Выбрать главу

Яна заснула так моцна, што здавалася — да рання нішто не абудзіць яе.

Аднак не мінула i поўгадзіны, як Алена неспадзявана прачнулася — трывожная, з такім прыкрым адчуваннем, быццам пабачыла непрыемны сон. Напэўна, непакойныя думкі не пакідалі яе i ў сне.

Устала, выйшла з будана, зірнула на неба. «Няўжо-ж-такі не пройдзе бокам?»

Хмары ў чорным небе па-ранейшаму бесперастанку варушыліся. Непадалёк, на міг асвятліўшы блізкія кусты, палыснула бліскавіца.

Алена вярнулася ў будан. Драмала яна неспакойна, так што праз сон чула вуркатанне далёкіх грымотаў. Калі яна абудзілася зноў, у грудзях штосьці ныла. Паветра пасвяжэла, варушыўся хоць ціхі, але неспакойны i густы вецер, шамацеў сухім лісцем над галавою, у страсе будана.

«Дождж хутка!» — кальнула здагадка.

Алена паднялася, выбралася з будана. Змрок, што ахутваў усё наваколле, быў цяпер не такі густы, як з вечара. Справа на небасхіле ўсё яшчэ зелянеў шматок неба з мігатлівымі зорамі. Ён не пашырыўся, як чакала Алена, a звузіўся.

У страсе будана трывожна шалясцела сухое лісце. З Прыпяці, як i раней, даходзіла бяссоннае ч-чап-чап-чап, — параход, відаць, аддаляўся, бо шум яго пацішэў…

«Прыб’е сена… Чакай пасля, пакуль прасохне. Будзеш сядзець, як прывязаная, каля гэтых пракосаў…»

A ўсё было-б інакш, каб яны хоць скапілі. Пройдзе дождж, выблісне сонейка, разварушы капу, не паспееш азірнуцца — падсохне. Бяры ды стагуй пахучае, як рута, сена. Крыўдна Алене яшчэ таму, што сена несабранага засталося мала, за дзве гадзіны, каб добра ўзяліся, дакончылі-б. Яна з вечара збіралася папрасіць людзей пасля вячэры вярнуцца на пракосы, але, як падышла да вогнішча ды пабачыла, якія стомленыя ўсе, перадумала. Цяпер Алене здавалася, што чакаць болыш нельга. Трэба хутчэй будзіць усіх…

У гэтую хвіліну яна пачула прыцішаны далечынёю працяжны гудок парахода i падумала, што там таксама не спяць. I на полі, мусіць, многа людзей не спіць — возяць снапы ці сціртуюць…

Ледзь толькі намерылася яна пабудзідь Маланню, як убачыла, што старая выбіраецца з будана.

— Не спіцца, цётка Малання?

— Не спіцца, — прабурчэла старая. — Дождж будзе, хай ён згіне… — Яна ўзялася рукой за спіну i застагнала: — О-ох! Паясніцу ломіць. Не дай бог, у крук сагне. Тады мой зноў спакою не дасць. Гэта, скажа, за тваю злосць!.. Аленка, як-жа тое сена, што пры лазняку?

— Я цяпер вось i думаю пра гэта. Трэба зараз прыбраць, — адказала Алена, з радасцю адчуваючы, што старая непакоіцца пра тое самае. — Я хачу, цётка, пабудзіць людзей…

— А што-ж! Будзі, — сказала рашуча старая. — Усіх будзі!..

— Я скажу — баявая трывога, — прыйшло раптам Алене ў галаву. — Як у партизанах…

Першай яна раскатурхала Лізавету:

— Лізавета, a Лізавета, трывога!

Тая хутка ўсхапілася, ударыўшыся галавою аб нейкі сук у будане, спрасонку не ўцяміла.

— Што? Трывога? Якая трывога?

— Сена трэба даграбці… Дождж!

— А-а… Я зараз!

Калі ішлі на пракосы, былі маўклівыя i ціхія. Грыша Атрошка спрасонку спатыкнуўся аб купіну, басам вылаяўся.

— Ліха на ix, наставяць тут купін! — пакпіла Лізавета.

Раптам чорнае неба расшчапілася, успыхнула зломамі агністая шчыліна, i сіні бляск ураз выхапіў з цемры зубчасты край лесу, копы, пракосы, людзей, што ішлі з граблямі.

Праз хвіліну наваліўся змрок, чорны i няжкі. Пасля святла ён здаваўся яшчэ чарнейшым, чым звычайна. На луг упаў i пакаціўся гром. Гэта адразу абудзіла ўсіх, адагнала дрымоту. Людзі пайшлі ўподбег.

— Тут!.. Пачынайце! — скамандавала Алена, калі дайшла да непрыбраных пракосаў.

Алена першая зачапіла граблямі сена з краю пракоса. Xутка i старанна зграбала яна траву, скатвала ў вал. Вал рабіўся ўсе большы i каціць яго станавілася з кожным крокам цяжэй.

Аднак яна старалася не прыпынянь ходу. Адкуль толькі сіла бралася ў гэтай кролай з выгляду жанчыны! Звычайна павольная, ціхая, Алена ў гэтую трывожную хвіліну нібы перамянілася.

Поруч з ёй вядуць свае пракосы Малання i Лізавета. На першай пары ўсе трое ідуць разам, потым Малання пачынае патроху нібы адставаць.

Алена хутка i звыкла варочае граблямі. Ёй няма калі сачыць за тымі, што грабуць разам з ёю, аднак ні на хвіліну яна не губляе адчування, што тыя поруч. Гэта прыдае моцы. Нібы не адна яна коціць свой вал, а коцяць гэты вал разам з ёю i Малання, i Лізавета, i Грышка. Усе яны зліліся з Аленай у адно. Нібы гэта не розныя людзі, a адзін чалавек, дужы, многарукі…

Грабці нялёгка — сена ледзьве віднеецца на цёмнай пакошы. Добра яшчэ, што месца роўнае — ні ямкі, ні купіны.

Затое капіць лягчэй… «Як там, ці ўпраўляюцца складаць копы?»