Дома лаяўся Ляльчук, — яму не падабалася, што нянька, якая есць яго хлеб, ходзячы ў школу, марнуе час.
— Або школу пакінь, або ідзі ад мяне. Мне трэба няньку, а не дармаедку… — сказаў ён аднойчы.
Анька сабрала свае лахманы i вярнулася дамоў. Маці спаткала яе занепакоена. Паслухаўшы дачку, яна заплакала, a калі вьплакалася, накінула на галаву хустку, пайшла да Рыгора. Вярнуўшыся, сказала:
— Трэба ісці назад, дачушка. Ён больш не будзе так, ён сказаў мне.
Правяла на ганак, прытуліла пяшчотна да грудзей i ўздыхнула.
Яна часта наведвалася. I кожны раз што-небудзь прынясе: ці сшытак, ці кніжку, ці гасцінец які. Сядзела ў каморцы, на ложку, дзе спала Аня, i ўсё пыталася, як яна вучыцца, ці не думае, не дай бог, кідаць школу, ды настаўляла.
— Вучыся, дачушка, вучаным усюды i дарога… От, што я, невучоная?!
Тады з імі звычайна сядзела i Рыгорыха. Аня ведала, што Рыгорыха баялася, каб маці чаго не ўзяла ў яе. Анька чырванела ад сораму i абурэння: як яна можа думаць такое пра яе маму!..
Рыгорыха адрывала Аньку ад маці, прыдумвала знарок якую-небудзь работу…
Эх, чаго гэта ўсё ўспамінаць — схамянулася Аня. Яна паволі перавязала хустку, устала са снапа, выпіла з гладышкі цёплай вады i падалася да сястры жаць…
Пасля полудня Аня пайшла ў лес, па ягады.
Хораша летам у лесе! Стаіць млосная, з густым пахам соснаў i ягад, цішыня. Не варушачыся, дрэмлюць зялёныя іголчастыя лапкі, як раса, блішчыць смала. На палянцы — чырвоныя россыпы суніц. Буйныя, як клубнічныя, галоўкі суніц усцілаюць яркім агнём зямлю.
Аня збірае ягаду за ягадай у вязаны лазовы кораб, час-ад-часу кладзе сунічку ў рот. «Тут можна набрадь адразу поўны кораб, — падумала Аня. — Пэўна, ніхто i не быў тут».
Аня любіць i ведае лес. Ёй тут, у гэтым вялізным лесе, бадай знаёмая кожная паляначка, кожная сцяжынка. Яна яшчэ малой, бывала, цэлымі днямі прападала ў лесе, заміраючы ад страху, хадзіла па цёмных сцежках, забіралася ў гушчары.
За дрэвамі ў цемры ёй маляваліся страшныя здані, ваўкі, мядзведзі, але неадольная сіла вабіла ў загадкавую глыбіню.
Далей, з боку паляны, на ігліцы i ў траве Аня заўважыла ўмяціны. Сляды ад ботаў. Аня знайшла на пясчанай лапінцы два ясныя адбіткі: дзяўчыне здалося, што невядомцы былі ў вайсковых ботах.
Ззаду хруснула. Яна азірнулася i ўбачыла высокага чалавека ў вайсковым адзенні з партупеяй цераз плячо, без шапкі. Бялявыя густыя валасы рэзка аддзяляліся ад чырвонага загару шырокага ілба.
Чалавек спакойна пазіраў на яе. Усміхнуўся.
— Добры дзень!
Падышоў, узяў ягад з кораба.
— Смачныя ягады! — пахваліў, неўпрыкметку дапытлівым вокам акідваючы постаць Ані.
— Бярыце яшчэ, — сказала Аня.
Вайсковы чалавек моўчкі ўзяў яшчэ жменю i стаў кідаць у рот. Чалавек быў няголены, i гэта надавала яму пажылы выгляд, насуперак маладому выразу вачэй.
Кінуўшы ў рот некалькі ягад, прамовіў:
— Добрыя ягады. У нас, бадай, горшыя.
— Дзе гэта ў вас?
— Там, — чалавек махнуў рукою ўбок. — Далека.
На баку яго ў кабуры ляжаў пісталет ТТ.
— Адкуль сама? — гледзячы ў вочы, проста, з прыяцельскай ноткай, нібы ён яе ведае, запытаўся чалавек.
— З Чапліч.
— З Чапліч?.. Далека адсюль да ix?
— Кілометры два.
Ён пацікавіўся, ці ёсць немцы ў сяле, дзе яны стаяць. Аня, расказаўшы пра гэта, запыталася: — Туды ідзеце? (Яна махнула на ўсход). Чалавек узяў суніц у руку, кінуў некалькі ў рот, кіўнуў галавою.
— Дзе тут лепш ісці на Полацк?
Аня адказала. Потым уласцівым ёй пачуццём адчуўшы, што гэты чалавек сапраўды свой, што яму патрэбна дапамога, яна без усякай перасцярогі адразу запрапанавала:
— Я магу вас правесці…
Чалавек, відаць, здзівіўся такому хуткаму рашэнню, але нічога не адказаў, — ён таксама рызыкаваў i не ведаў: верыць ці не верыць гэтай незнаёмай дзяўчыне, якая сама набіваецца ісці ў небяспечны шлях.
A дзяўчына, не даючы разважыць, працягвала далей, нібы ўжо ўсё было вырашана.
— Вы тут застанецеся. Або не, лепей пройдзем бліжэй да сяла. Там ёсць адно глухое месца — ніхто не ўбачыць. А я пайду ў сяло, занясу ягады, скажу сястры, каб не чакала i не трывожылася… A ўвечары мы выйдзем, добра?
Аня, не чакаючы згоды, узяла кораб i павесіла на плячо. Яна не любіла марудзіць.
— A калі я цябе зараз завяду ў паліцыю, — чалавек узяў Аню за руку. — Можа, я правакатар?
— Вы — правакатар? Вы — лейтэнант, засталіся ў акружэнні… Тут недзе недалёка ад вас хаваюцца некалькі байцоў вашых.
Лейтэнант здзівіўся зноў, але стараўся не выдаць гэтага.
— Чаму вы так думаеце?