— Трэцяя брыгада нашу жняярку забрала! — з роспаччу крыкнула Вольга.
— Нашу жняярку?! Хто табе гэта сказаў?
— Я сама бачыла!.. Гавораць, яна ім трэба — ячмень асыплецца.
— А як-жа наш, хіба не асыплецца?
— I я-ж тое, Алена, казала…
— Хто загадаў так?
— Хто? Ведама хто — брыгадзірша! Насця!
Алена не знайшлася адразу, што сказаць, ад абурэння. «Ячмень у яе, бач ты, асыплецца. А у мяне — дык не! У мяне няхай прападае!»
— Не выйдзе-ж па-твойму!.. Дай каня! Дзе, скажы, жняярка?
Вольга паслухмяна саскочыла на зямлю, падала Алене павады.
— Каля кузні…
Жняярка дасюль не магла ніяк скрануцца ад кузні, з таго месца, дзе яе запынілі вязальшчыцы з Вольчынага звяна. Яны разам з Вольгай ішлі на калгасны двор, каб адтуль пры жняярцы пайсці на поле. Убачыўшы жняярку каля кузні, жанкі адразу спынілі яе. Жняяр, вяртлявы, як уюн, бойкі падлетак з кірпатым аблупленым носам, разы тры намагаўся вылузацца з «акружэння», заліхвацкі пасвістваў на коней, лейцамі ix сцябаў, але вязальшчыцы не выпускалі.
Хутка да жняяркі прыбегла Насця. Яна адразу накінулася на Петруся:
— Я табе што казала? Чаму ты тут валаводзішся?.. А вы? Гэта вашая справа? — чорныя Насціны вочы нацэліліся на вязалынчыц. — Без вас — калі трэба будзе— разбяруцца. Чым ацірацца тут, лепш рабіць ідзіце.
— Не мела ты такога права нашу жняярку… — пачала была адна вязальшчыца, але Насця i слухаць не стала.
Як толькі Пятрусь убачыў поруч з сабою Насцю, ён падняў галаву вышэй i, не зважаючы на едкія рэплікі i насмешкі, тузануў лейцы. Коні крануліся.
Так-бы i звезла Насця жняярку, каб на той час якраз не паспела Алена. Яна, як дагнала шумлівую працэсію, яшчэ не спыніўшы каня, зляцела з яго i кінулася да хлапчука. Неяк так здарылася, што Насці яна ў першую хвіліну не заўважыла. Адчуўшы надмогу, калгасніцы з брыгалы Алены сунялі жняярку.
— Ты куды? — хапілася Алена за лейцы i тузанула ix з рукі Петруся. Той не выпусціў ix.
— Куды трэба, туды i еду…
Алена загарэлася. Невялікі твар яе, усыпаны каля малых, шэра-сініх вачэй i на тонкім носе дробнымі крапінкамі вяснушак, густа пачырванеў.
— Гэта наша жняярка, разумееш? Нашай брыгады! Ты павязеш яе зараз-жа назад да двара, — з натугай стрымліваючы ўзрушанае дыханне, строга загадала яна.
— Нікуды я не паеду.
Упартасць Петруся прывяла Алену ў замяшанне. Яна азірнулася i тут нечакана ўбачыла Насцю — у прыгожых чорных Насціных вачах трапятала ўсмешка, задзірыстая, самаўпэўненая. Алена не адразу знайшла, што сказаць…
— Чаму ты бярэш жняярку? Цяпер-жа мая чарга… — прагаварыла Алена пакрыўджана.
Двое
Тым часам Ігнат Баршчэўскі, Маланнін чалавек, пасвіў на поплаве каля рэчкі Тур’і коней. Сонца загнала Ігната ў цень ад чэзлай алешынкі, што стаяла на ўскрайку поплава.
Усё ў наваколлі нібы замерла ад спякоты. Ігнат час-ад-часу пазіраў на сонца, спадзеючыся, што яно пасунулася на захад, але кожны раз расчароўваўся. Разамлелае сонца як быццам застыла ў нерухомай вышыні.
Коні лена церабілі траву або драмалі, адмахваючыся ад назол-сляпнёў. Адзін худы, кашлаты конік бесперастанку цягаўся па поплаве — то кусане каго-небудзь, то гарэзліва выбрыкне, i ўсё, нягоднік, як-бы знарок наравіць адысці ад гурта, да балота.
— Косці-ік! Адгані-і ты яго ад «Льва-а»! — ляціць праз увесь поплаў да Тур’і сіплы Ігнатаў голас. Следам за гэтым Ігнат кашляе, ціха сам сабе бурчыць: — Паесці спакойна не дасць, баламут…
Каб давялося адганяць коніка самому, папамерыў-бы Ігнат поплаў. Але на шчасце прыліп да яго добраахвотны памочнік, Вольчын сын, дзевяцігадовы бялявы хлопчык Кастусь. Хлопчык больш за ўсё на свеце любіць коней. Ён згодзен хоць усё лета бясплатна бегаць з вузлаватай пугай за коньмі, абы толькі дапускалі да ix.
— Бач ты, падла, утрапення на цябе, нячыстая сіла, няма… — з абурэннем сіпіць Ігнат, пазіраючы на рудога коніка, які, адбегшы ад «Льва», мімаходам скубнуў за шыю маладую крутабокую кабылу. Коніка жартам празвалі «Трахім Уласазіч», у памяць селяніна-нябожчыка, які, гаварылі старыя людзі, быў характарам вельмі падобны да гэтага коніка: любіў заўсёды лезці туды, куды не трэба было.
«Трахім Уласавіч» з Аленінай брыгады. Алена вылучыла яго для работы пры жняярцы, бо гэта адзін з мацнейшых у брыгадзе коней.
Затое Ігнату вельмі да спадобы «Леў». Рахманы, ляны «Леў» цэлымі днямі дрэмле, — зрэдку неахвотна скубне траўку-другую ды зноў спіць. «Львом» назвалі яго, відаць, у насмешку, бо ў гэтага «Льва» толькі i было львінага, што доўгая калматая грыва.