Іван Мележ
Блізкае і далёкае
У завіруху
К. Чopнаму
Лютавала завея. Угары над Засмужцам, у вершалінах, глуха шумеў вецер i сыпаў на дарогу калючыя дробныя крупінкі. Міма цёмнымі высокімі сценамі бясконца ішлі сосны, варушачы сваімі кашлатымі лапамі. Сціснутая соснамі з двух бакоў дарога безліч разоў паварочвалася, выпроствалася, i ўсюды, не перастаючы, вёў сваю аднастайную сумную песню вецер:
— Ууу-ууу!
Засмужцу здавалася, што не будзе канца гэтаму лесу, гэтай песні. Па яго разліках лес ужо даўно павінен быў скончыцца. Ён час-ад-часу з надзеяй падымаў галаву i паглядаў уперад, спадзеючыся ўбачыць поле, але там па-ранейшаму стаялі сосны.
Ён ішоў маўкліва i хістаючыся, як звычайна ходзяць змораныя людзі. Галава яго была звешана, i калі-б ён не падымаў яе, то можна было-б падумаць, што Засмужац на хаду спіць. Снег пластам наляпіўся на яго шапку i плечы. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Сядло на кані пабялела ад снегу: коннік гадзіны тры не сядзеў на ім.
Здалёк, скрозь густы гул соснаў, прарваўся гук гарматнага выбуху — напамінак пра тое, што i ў гэтую ноч ішла вайна. Данесліся яшчэ некалькі выбухаў, потым стала ціха. Засмужац прыслухаўся — выбухі не паўтараліся.
Нечакана моцны нарыў халоднага ветру шалёна кінуўся на Засмужца i штурхнуў назад так, што хлопец адразу спыніўся i адступіўся, каб устаяць. Конь здзіўлена падняў галаву, грыва на ім заварушылася. А вецер са свістам-гікам ляцеў далей, гонячы перад сабой хмары снегу. Засмужац вышэй нацягнуў каўнер шыняля i, калі расплюшчыў вочы, убачыў, што наперадзе паміж рэдкімі соснамі зашарэла. Гэта было поле.
У полі стала халадней, i Засмужац то апускаў галаву, то адхіляў твар убок, каб схаваць яго ад ледзянога ветру.
Праз некалькі крокаў ён спатыкнуўся i ўпаў у снег. Дарога абарвалася. Далей яна была заменена тоўстай гурбай снегу.
Засмужцу не хацелася падымацца з мяккай снежнай пярыны. Ён ціха i нерухома ляжаў, з асалодай адчуваючы, як у целе прыемна ные стома i цяпло, нібы пасля віна, разліваецца па яго руках, нагах, кружыць галаву. Хацелася спаць.
Засмужац не спаў другія суткі. На світанні ён ішоў па гэтай дарозе ў адваротным кірунку, у штаб арміі, з данясеннем абстаноўкі ад камандзіра кавалерыйскай брыгады. Брыгада прарвала варожую абарону, глыбока ўклінілася ў размяшчэнне немцаў. Да штаба арміі было кілометраў дваццаць ці крыху болей. Але ўсе дарогі i сцяжынкі былі так закіданы снегам, што дабрацца да яго ўдалося толькі за шэсць гадзін, дашчэнту змучыўшы каня i сябе. У штабе затрымалі нядоўга, не далі спачыць. Відаць, пісьмо было важнае, бо праз поўгадзіны яму ўручылі новы пакет i загадалі неадкладна ехаць назад. Калі ён выязджаў з сяла, заставалася гадзіны са тры да вечара. Ад стомы i бяссонніцы ён адчуваў сябе змарнела. У давяршэнне да ўсяго з вечара разлютавалася завіруха.
Засмужац з вялікім намаганнем прымусіў сябе падняцца i пайсці па цаліку. Ногі правальваліся да кален. Потым ён адразу схаваўся па пояс, — ногі згубілі пад пластам снегу цвёрды грунт… Засмужац збочыў правей i зноў з палёгкай адчуў дарогу.
Неўзабаве сумёт скончыўся, агаліўшы слізкі, вылізаны ветрам шлях. Ісці стала лепей, ногі здаваліся лягчэйшымі і высока паднімаліся. Толькі трэба было сачыць, каб не папасці ў санную каляіну, бо там было слізка.
Затым дарога зноў схавалася. Засмужац зноў блытаў, — то губляў дарогу, то намацваў яе нагамі, знаходзіў, лез, выбіваючыся з сілы. Хутка ён так звёўся, што спыняўся праз якія-небудзь тры-чатыры крокі, каб перавесці дыханне. За ўсе свае восемнаццаць год ён яшчэ ні разу не быў такім стомленым. Урэшце, калі ісці далей не хапала сілы, хлопец сеў на каня. Гэта было каля магутнага адзінокага дуба ca зламанай вершалінай, які ён запрыкмеціў, калі ішоў яшчэ першы раз. Дуб быў стары i такі шырокі, магутны, што Засмужац тады мімаволі прыпыніўся i аж свіснуў ад захаплення.
«Каштан» ішоў болей упэўнена, нейкім унутраным пачуццём адгадваючы дарогу. Але i ён быў таксама змораны, часта спыняўся, натужна сапучы, i кранаўся далей з тупой жывёльнай упартасцю. Ад стомы ён хістаўся ў бакі, спатыкаўся. Потым, збіраючы апошнія сілы, пачаў ісці скачкамі. Засмужац пашкадаваў яго, злез з сядла i павёў каня на повадзе.
Весці каня стала цяжэй. Засмужац зразу пашкадаваў, што праехаў на кані гэтыя некалькі сот крокаў. У пачатку шляху «Каштан» ледзь не наступаў на байца i дыхаў яму на шыю. Цяпер конь не паспяваў за ім: ішоў на тугім повадзе. Засмужцу прыходзілася не толькі ісці самому, a i цягнуць каня. «Каштан» часцей спатыкаўся. Повад балюча ірваў руку.