Думаю, што гэтае пісьмо застане Цябе ўжо ў Мінску. Пазвані ў выдавецтва, як там мае кнігі [6], калі будзе які сігнальны або хоць надрукаваныя аркушы, захапі ў вёску. Думаю, што якога-небудзь 25-га ці 27-га выедзем у Мінск, зімаваць.
Дзіўнавата неяк — пісаць, неразлічваючы на адказ... Хацелася б ведаць, як Ты сябе адчуваеш, наколькі паправілася, што ўдалося дастаць [7]. Ну, ды нічога, хутка сустрэнемся.
Мы з Валодзем толькі з учарашняга дня ездзім удвух. Тыдзень ездзіў з намі яго таварыш, настаўнік з-пад Шчорсаў, Міхась Петрыкевіч...
Прывітаннеўсіму нашай кватэры і, камухочаш, у доме.
Цалую моцна, з лясным азартом. Ваня.
У нашай з Калеснікам творчай вандроўкі быў i працяг — увесь кастрычнік мы працавалі ў архіве «Фонда Урублеўскіх» літоўскай Акадэміі навук, чытаючы заходнебеларускую прэсу, у тым ліку i польскамоўную, а з яшчэ большай цікавасцю — рукапісы, дзённікі, перапіску. Маіх пісьмаў адтуль, з Вільні, няма, не захаваліся, i не магу, як i ў некаторых іншых выпадках, даўмецца, чаму. Ёсць пісьмо Нініна. Хоць яна пісаць пісьмы зусім не любіла, а я яе безвынікова ў гэтым папракаў жанчына, як гаворыцца, была з характарам. А тут пісьмо, дый з гумарам, іроніяй:
Уважаемый Иван Антонович!
У першых страхах нашага Вам пісьма спяшу паведаміць, што мы ўсе жывы i здаровы, чаго i Вам жалаям. Пісьмо Ваша, у якім Вы плачаце пра Вашы грашовыя цяжкасці, мы атрымалі i прачыталі, але не зусім паверылі...
Хочацца мне палаяць Цябе за тыя тры ночы, калі я, не раздзяваючыся, чакала пры тэлефоне, каб не праспаць. Калі Табе i праўда так цяжка з грашыма, дык высылай нам квіткі оплаты кожнай тэлефоннай гутаркі, мы з прыемнасцю аплоцім. Бо ўсё ж нам вельмі хочацца пачуць Цябе, Твой голас, хаця б два разы на тыдзень...
Дочкі распусціліся яшчэ больш, крычаць часамі так, што немагчыма ўседзець дома. Няма цвёрдай рукі...
У мяне таксама нічога новага за гэты час, апрача того, што ў інстытуце нагрузілі яшчэ больш...
Ёсць пісьмо ад рэдактара «Знамени», за подпісам Кажэўнікава, каб Ты прыслаў свой новы раман на тэму «воссоединения Западной Белоруссии... если не подстрочник, то хотя бы оригинал»... Шырма дзякуе за кнігу. Васілёк — з просьбой пра творчую камандзіроўку ад Саюза, «каб мог напісаць вершы на тую ці іншую тэму...» Сустрэла неяк Гарулёва, перадаваў, што «Солнечного зайчика» ў іхняй «Отчизне» будуць друкаваць, прасіў-маліў, каб Ты даў i другое апавяданне. Я сказала, што «к стыду своему», не ведаю, ці Ты закончыў яго, ці здаў на пераклад. Напішы яму сам. Прысланы «Світанок над Заболоттям». Часопіс «Вітчйзна» вельмі салідны, як «Новый мир». Перакладчык Назаранка прыпісаў толькі пару слоў, дванаццаць з якіх — прывітанні «хлопцам»...
Вось, мусіць, i ўсё наконт літаратуры ды крытыкі. Калі ёсць пытанні — прашу. Цяпер пераходзім на іншае.
Яша [8] прыехаць не зможа, вярнулася яго начальства, апрача таго многа работы. Шкадуе, што не паехаў разам з вамі. Перадае прывітанне i жадае ўсяго найлепшага.
Трэцяе пытанне — матэрыяльна-бытавое. Мы сёння з Люсяй [9], аббегаўшы ўсе базары, вырашылі, што без «Западной» нам у гэтым годзе не выкруціцца. Трэба абавязкова рабіць запасы. Спачатку думалг паехаць у наступную суботу ў Мір, але я, падумаўшы потым адна, вырашыла не так прапанаваць Табе, як прасіць напісаць Колі [10], каб ён купіў нам мяхоў пяць-шэсць бульбы, тpoxi цыбулі, крупы, гароху... Люся згодна купіць напалавіну кабана. Можа, Коля i Міша маглі б дапамагчы i з гэтым?..
Такія справы. Канешне, яны далёкія ад тых, якімі вы з Валодзем, — прывітанне яму, — цяпер займаецеся, аднак самой мне пісаць Колі неяк няёмка...
Мы тут патроху пачынаем усе сумаваць. Галя хоча напісаць Табе сама. А Наташа ўголас складала свае пісьмо так:
«Дарагі папік, прыязджай. Мама гладзіла i спаліла Тваю падушку. I ведаеш чыво? Каб ты прыехаў. Aтo мы ждаем, ждаем, ждаем... Я была ў звярынцы i ведаеш чыво? Бачыла маленькіх абязянак, лісічкаў, мядзведзяў. I ведаеш чыво?.. Ой, я забылася!..»
8
Якуб Міско (1911-1981) — журналіст, колішні вучань Віленскай беларускай гімназіі, удзельнік заходнебеларускага падполля, вязень санацыйных турмаў. Сябар Таўлая, а потым i наш.
9
Люся, Лідзія Сяргееўна, удава Таўлая, карэктар. Мы дзвюма сем'ямі жылі ў адной чатырохпакаёвай кватэры.