— Стары бацюшка ў нашу школку прыехаў. Ён ужо сядзіць за сталом i расказвае нам Божы закон, a Каўбасоў Паўлюк, маленькі, як i ўсе мы тады, увайшоў ca двара ды стаіць, толькі носам раз шмаргануў маўчыць.
— Ну, добрый молодец, — пытаецца бацюшка, — где же ты был?
А той глядзіць на яго анёлачкам дый кажа:
— Сляў!
Любуючыся, як на телеэкране вытанцоўваюць маладыя самадзейнікі, засмяяўся, успомніўшы Анэцінага Валодзю, дзецюка з суседняй вёскі Чыжыноўцы. Удалы, ахвочы, нястомны скрыпач, на вечарыне папрасіўшы сабе адну толькі полечку, — гарманіст з барабаншчыкам справяцца i адны — ён даў такую завіруху, што пад канец ажно ў крык папрасіўся:
— Хлопцы, спыніце! Ніяк не магу!..
Трэці дзень хмарна, то дождж, то перапынак, невядома, на колькі, то зноў цярушэнне з застылай хмарнасці. А пачалося такое з двухдзённых вятроў у гарачую сухмень, — яны гэта, як i гаворыцца, нарвалі.
Па малако ў пасёлак хаджу пераможна, амаль заўсёды пасля гэтага, адразу ці пазней, ногі задраныя адлежваю, ці чытаючы, ці так сабе. А слабасць час ад часу адчуваецца, як у Загары гаварылася, «вомарак водзіць», калі ўстанеш пасля даўжэйшага сядзення, так i хочацца абаперціся далоняй аб сцяну, калі яна блізка. I паўзы раблю ў чытанні, працяглыя, як аціханне дажджу, нават заплюшчыўшыся. Hi думак тады, ні пачуццяў нават, здаецца, ні стомы...
Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі пісаў пpa бацьку, як ён, на два гады старэйшы за мяне сённяшняга, проста сядзеў у крэсле, сядзеў ды маўчаў. Такі ўсё жыццё энергічны, нагружаны на ўсю моц, без віны вінаваты, нязломны ў сваёй веры...
Няўжо мы ўсе панараджаліся, жывем дзеля таго, каб паміраць?
Наіўна простае, глыбока страшнае i крыўднае пытанне.
А вечарэе ў зялёным навокал спакойна i светла.
Яшчэ не пачаты чытаннем, a ўжо прыемна густы ды важкі зместам рукапіс, ці то надрукаваны на машынцы, ці то набраны ў друкарні, i так, i так пададзены акуратна, з'явіўся па законах сну невядома адкуль, неабвержна ўпэўнены, што ён належыць мне, што гэта мой водгук на папярэдні кароткі запіс пра страх i крыўду смерці, водгук разважліва аб'ектыўны, аптымістычна спакойны. I я з тым сваім водгукам згодны, толькі да слоў глыбока страшнае дадаў i крыўднае. А так што ж — адчулася яно тады міжволі, шчыра, такога не прыдумаеш, каб па-сапраўднаму забалела...
Уключыў святло, праверыў час, каля трох, i далей ужо не заснуў.
Напрадвесні Валодзя Ягоўдзік прынёс мне кнігу-альбом з прыязным аўтографам ад мастака Івана Рэя, прадстаўніка маладзейшага пасляваеннага пакалення заходнікаў i нагаварыў многа пахвальнага пра гэтага сціплага, таленавітага чалавека. Валодзем я перадаў Рэю свае «Сцежкі, дарогі, прастор» i ўступнае прывітанне. Ён пазваніў мне, мы добра пагаварылі, у тым ліку i пра будучую сустрэчу... А тут ён — бачу ў газеце — узяў ды памёр... Чытаючы добрае пра яго, сумна пашкадаваў што нават не пабачыліся, а магло ж быць i яшчэ адно збліжэнне...
З узгорка — шырокі, далёкі агляд вялікіх прыгарадных могілкаў. Акіян пірамідак, якіх раней было больш, чым крыжоў i крыжоў, якіх з кожным годам усё больш ды больш... Зрэшты, што ix лічыць, хто ix злічыць?.. Неабсяжнасць панурага суму. I цяжкая думка, што безліч смерцяў — гэта не проста зыходы ў нябыт, не бясконцыя змены людскіх пакаленняў але зыходу, змены ў пакутах, — ix незлічоная, неўявімая разнастайнасць...
Помніцца гэты агляд з узгорка, гэтыя думкі з таго асенняга дня, калі мы, групка i родзічаў, i сяброў, чакалі пахавальнікаў да ямы i труны Анатоля Вялюгіна. Здаецца, не запісана яно, хоць i ўспаміналася за сем гадоў неаднойчы...
«Ну i памрэш, i свету гэтым не абновіш!..»
Раптам успомнілася i такая народная мудрасць, згода з тым, што i было, i будзе.
Прыязны журналіст даў мне зняты ім з дыктафона тэкст майго ненапісанага выступлення на адкрыцці апошняга, нечарговага з'езда Саюза пісьменнікаў. Запіс з пэўнымі пропускамі, дзе хлопцу дрэнна пачулася, які мне прышлося падцыраваць сям-там па памяці. Слова тое, як i некаторыя іншыя выступленні, з нейкіх «вышэйшых» меркаванняў, не друкавалася нават у «Літаратуры i мастацтве», i таму захацелася даць яго тут, «лірычным запісам».
«Дарагія сябры!
Друкавацца пачаў я напрадвесні трыццаць восьмага года, у віленскім «Шляху моладзі», у Саюз пісьменнікаў прыняты вясной сорак пятага, першы зборнік апавяданняў выйшаў у канцы сорак шостага. Дзіўна i ледзь не смешна бывае, колькі пражыў перажыў!.. Збоку можа лічыцца, што ўсё было ў асноўным гладка, але ж гэта не так. Выпрабаванняў хапала. Выпрабаванні некалькімі дыктатурамі рознага кшталту i калібру. Выпрабаванні яўным i тайным кіраўніцтвам, цэнзурай, якая называлася «галоўлітам», i рэдактурай, якая была па сутнасці цэнзурай, часамі нават больш паспяхова замяняла яе. Было сякое-такое выпрабаванне славай i адносным дабрабытам, які апраўдваўся не творчымі заслугамі, а меркаваннямі іншага характару. Словам — хапала ўсяго.