Але Арына не гаварыла нічога. Толькі рыдала, горка, уголас, па-жаночы. I чым больш яна рыдала, тым цвярдзей, нецярплівей станавілася на душы Ані. Яна сухім голасам выціснула:
— Кажы… Што далей.
Гэта было не падобна на просьбу. Арына здзіўлена падняла галаву.
— Я хачу ўсё ведаць… Усё.
Выціраючы ражком хусткі вочы, хліпаючы, як дзіця, Арына стала расказваць.
— Яны ляжалі там тры дні… I наша мамка, Аня, таксама. Фашысты забаранілі хаваць, прыгразіліся, што будуць страляць тых, хто паспрабуе ўзяць забітага. А на чацвёрты дзень навалач гэтая паехала, i мы з Лоркай мамку прыбралі i занеслі на могілкі…
Аня слухала цяпер стрымана, з упартай, строгай уважлівасцю. Арына заўважыла, што Аня змянілася за гэтыя некалькі хвілін, — калі раней яна была разгубленай, то цяпер здавалася спакайнейшай, нават празмеру спакойнай.
— От, цяпер я ведаю усё, — з палёгкай i ноткай нейкай пагрозы прагаварыла яна, калі Арына скончыла. — Нібы сваімі вачыма пабачыла…
I быццам для доказу, што гаворка пра тое няшчасце скончана, Аня стала апавядаць пра дзевяць дзён, што аддзялялі яе ад той помнай раніцы, калі яна развіталася з Арынай.
— Дайшла я з таварышкамі аж да Полацка… (Там са мной яшчэ дзве настаўніцы было з нашай школы). А тады я сказала: не пайду так далей на ўсход, хоць што!.. Каля лесу, бачу, танкі стаяць. Я адразу да танкістаў, — трапіла на трох, што сядзелі на траўцы i палуднавалі. Я да ix, пытаюся, дзе тут пагаварыць з камандзірам якім? Адзін адказвае: я — камандзір. Кажу, прымайце да сябе, хачу ваяваць… А яны пачалі жартаваць, падсмейвацца, — асабліва адзін — бялявы такі. «Вазьмі, кажа, лейтэнант… Канцэнтрат пшонны варыць». Эх, i загарэлася я, Арына, — як сказала некалькі добрых слоў, дык ён адразу прысмірнеў. «Ого! — пакруціў галавою ды да хлопцаў: — Гэта язычок!» — i паказаў, як знайсці камандзіра. А я яму на развітанне: «Не маеш права, дык не затрымліваў-бы!» Прыйшла да камбата, камандзіра батальёна, маёра Бродкіна. Ён паслухаў, харошы такі чалавек, падумаў i кажа, што прымае — сястра ім патрэбна была. Далі мне, Арына, шынельку, сумку, i стала я — таварыш чырвонаармеец…
Яна раптам схілілася над каленам i дакранулася пальцамі да рудога, запыленага бінта, што абігартаў правую загарэлую лытку.
— Цябе ранілі, ці што?
— Ранілі, — загадкава прамовіла Аня, такім тонам, што сястра не зразумела, жартуе яна ці сур’ёзна гаворыць.
Тугі, моцна сціснуты вузялок не развязваўся. Аня ўстала, увайшла ў хату, a ўслед падалася i Арына. У хаце Аня ўзяла ca стала нож, разрэзала вузел і, прысеўшы на ўслон, начала спрытна разгортваць зляжалую істужку бінта.
— От якая рана.
У яе руцэ Арына ўбачыла ўвагнутую шэрую кніжачку.
— Комсамольскі білет?
— Білет, — спакойна кіўнула Аня. Яна шурпатымі далонямі беражліва выпрастала i перагарнула вокладку. Прачытала павольна, з доўгімі паузамі сваё прозвішча, імя, год нараджэння, час уступлення ў комсамол — май 1940 год… «14 мая 1940 года», — дадала яна сабе, памаўчала i перагарнула яшчэ старонку. Позірк прайшоў па некалькіх радках узносаў. Апошні ўзнос i подпіс стаяў супроць радка — «чэрвень». Здавалася, яшчэ не высахла сіняе чарніла.
Усе іншыя клетачкі былі пустыя.
Апошні ўзнос. За гэты месяц яна ўжо не плаціла i за наступны, за жнівень, таксама, мусіць, не будзе…
Ніколі такой блізкай i дарагой не была для яе гэтая маленькая кніжачка з абрысам Леніна на вокладцы.
— Каля Глыбокага наткнуліся на праверку, нас началі абшукваць. Адзін — высокі i руды, да мяне — лап, лап — i выцягвае з кішэні білет. «О, Ленін! Чый это? Твой?» Я сказала, што мой. «Комсамолка?! Цябе за это надо — пук, пук, расстраляць!» А сам, паганы, узяўся за яго i хоча разарваць. Я хапіла за білет i вырвала: «Не трэба рваць, кажу, у мяне іншых дакументаў няма». «Куды ідзеш?» — пытаецца. «Дадому. Вучылася ў Віцебску, іду дадому. Не хацела адступаць». Гавару яму смела, голасна, упэўненая такая, аж дзіва. «А, это гут, — зарагатаў немец. — Ну, лядно, ідзі». Адпусціў мяне. Тады я адышла трохі, выняла з кішэні ды павязала на нагу…
— Адчайная ты! — прамовіла сястра, як-бы з асуджэннем. Але Аня не заўважыла гэтага тону. Яна разгладзіла вокладку, паглядзела на абрыс Леніна.
— Ну, а больш не чапляліся?
— Чапляліся. Яшчэ чатыры разы трапляла на ix… Казала ўсё: дадому з Віцебска іду…
Як толькі змоўкла, адышла ад успамінаў, грудзі сціснуў глухі боль: «Мама, мама». Аня не магла звыкнуцца, згадзіцца з думкай, што маці, такой любай, лагоднай, клапатлівай, ужо няма.
Яны доўга маўчалі. Прыйшла Лорка, i Арына адразу паклала яе спаць.