…Калі грабцы ўслед за Лізаветай i Грышкам гаманкім натоўпам рушылі ў вячэрнюю цемру ў напрамку буданоў, Алена яшчэ засталася на пракосах. Некалькі хвілін яна стаяла нерухома, зморана абапіраючыся на граблі, слухаючы галасы, што спакваля аддаляліся, потым выпрасталася, ускінула граблі на плячо i павольна пайшла, — але не ўслед за грабцамі сваёй брыгады, a ў адваротны бок, цераз непрыбраныя пракосы.
Каля цёмнай купы лазняку спынілася.
Алена каторы раз абвяла позіркам неба — над галавой нізка варушыліся важкія хмары. Правей, над чорным ламаным абрысам лесу, зелянела вялікая лапіна з мігатлівымі зорамі; яна была падобна да няскошанага лугу, усыпанага кветкамі. Злева, на даляглядзе, раз-два мігнулі зарніцы.
Тут, пры лазняку, канчаюцца рады, якія грабцы з яе брыгады не ўправіліся прыбраць…
Калі-б не збіралася на дождж, Алена не трывожылася-б за гэтыя рады: невялікая бяда — не прыбралі сёння, дык прыбяруць заўтра, абы толькі была трава не мокрая…
Усе прыкметы, аднак, паказвалі на дождж.
Вечар быў млосны, дзённая спёка ўжо сышла, але ў паветры яшчэ патыхала духменем…
З вялікім намаганнем прымусіла сябе Алена адарвацца ад гэтых непрыбраных пракосаў i пайсці наўпрасткі цераз луг следам за ўсімі, да буданоў.
Калі яна падышла да вогнішча, пры ім сядзела некалькі чалавек, што канчалі вячэраць. Усе іншыя разышліся. Сучча на вогнішчы дагарэла, i цяпер, то ўспыхваючы, то хмурачыся, тлелі зыркія барвовыя вугольчыкі. Алена намацала ў цемры за вогнішчам сухую ламачыну, адламала ад яе галінкі. Вогнішча не ўзгаралася. Алена нахілілася да вуголля, пачала дзьмухаць, пакуль не ўспыхнуў весела агеньчык.
«Як рана сёння ляглі спаць, — падумала яна. — Відаць-такі вельмі ўсе змарыліся». У другія дні, можа, да світання рассыпаўся адсюль пa ўсёй сенажаці малады нястрымны смех, суладна разліваліся песні.
Яна разламала таўсцейшую галіну i паклала на агеньчык.
Полымя ўспыхнула ярчэй, з трэскам весела пабегла па ламаччы. Цемра адступіла ад дуба, што стаяў непадалёк, асвятліўшы тоўсты, закаваны ў тоўстую кару камель. Угары засвяцілася густое лісце i жылістае сплеценае галлё.
Алена адсунулася ад агню, які пачаў патыхаць гарачынёю. На яе твары, задуменным i неспакойным, з шыракаватым добрадушным ротам, на тонкай шыі, на шырокіх працавітых далонях, на старэнькай з нейкімі палінялымі кветкамі кофтачцы хадзілі светлыя цені. Была яна з выгляду кволая, непрыкметная, толькі рукі мела дужыя, сапраўдныя сялянскія рукі, — яны цяпер спачывалі на каленях.
Жанчына, што зварыла вячэру, наліла ў пагнутую бляшаную міску крупніку, падала Алене.
Пасля вячэры пры вогнішчы засталіся толькі Алена ды Малання, хударлявая старая жанчына, з вострымі зеленаватымі вачыма, з сярдзітым заломам брывей. Падсеўшы да брыгадзіра, Малання стала распытваць, як ідзе ў калгасе жніво.
Ад таго часу, як пачалі жаць, большасць калгаснікаў паехала ў поле; на лузе пакінулі Маланню ды некалькі маладых касцоў i грабцоў. Яны тут днявалі i начавалі. Весткі пра жыццё ў калгасе, да якога адсюль было сем кілометраў, прыносілі людзі, што па той ці іншай справе наязджалі сюды. Алена прыехала з калгаса толькі ўчора, усе першыя дні жніва яна працавала на полі, i Малання цяпер не давала ёй спакою сваімі роспытамі.
Нагаманіўшыся, Алена i Малання падняліся, пайшлі ад вогнішча, якое на той час зусім згасла. Малання адразу падалася ў будан спаць, a брыгадзір нейкі час стаяла на дварэ. Вечар быў па-ранейшаму задушны i млосны. У натруджаных Алёніных нагах млела стома.
«Жніво заспела, а тут касавіца не спраўлена, — варухнулася неспакойная думка. — Да ўсяго — гэты дождж… Сена, як перац, — аж шамаціць, а тут, чаго добрага, змокне ўсё…» Яна скубнула са страхі будана жмут травы, скамячыла — сена было сухое, як удзень, раса не прыхапіла яго.
«Каб не спалі людзі, — хоць ты цяпер прыбірай».
За лесам, на чорным даляглядзе, нясмела міргалі зарніцы. Раптам да яе дайшло мернае, аднастайнае — ч-чап-чап-чап; гэта плыў на Прыпяці параход з Мазыра ў Кіеў. Ён праходзіць кожны раз у адну пару, — хоць-бы калі прамінуў ноч…
Прыгнуўшыся, увайшла ў будан. Малання ўжо спала; побач з ёю, шырока раскінуўшы рукі, нібы намагаючыся заняць увесь будан, ляжала Лізавета. Алена адвяла яе руку ўбок, прылегла поруч з дзяўчынаю. Ледзь толькі заплюшчыла вочы, адразу правалілася ў забыццё. Нібы не было ні трывогі, ні клопатаў.