Люся кланяецца, далучае пісульку наконт патрэбнай кнігі. Што датычыць маіх, то буду вельмі ўдзячна за такія [11]:
Пішы часцей, бо мы i праўда сумуем. Ад Наташы пяць буськаў, ад Галі сем. И мы целуем Ваше умное архивное чело.
...Хутараначка, польская гімназістка-выдатніца, потым савецкая студэнтка з найвышэйшымі адзнакамі, універсітэцкая выкладчыца з пяццю еўрапейскімі мовамі — лацінскай, англійскай, нямецкай, польскай i рускай, не лічачы шостай, сваёй, — яна нармальна ведала свой узровень, аднак зусім не задавалася, любіла здаровы смех, магла ўздымацца да самаіроніі.
Адзін толькі прыклад, дзеля чаго мне трэба сігануць з восені 51-га ў лета 69-га, калі мы з ёю ўпершыню ўдваіх былі ў замежнай паездцы.
Выдавецтва «Volk und Welt», надрукаваўшы «Птушкі i гнёзды» ў перакладзе з беларускай мовы (!), пісьмова запрасіла нас наведаць Берлін у якасці выдавецкіх гасцей, — чамусьці такая форма аплаты. Пакуль дайсці да найцікавейшага, падарожжа па землях Усходняй Нямеччыны, у нас быў «тыдзень літаратураў балтыйскіх краін» у прыморскім Ростаку. Адна полька, адзін рускі i мы, беларуская пара, жылі не ў самім Ростаку, a ў недалёкім ад яго «сялянскім гарадку» Нойклёстар, у арыгінальным аднапавярховым гатэлі пад саламянай страхой, з сакатаннем курэй i гарладзёрам пеўнем за вокнамі. Што раніцы мы ездзілі ў горад, a ўвечары вярталіся на свой вяскова-культурны начлег.
На кніжным свяце я ўпершыню паспытаў як гэта нам, савецкім літаратарам, нязвычна дый непрыемна самім гандляваць сваімі кнігамі...
Былі там, аднак, i вясёлыя моманты.
Суправаджала нас з Нінай мілавідная, гаваркая фраў Зігрыд Фішар, перакладчыца, шаўцова дачка, з крыху залішне падкрэслена элегантнай «русской речью». За сталом маіх аўтарскіх пакутаў я сядзеў з ёю побач. I вось назаўтра ў мясцовай газеце з'явіўся здымак з такім подпісам (цытую з даўняй памяці): «Сваю, нядаўна выдадзеную, кнігу прадае чароўная Янка Брыль»... Гэта ў палякаў Янка — імя жаночае. Мужчына — Янко, з перадапошнім націскам i абавязковым «о» ў канцы. Ці не прыпомніў свае карані гэты растоцкі фотакарэспандэнт?..
Пасмяяліся мы ўтраіх, бо Ніна якраз вярнулася з праходкі каля сталоў. З набыткам, — купіла кнігу «балтыйскага» сатырыка, папулярнага i ў савецкіх чытачоў пераклад на нямецкую мову яго рамана «Gauner wider Willen» («Агіда да махляра») Сказала, што нават трохі пагаварылі з аўтарам па-англійску, так i аўтограф ён напісаў: «Ніне Брыль з найлепшымі кампліментамі. Марці Ларні. 9.7.69». Пераклала гэта з усмешкай, i тут па-свойму стрыманай, калі не сарамлівай... Да тага часу ў нас было ўжо нямала пачэсных літаратурных знаёмстваў i пачаткаў дружбы — у Мінску, Маскве, Кіеве... Таксама i з гасцямі з Прагі, Варшавы, Сафіі... Але ж i такое, з Хельсінкаў прыемна: можна i дзецям пахваліцца, а то й на кафедры. Гэта ўжо я падумаў гледзячы на яе.
Слоўца пра самаіронію.
Неяк я выпадкова сустрэўся ў Любчы з адной нашай былой партызанкай. Вясковая дзеўка, ушчэнт абруселая ў рэспубліканскай партыйнай школе i на працы ў раённым «совпартактиве», калі я спытаўся, як жывецца, адказала: «Муж от меня ушел. И хрен с ним». Коратка, спакойна, з колішняй лясной грубаватасцю. Калі ж я спытаўся, як жа так, яна i растлумачыла: «Я ему указывала на его недостатки, а ему это не нравилось».
Ніна мая, вядома, таксама часам «указывала», — як жа без гэтага ў сям'і?.. I дома зрэдку бывала, i за мяжою разок ці два за тыдзень пачулася.
Ды вось у адну з нашых чарговых раніцаў, калі ўжо мы сабраліся ў Ростак, толькі чакалі сігналу, яна спынілася пасярод пакоя i сказала, неяк i мне, i сабе:
«Стаю i думаю: а да чаго ж я сёння ў цябе прычаплюся?..»
I тут мы дружна зарагаталі — на пачатак новага дня, пагодлівага i за вокнамі.
Ды вернемся ў ранейшае.
...Калi б спытацца, дзе мне найлепш працавалася, дык адказ тут, вядома, той, што ўсё залежыць галоўным чынам ад настрою ці, бяручы вышэй, ад натхнення. Сказаўшы раней пра Каралішчавічы, я мог бы дадаць i пра сваё найранейшае, загорскае: у кухні-бакоўцы, пры цьмянай лямпе, i пра санаторную, асобную палату ў Нясвіжскім замку, дзе я ўвосені 66-га за месяц многа для мяне напісаў, i пра Дамы творчасці ў латышскіх Дубултах i ў падмаскоўным Перадзелкіне, дый, зрэшты, а то i найперш — дома, у Мінску i на лецішчы ў наднёманскім Крынічным... A ўсё ж я ўдзячна ўспамінаю i Маласельцы, дзе працавалася зімовымі месяцамі ў 61-м i 62-м гадах. Можа, яшчэ i таму, што пісьмы пра гэта захаваліся:
23.1.61.
Дарагая Ніна!
Здалёк вельмі добра думаецца пра вас, i таму зварот гэты, просты i нгбы сухаваты, мае свой мілы падтэкст... Ісама адчуй лішні раз, i дзяўчатам скажы, і Андрэю, што я вас усіх люблю, вельмі хачу, каб мы дружылі па-сапраўднаму і, вярнуўшыся, гатоў весці з вамі гутарку пра мірнае суіснаванне i дружбу на самым высокім узроўні. Рыхтуйцеся да гэтага ўсе, асабліва вы, крыклівыя i злосныя дзяўчаты!..
11
Велікаваты спіс англійскіх падручнікаў, патрэбных студэнтцы другога курса інстытута замежных моў.