі пры музеі, a астатніх — хто з мастацкім вучылішчам, а хто i з незакончаным інстытутам — адпусцілі шукаць сабе новую працу, балазе ўсе яны мінчане.
Мой Міша, які выдатна прайшоў выпрабавальны тэрмін, зрабіўшы вугалем копію не памятахо ўжо якой карціны Шмарынава, якая i сёння, як мне нядаўна сказалі, знаходзіцца ў музейным запасніку, атрымаў ажно некалькі тысячаў ганарару і... падаўся да сям'і, узброены немалаважным пасведчаннем пазаштатнага супрацоўніка музея. У Міры яго прынялі, далі работу ў райвыканкаме.
Мастак Мікола Гурло, які пасля працы над экспазіцыяй супрацоўнічаў з нашай рэдакцыяй, успомніў што на гарышчы ў яго маецца жалезны ложак, напытаў на заўтра i палутарку, каб прывезці яго мне, а сам я, з блаславення сяброў i пры адсутнасці галоўнага рэдактара, па-партызанску ўзяў сабе лішні ў рэдакцыйным пакоі невялікі квадратны стол, да яго ўжо i крэсла, i ўвесь гэты гарнітур быў прывезены на той палутарцы ў мой закутак.
23 студзеня 45-га мы з Нінай распісаліся ў Міры, у загсаўскім пакойчыку ў цагляным доме райміліцыі. Уся шлюбная ўрачыстасць заключалася ў тым, што сухая i з твару панурая чыноўніца, аддаючы мне пасведчанне, сказала: «Ну вот. А если захотите развестись, придется платить три тысячи, штраф».