Праз некаторы час Алена заўважыла, што стала адставаць. Малання выйшла наперад. «Жылаватая», — успомніліся Алене словы людзей, якім даводзілася працаваць са старою.
Тыя казалі, што Малання — нястомная i што мала хто можа зраўняцца з ёю ў працы.
Цяпер Алена ўжо не думала пра тое, каб выперадзіць Маланню, а старалася як-небудзь параўняцца са старою. Яна пачала хутчэй грабці, мацней кідаць граблі, коцячы вал, i неўзабаве дагнала Маланню.
Доўгі час яны зноў ішлі поруч. Алена не здавалася, аднак, яна стала адчуваць, што ёй з кожнай хвілінай усё больш не хапае паветра, што яе рукі дрыжаць ад знямогі.
«Зараз прыцішыць». — думала яна пра старую, але тая не прыпынялася, усё ішла i ішла наперад. I Алена не вытрымала, пачала пакрысе адставаць…
Зноў палыснула бліскавіца. Недзе зусім побач раскаціста бабахнуў гром — нібы штосьці агромністае звалілася на зямлю i з трэскам разляцелася на дробныя чарапкі. Зямля скаланулася.
— Ой, матанькі! — спалохана прысела Малання. — Пранясі ты, акаянны, стараною…
I зноў — цішыня. «Бачыш ты, вусцішнаснь якая! — падумала Алена. — Ці ўправімся?.. Каб толькі не лінуў зараз». Неспадзявана аднекуль з боку лесу вырваўся парывісты вецер, з посвістам i віскам прамчаўся над пракосамі, шпурнуў у Аленін твар абярэмкам сена. Вакол адразу пацямнела. Шыю абліло свежасцю i холадам, быццам вадою.
Алена гукнула Маланню i Лізавету:
— Хутчэй, — яна кінулася ў цемру.
Колькі часу яны працавалі — не ведалі. Можа гадзіну, можа болей, а можа i менш за поугадзіны.
Яны мала не паспелі скончыць. Грабны ўжо былі пры самым лазняку, а тыя, што капілі, складалі ледзь не апошнюю капу, калі зашумеў дождж.
Дождж валіў сцяною, i яго шум было чуваць яшчэ здалёк. З неба адразу секанула вадзяною хваляю.
A ў наступную хвіліну ўсё навокал танула ў шуме…
Алена спярша намерылася была падграбці сена вакол капы, але дождж так сыпануў, што яна, як прыйшлося, ускінула граблі ды наўпрасткі пашыбавала да бліжэйшага дубочка, які прыкмеціла, калі грабла пры ім сена.
Тут толькі, прыціснуўшыся да дубка i аддыхваючыся, слухаючы, як угары порстка лапоча ад дажджу лісце, яна адчула, што адзежа ўся прамокла i прыліпла да цела. Прабіраў холад… A іншыя дзе? Дзе Малання, дзе Лізавета? Мабыць, пабеглі да буданоў; яна ціснулася пад дубком адна.
«Трэба было-б i мне… Усё адно змокла…»
Але выбірацца з-пад дубка, які хоць i ненадзейна, а ўсё-ж хаваў ад дажджу, выбірацца пад ручаі, што, як з латакоў, шчодра ліліся з неба, — не наважылася. З лісця на галаву сыпаліся важкія i халодныя кроплі, цяклі па твары, сплывалі ў рот… Яна выцерла твар мокраю далоняю…
«Усё-ткі ўправіліся», — падумала яна, i ў сярэдзіне, у грудзях, пацяплела.
Яна думала пра тое, што ўдзень, як толькі перастане дождж, скончаць касінь той лапік, які застаўся, што, калі здарыцца добрае надвор’е, дні за два, ўсё прасохне i можна будзе ўсё прыбраць i застагаваць, а людзей накіраваць на поле, на жніво — там яны даўно патрэбны…
А дождж сек i сек па маладому дубку, i ўгары нясціхна лапатала лісце, i ручай за ручаём сплывалі на яе галаву, твар; аднак Алене было светла i легка, ён цяпер ужо не трывожыў так, як раней, гэты нежаданы дождж.
1947 г.
Гарачы жнівень
Перад раніцай прашумела навальніца.
На світанні яна сціхла, дождж сышоў на захад, да Прыпяці, а за ім хутка сплылі i хмары. Над вымытымі вадой палямі засінела чыстае неба i зазіхацела яркае, жнівеньскае сонца. I неба, i сонца, пераліваючыся вясёлкавымі колерамі, адбіваліся ў незлічоных, буйных кроплях, што былі шчодра рассыпаны на пожні. Здавалася, што гэта не кроплі, a крупінкі сонца, што разам з дажджом асыпаліся на зямлю.
Калі сонца паднялося вышэй, на зямлю зноў сышла гарачыня. Луг ахутала трапяткая цякучая смуга. З гэтага дня гарачыня не спадала ўвесь жнівень. Дні стаялі ўвесь час пагодныя, духменныя; неба сінела высокае, бяздоннае i чыстае — на ім толькі зрэдку ў недасяжнай вышыні зіхацелі белыя, як пух, воблачкі.
Было ў самым разгары жніво; жыта ўжо зжалі, а ячмень i пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакаючы вострых сярпоў. Пад палючымі праменнямі сонца хутка выспявалі загоны аўса.
…Неспадзявана ўзгарэлася спрэчка.
Спрэчка
Канчалася абедзенная сцішанасць. Поле, застыўшае на нейкую гадзіну ў млявым спакоі, пачынала ажываць.
Загаманілі жанкі, аднекуль з дарогі данеслася рассыпчатае сакатанне калёс. Каля недажатага загону ў Аленінай брыгадзе стала люднець. Праўда, шмат каго яшчэ не было. Некалькі жней, што вярнуліся з абеду, чакаючы, пакуль падыйдуць астатнія, сядзелі на прыпеку на пожні, ціха, аднастайна гаманілі. Іншыя драмалі, схаваўшы галовы ад сонца між снапамі ў бабках.