Выбрать главу

Капалі зямлю i хавалі Сцяпана моўчкі, Павел амаль увесь час курыў.

— Ну, вось, далей пойдзем? — сказаў раптам Сяргей Паўлу.

— Пойдзем. Чаго-ж сядзець.

Яны не захацелі, каб Аня праводзіла: самі знойдуць, карта i компас ёсць.

Вярнуўшыся апоўнач у хату, дзе чакала сястра, Аня, як ніколі раней, адчула сябе пакінутай i адзінокай.

V

Дні цягнуліся нудныя, доўгія. Яна хадзіла па-ранейшаму на поле, у лес, i ўсё чакала, чакала, марыла, што ўсё гэта зменіцца, што знойдзецца справа, сапраўдная справа.

Аднойчы пад вечар прыехала ў сяло варожая калона. Тры салдаты, гамонячы аб нечым, рагочучы, накіраваліся ў хату. Арына спалохана замерла. Адзін немец, высокі, з вострым падбародкам, загадаў даць вядро. Аня бачыла, як ён выйшаў на двор, выцягнуў вады са студні, стаў заліваць у машыну.

Калі ён вярнуўся, паставіў вядро на лаўку, Аня запыталася:

— Далека фронт? — заўважыўшы, што салдат не зразумеў яе, дадала: — Советы, большэвікі—далека?

— Далека… — адказаў за яго другі, маладзенькі, блакітнавокі, збіраючыся ісці. — Смаленск ёсць нямецкі, цяпер хутка Масква.

Ён стукнуў у грудзі.

— Будзем хутка там…

«Няўжо Смаленск ужо ўзялі? I на Маскву ідуць? Быць не можа», — думала дзяўчына, сочачы, як яны ходзяць каля машын.

Хоць яна i не хацела верыць у гэта, ёй было трывожна. Да поўначы гаманіла Аня з Арынай, перабіраючы тое, што было, намагаючыся ўявіць, што будзе.

— Ты чакай. Бачыш, што робіцца, — супакойвала сястру, раіла ёй Арына. — Табе што, ты чалавек маленькі, дзяўчына… Што ты можаш зрабіць?

— Не магу я сядзець, Арына, — горача дыхала ў твар сястры Аня.

— А ты патрывай… Пара цяпер такая, што жыві ды аглядвайся. I галаву згубіць нядоўга. Яшчэ, дзякуй богу, што не чапляюцца да цябе — усе-ж ведаюць, што… настаўніца.

— Не магу я так! Не магу, ты разумееш?

Уранку Арына прибегла ад суседкі i сказала ўстрывожана, што на дарозе каля Купін падарвалі машыну з гітлераўцамі, што дзевяць салдат забіта.

Аню гэта вестка ўсхвалявала па-свойму. Значыцца, ёсць людзі, што не марнуюць часу, не сядзяць так, як яна. Дзе яны, як ix знайсці?

Зноў перад ёй асабліва ярка ажыў вобраз Андрэя Віткоўскага. Як з ім звязацца? Андрэй жыў раней з бацькам, але бацькі ўжо няма… Хто-ж можа ведаць пра Андрэя? Цётка?

Вярнуўшыся ў прыцемках з поля, яна зайшла да Андрэевай цёткі.

— А хто-ж яго ведае, дзе ён, вісельнік, — неспадзеўкі, злосна размахваючы рукою, амаль закрычала цётка. — Ён i бацьку да згубы давёў.

— Не ведаеце? — не паверыла Аня: ёй здавалася, што старая лаецца няшчыра.

— От што? Калі табе жыццё надакучыла, то ты як сабе хочаш. А мяне не чапляй!

Аня пагаварыла яшчэ з адной жанчынай, муж якой калісьці сябраваў з Андрэем і, мусіць, недзе хаваўся тут, — жанчына таксама нібы не ведала нічога пра Віткоўскага. Некалькі разоў Аня хадзіла ў лес, дзе-б маглі быць тыя, каго ёй так хацелася бачыць, але не знайшла нікога. Вяртаючыся, аднойчы, яна наткнулася на гітлераўцаў, — добра, што несла ягады, не затрымалі яе, забралі ягады i пусцілі.

I вось, калі Аня ўжо амаль страціла веру ў тое, што хутка ўдасца знайсці сляды партызан, Андрэй аб’явіўся сам.

Вечарам, калі Аня, падаіўшы карову, выходзіла з хлява, яе хтосьці ціха гукнуў з цемры. Яна паставіла вядро, зайшла за рог хлява.

— Хто тут?

Яна пазнала хто — па голасу, але яшчэ не верыла, — вельмі-ж доўга яна чакала! Перад ёй чарнела постаць, i хоць было цёмна, яна адчувала, — яго постаць!

— Добры вечар, Аня, — проста сказаў ён.

Яна прывіталася. Аня столькі думала раней пра яго i ў думках столькі гаварыла яму, але тут тыя словы кудысьці вылецелі. Ен загаварыў першы: пачаў распытвацца, чаму яна вярнулася, дзе была гэты час, што рабіла.

— Я ўжо некалькі дзён ведаю, што ты вярнулася.

— Кепска-ж у цябе, відаць, разведка працуе.

Ен адказаў:

— У разведкі ёсць другія задачы…

— Вядома. Толькі штосьці вы так замаскіраваліся, што i не знайсці вас.

— Затое мы ўсіх, каго трэба, знаходзім… Але я прыйшоў не для таго, каб спрачацца. У мяне, Аня, ёсць справа. Важная справа. Зробіш?

Аня знарок памаўчала, як-бы раздумваючы.

— Важная? Якая?

— Трэба пайсці ў горад, Аня… Мы хочам звязацца з нашымі людзьмі, што там працуюць. Яны табе раскажуць, як там справы… Мы ўсё не можам наладзіць сувязі… Ты зможаш пайсці?

— Добра, — сказала Аня. — Зраблю.

— Ты, Аня, улічы: зрабіць гэта не проста, задача твая небяспечная. Я табе дам тры адрасы, але ты будзь там асцярожна. Ёсць весткі: наладжвалі гэтыя дні аблавы. Можна наскочыць на засаду.