Выбрать главу

Пра ўсё гэта ёсць у маіх кнігах, паўтарацца нягожа. Дый каментар да гісторыі дзвюх нашых першых разлук i так зацягнуўся.

* * *

У папцы з надпісам «Пісьмы родным i ад ix», адкуль узяты чатыры найдаўнейшыя, гэтым разам мяне цікавяць перш за ўсё пісьмы, скажам так, характару літаратурнага. З літаратурай звязаны нашы з Нінай разлукі, калі я ад'язджаў ці адлятаў надоўга i далека. У старасці яна i жартавала з гаркаватым, як здавалася, падтэкстам: «Хіба ж ты гадаваў дзяцей? Гайсаў сабе па свеце, а мне...» У гэтым i праўда была, i ў душы маёй час ад часу ажывае ўдзячнасць за яе сяброўскую адданасць i талковую энергію, што стварала мне ўмовы для большага творчага размаху, лепшай вучобы ў жыцця i ў папярэднікаў.

Першай далёкай разлукай была камандзіроўка ў Таджыкістан. У канцы 1947-га з паэтамі Вялюгіным i Кірэенкам у Маскву, у мяне туды наогул першы раз, адтуль таксама цягніком цераз усю, як здавалася, Расію, цераз Казахстан, Узбекістан — у Душанбэ, які тады быў Сталінабадам. Hi пісьмаў ні дарожных запісаў з тых дзён не было, найярчэйшыя напаміны памяці запісаны i надрукаваны значна пазней. Праз год была паездка ў ялцінскі Дом творчасці. У двух пісьмах адтуль літаратурнага вельмі мала, от, трохі ныцця на немагчымасць працаваць, бо дом перапоўнены творцамі з сем'ямі, нават пра наведанне дома-музея Чэхава i магілы Багдановіча, якімі з ранняга юнацтва захапляўся, толькі згадка... Яшчэ праз год — другі раз у Крым, ужо ў Кактэбель, адкуль пасля морам з Феадосіі ў Адэсу, горад майго нараджэння i першых гадоў маленства. Тут ужо ў нас паездка сямейная, з чатырохгадовай Галяй. Мамы маёй ужо не было, яна пакінула нас у чэрвені 48-га... Двухгадовую Наташу ўзяла Нініна мама, на дваццаць гадоў маладзейшая за маю. Жыццё яе з Мілай пасля партызанскага сямейнага лагера спакваля наладзілася, ужо i карова была на хутарку, сырадойнае шчасце i дружба для нашай пацешнай пястункі. Пра тое падарожжа расказана ў аповесці «Муштук i папка». Наступным летам мы ўжо з абедзвюма дзяўчынкамі летавалі ў Каралішчавічах, у двухпавярховым драўляным доме на чатырнаццаць пакояў амаль пра кожны з якіх мне люба ўспамінаецца — што дзе напісана. Туды, у беларускі Дом творчасці, i аднаму паехаўшы, не скажаш, што гэта разлука, — можна хоць тры разы на дзень пазваніць дахаты, а то й паехаць, дваццаць два кіламетры.

1951-ы год быў у нас з Нінай разлукаю двайной — я угаварыў яе паехаць па літфондаўскай пуцёўцы на Рыжскае ўзмор'е, а сам неўзабаве падаўся ў падарожжа па раёнах Заходняй Беларусі, удвух з Уладзімірам Калеснікам, на веласіпедах, ён збіраць песні былога рэвалюцыйнага падполля, а я — па новае для свайго пакутлівага рамана «Граніца», дый, шчыра кажучы, i проста так, каб паглядзець, паслухаць.

Дзяўчаткі нашы былі ўжо ў Бродзішчах, дзе я i спыніўся на дзень, а Валодзя падаўся ў далейшыя Крынкі, наведаць старога бацьку, загадчыка вадзянога млына.

А вось i пісьмы:

18.VII.51.

Дарагая наша курортніца!

Пішам Табе ўсе разам. Праўда, пішу я. Наташа пішчыць: «Ой, ой!..», пакуль цётка Міла заплятае ёй коскі, а Галя, з чорным ад ягадротам, стаіць побач са мной, флегматична лузгае прывезеныя мною семечкі i спокойна кожа: «Ты цяпер напішаш, а потым мама нам напіша».

Прыехаў учора. Зацягнулася трохі з грашыма, пасля хацеў купіць веласіпед, a ніяк не знайшоўшы, махнуў рукою i пазычыў у Зуба яго стары драпчачок, i вырваліся мы нарэшце з душнага, сумнага Мінска. Гарачыня, «истекание потом» неймавернае, але i цікавага многа... Грошай у мяне амаль дзве тысячи. Што веласіпеда не купіў, відаць, i лепт (плашч за 230 р. купіў), — думаю дапамагчы з сенам i вашым, i Мішы, які збіраецца купіць карову, калі, як Ты гаварыла, збярэ на яе сена. Далі з Валодзем слова не піць нідзе гарэлкі i не курыць. Уранні я трохі пісаў (нават!), працягваючы апавяданне, i без курэння сумнавата. Недзе апоўдні прыедзе Валодзя i падамося далей.

Буськаем Тваё пухкае, загарэлае «личико». Муж, маці, сястра i дзеці.

Другое — таксама з дарогі:

2.VIII.51.

Дарагая Ніначка!

Пішу на беразе Кромані, падставіўшы голую спіну гарачаму роднаму сонцу. Хораша тут незвычайна, i адчуваю сябе таксама здорава. Веласіпед стамляе не надта, толькі для апетиту. Харчуемся мы добра (заўсёдыў гасцях), так што пахудзець не ведаю ці ўдасца. Загарэў, як чорт. А галоўнае — гэта ўражанні, якія не ўмяшчаюцца ў блакноце. Праехалімы кіламетраў дзвесце, a ўлічваючы зігзагі — яшчэ больш. Сіняўская Слабада — Крынкі — Карэлічы — Наваградак — Свіцязь — Любча — Шчорсы — Кромань. Не думай, што мы таўчэмся на месцы, — кожны раз едзем па новых вёсках, знаёмімся з новымі людзьмі. Здорава ўсё-такі жыць на свеце, нягледзячы, што i свінства хапае. Расказаць будзе пра што. Сям-там Валодзя здымае мяне на фоне рознай красы. На Нарач ехаць раздумалі: i не паспеем, i тут вельмі шмат матэрыялу. Скокнем толькі nad Слонім i, можа, пад Гродна. Да 20-22 жніўня буду ў Бродзішчах i Маласельцах — хочацца палазіць з дзяўчаткамі па агародах.