Выбрать главу

— Таму, што тут ёсць сляды не толькі вашы, i яшчэ — таму, што дрэнны той лейтэнант, які застаўся адзін… А вы, здаецца, не такі… А што вы мяне палохаеце, — гаворыць аб тым, што вы самі няўпэўнены. Не верыце мне… Не бойцеся, я не падвяду!

I чалавек згадзіўся. Гэтай бялявай, худзенькай дзяўчыне нельга было не верыць.

…Увечары, калі добра сцямнела, Аня выйшла з сяла.

У лесе яна сустрэлася з лейтэнантам, з якім было пяць байцоў.

Усю ноч без супынку ішлі па сцежках, а то i проста па полі, мінаючы вёскі, варожыя паліцэйскія пасты. Калі добра развіднелася, яны былі ўжо на ўскрайку лесу поблізу невялікага мястэчка, кілометраў за трыццаць ад сяла.

— Дай руку, сястра, — сказаў адзін з байцоў. — Дзякуй табе… Жыць буду, не забуду.

Ён памаўчаў, відаць, яшчэ хацеў штосьці сказаць, але не сказаў нічога, а раптам сціснуў Аніну далонь так, што занылі пальцы.

Другім стаў развітвацца лейтэнант.

— Дзякую, Анна Іванаўна. I ад мяне i ад усіх.

Аня перабіла яго.

— Нашто дзякаваць столькі? Хіба-ж я магла інакш? Якая трэба яшчэ падзяка — толькі-б дайшлі…

— Так, дайсці-б. Далека вельмі!

— Слухай, Анна Іванаўна, — загаварыў лейтэнант, — думаю, не памыляюся, што кажу гэта. У лесе за паставамі я захаваў вінтоўкі. Людзі палеглі… A вінтоўкі я падабраў i закапаў. Патрэбны будуць, можа, каму-небудзь з нашых, — аддай ix…

Ен выняў з кішэні лісток паперы.

— Тут усё напісана, як знайсці тое месца.

Ен даў паперку, зашпіліў кішэню i адразу прамовіў да сваіх:

— Пайшлі.

Яны хутка зніклі ў росных кустах. Ані, калі яна, трымаючы ў руцэ паперку, засталася адна, зрабілася раптам журботна, нібы рассталася з сябрамі.

Гадзіны дзве Аня адпачыла ў лесе, што абуджаўся ад начной цішыні, а потым, як угрэла сонца, падалася назад. Яна адчувала сябе змарнелай. Бяссонная ноч i трыццацікілометравы начны шлях даваліся ў знакі. Балелі ногі, i яна некалькі разоў садзілася адпачываць.

Дадому Аня дабралася толькі пад вечар.

IIІ

Ішлі дзень за днём, аднастайныя, здавалася, незвычайна доўгія i пустыя. Аня ўсё таксама-ж хадзіла на поле, на агарод, старалася дапамагчы Арыне, i ўсё таксама-ж за ёй услед хадзіла адчуванне адзінокасці, адарванасці, i спусцеласці, i непакой аб тым, што трэба штосьці рабіць, штосьці рабіць для тых, што на фронце, для той вялікай справы, якая чакала яе.

Дзе хлопцы, дзе Андрэй? Вось каго-б знайсці, вось хто-б даў ёй працу…

Але ішлі дні, — хутка тыдзень будзе, — а яна не магла знайсці нікога i вымушана была сядзець, адна, адна…

I вось зноў знайшлася справа.

— Анечка, — усхвалявана зашаптала Арына, — у жыце тры чырвонаармейцы. Раненыя ляжаць… У сяло не паказваюцца — баяцца, што гітлераўцы расстраляюць ix…

— Дзе ў жыце?

— На нашым полі, каля трох бяроз.

— Ты нікому не казала пра гэта? — запыталася Аня.

— Нікому.

— Добра… I не кажы нікому.

«Памагчы ім», — падумала Аня. Гэтая думка адразу захапіла дзяўчыну, якая не так занепакоілася, як узрадавалася, адчуўшы, што зноў з’явіўся раптам клопат. Яна пачне з гэтага… А там… а там будзе відаць, што рабіць…

— Мы ix перанясем да цябе ў хлеў, добра?

Як толькі сцямнела, Аня накінула хустку i ціха выйшла з хаты. Услед за ёй стукнула клямкаю, выйшла Арына. «Пайду з табой, — прашаптала яна і, нібы апраўдваючыся, дадала: —Яны-ж параненыя, трэба весці».

Мінулі хлеў, між густых зарасляў кіяшніку i маку, што буяў на агародзе, выбраліся на прыгуменне. Каля цёмнай сцяны гумна Аня прыпынілася, прыслухалася.

За гумном — поле. Туды хадзіць ноччу забаронена. Стараста гаварыў, што на гэта ў гітлераўцаў ёсць строгі загад.

Ці не заўважылі ix? Не, не заўважылі, здаецца.

Ах, якая цішыня вакол. Няўжо-ж толькі што змерклася! Калісьці (дзіўна, гэта-ж было менш месяца таму назад, а, здаецца, даўно-даўно) утакі час сяло як-бы абуджалася пасля дзённай цішыні. Вярнуўшыся з поля, хутка павячэраўшы, збіраліся дзяўчаты i хлопцы каля прызбаў. Усплёсквалі ў начным змроку звонкія маладыя галасы, час-ад-часу гамонку перабіваў вясёлы дружны рогат або раптоўны візг дзяўчыны…

— Пойдзем? — шэптам прамовіла Аня. Арына ціха адказала:

— Пойдзем.

Аня запыталася ў яе не таму, што вагалася, — ісці або не ісці, — Арына ведала, што аб гэтым у сястры не магло быць нават думкі. Аня пыталася, ці не перадумала яна, Арына: Арына — не адна, у яе ёсць сям’я…

«Добра, што месяц яшчэ не ўзышоў, — супакоіла сябе Аня. — Трэба хутчэй спяшацца, каб не застаў месяц».

Зблізу, ледзь не з-пад ног, раптам, як стрэл, вырваўся пагрозны свіст. Арына трывожна прысела.