— Я табе не хацеў гаварыць раней… Мне, Лідачка, пашанцавала. Праз вашу станцыю павінен быў прайсці на фронт эшалон нашага палка. За семдзесят кілометраў адсюль ён спыніўся на некалькі гадзін. Я папрасіўся, i мяне адпусцілі… На дзесяць гадзін. Каб праз дзесяць гадзін я чакаў ix тут, на станцыі…
— Толькі дзесяць гадзін?.. Але, няхай, — трохі весялей сказала яна, — чаго я журуся? Мы-ж яшчэ пабачымся, праўда? Ведаеш што, я папрашуся, каб мяне сягоння адпусцілі раней!..
— Калі-6-жа яшчэ дзесяць! А то-ж з тых дзесяці гадзін амаль восем пайшло на дарогу. Пакуль ехаў, шукаў саставаў ці ішоў у горад — згубіў цэлых восем гадзін.
— Дык ты-ж увесь водпуск праездзіў!
— Амаль увесь. Для нас засталося дзве гадзіны…
— Толькі дзве гадзіны?
— Толькі дзве, Ліда.
— Так мала?..
— Няшмат… праўда, — згадзіўся сержант i ўздыхнуў… — A хіба два гады было-б досыць?
— Так мала… Так мала…
Лідзе трэба было ісці, а яна марудзіла. Ёй не хацелася расставацца. Не хапала сілы, каб сказаць апошняе слова.
Васіль разумеў яе, адчуваў яе боль, i яму прагнулася дапамагчы ёй суцішыцца.
Ён гаварыў пра тое, што хутка скончыцца вайна i яны сустрэнуцца зноў у Мінску, каб болей ніколі не разлучацца, каб жыць разам заўсёды. Напаследак, ужо развітаўшыся, сержант сказаў: — Я, калі ехаў да цябе, непакоіўся вельмі, што не пераганю наш эшалон ці не застану цябе. Крыўдна было-б. А так я шчаслівы… Цэлых дзве гадзіны! На вайне i столькі не кожнаму выпадае.
1945 г.
Адна
I
На дзевяты дзень Аня зноў пераступіла парог хаты, у якой жыла сястра Арына.
У пакоі нікога не было. Дзяўчына кінула на лаўку жакетку, стомлена прайшлася па пакоі. Дзе-ж усе? Толькі яна надумала гэта, як у сенцах бразнула клямка i ўбегла ўстрывожана бялявая Лорка, Арыніна дачушка.
— Цёця Аня! — узрадавана ўскрыкнула яна i кінулася да дзяўчыны. Лорка прыціснулася i хвіліну стаяла моўчкі, незнаема сур’ёзная, нейкая пасталелая. — Ой, што тут было без вас, — раптам сумна прамовіла яна.
— А дзе мама?
— Мама на гародзе. Яна сказала — к нам нехта пайшоу, ідзі, паглядзі, хто гэта?.. Табе трэба, каб яна прыйшла?
— Пакліч, Лорка.
Аня села на лаўку. Вось яна i дайшла да прыстанку. Скончыўся шлях, цяпер няма куды спяшацца, можна спачыць, даць спакой натруджаным нагам, падбітым доўгай неспакойнай дарогай. Аня так спяшалася дайсці сюды, але цяпер, калі яна ўжо тут, у яе чамусьці няма таго жаданага спакою. Чаму на сэрцы такая трывога?
«Ой, што тут было без вас», — успомніліся ёй словы Лоркі.
За акном праплыла сумным ценем Арыніна постаць.
Сястра спаткала нявесела. Увайшла павольна, паставіла да сцяны капаніцу i моучкі стала пасярод хаты, не вітаючыся, апусціўшы пачарнелыя ад зямлі рукі.
Калі Аня падышла да Арыны i ўзяла за плечы, вусны сястры задрыжэлі, а ў кутках вачэй набеглі дзве светлыя празрыстыя кроплі.
— Што такое? — спалохана i разам з тым тонам, у якім чуўся загад, шапнула Аня.
— Маму нашу… гітлерцы…
— Што?!
— Забілі маму. Няма мамы… — сястра, прыпаўшы да Анінага пляча, горна, з адчаем, не стрымліваючыся больш, загаласіла.
У грудзях Ані зрабілася пуста, усе думкі, усе пачуцці адразу зніклі. Гэта была важкая балючая пустата.
«Маму нашу…»
Яна стаяла нерухома, i нерухомым, застылым быў яе твар, на якім застаўся той выраз спалоху, калі яна гаварыла: «што такое?»
— Калі гэта было?
— У тую суботу…
Больш яна нічога не пыталася, а Арына сама нічога не стала расказваць.
Толькі пад вечар, калi сядзелі на ганку, сястра зноў загаварыла:
— Маму расстралялі, як толькі прыйшлі. I яшчэ восемнаццадь чалавек. Бацьку Андрэя Віткоўскага таксама. I пра цябе дапытваліся, Аня, не верылі, што ты пайшла… Вывелі ix,за сяло — туды, дзе гліну летась капалі. Стары Віткоўскі, дык сам ісці не мог, так яго збілі. Яго вялі пад рукі Марыся Краўчукова i Алена… А мама — худая, белая, як снег… Ix паставілі каля ямы на глінішчы. Людзей сагналі з сяла, каб глядзелі ўсе…
— За што ix?
— За тое, што за сялом нехта забіў салдата…
Рот яе перасмыкнула сударга. Яна колькі хвілін змагалася са слязамі, прыкусіўшы балюча ніжнюю збялелую губу.
— Не магу далей… — прамовіла Арына.
Аня сядзела ціха. Яна спачатку нібы не заўважала ні таго, што сястра змоўкла, ні таго, што потым тая заплакала, — ніводная рыска не варухнулася на Аніным твары. Яна была прыгнечана ўсім, што пачула. Збітая i спустошаная страшэнным горам, яна сядзела бяздумная, увабраўшы галаву ў плечы, з затоенай трывогай чакаючы, што Арына скажа яшчэ.