Ігнат у гэты дзень вельмі мала дбаў пра коней. Коні толькі заміналі яму. Ігнату карцела іншае, — ён кідаў нецярплівыя позіркі на вёску…
— Косці-ік! — не стрываў, нарэшце, Ігнат. — Хадзі сюды-ы…
Кастусёк, трымаючы рукамі закасаныя зрэбныя штаны, борзда падбег.
— Ты тут панаглядай за коньмі. Ты не бойся, я хутка вярнуся — праз гадзіну якую ці можа дзве. Пайду… працадні праверу. Там, бач, мне штось мала запісалі, дык я хачу сам паглядзець… Можа, памылка якая ў канцыляршчыкаў выйшла…
— Добра, дзядзечка, я буду глядзець.
— Пільнуй, каб коні, барані бог, у балота не ўлезлі!
— Добра, дзядзечка, я не пушчу ix нікуды, — хутчэй адказаў хлопчык, баючыся, што Ігнат раптам перадумае i астанецца.
— А як прыйдзе хто, то ты скажы — пайшоў працадні праверыць… Тпр-ру, шэльма! Куд-ды ты?! — крыкнуў конюх на «Трахіма Уласавіча», які адыходзіў ад гурта да балота.
Кастусёк пабег напярэймы, a Ігнат з палёгкаю ўзняўся i хутка пашыбаваў у зараснікі алешніка. Калі Кастусёк завярнуў каня i прыйшоў назад да алешыны, Ігната ўжо не было відаць. Ён ішоў па чорнай тарфяной сцежцы, прадзіраючыся праз густыя зараснікі алешніку i пякучай балотнай крапівы, наўпрасткі да крайніх хат сяла. Кастусь паваліўся на Пастухову світку i таксама, як Ігнат, разморана выцягся. Ах, як добра быць дарослым конюхам!
— Тпр-ру, падла! Куд-ды ты?! — крыкнуў ён з месца, як Ігнат. От каб хлопцы-равеснікі бачылі, як ён тут адзін упраўляецца з коньмі, як ляжыць на пастуховай світцы!
Кастусь, аднак, ляжаў нядоўга. «Трахім Уласавіч», нібы сумысля, каб больш дадзець хлапчуку, усхадзіўся, як ашалелы. Ледзь толькі Кастусёк на хвілінку адыйдзе ад коней пад алешыну, каб паляжаць на дзядзькавай світцы, як гэты свавольнік наўпрасткі шыбуе да балота. I Кастусю, хоць яму так не хочацца ўставаць, трэба бегчы напярэймы.
Бегаў, ганяўся за конікам Кастусь, урэшце, змогся, стомлена паваліўся на світку i сам не заўважыў, як заснуў…
Разбудзілі яго вокрыкі. Кастусь соладка чмокнуў вуснамі, павярнуўся на другі бок, каб зноў заснуць, — яму вельмі не хацелася прачынацца, але ад яго чамусьці не адставалі.
— Ну-ну, хопіць спаць! Ды ўстань-жа ты, нарэшце, — ужо са злосцю сказаў неадчэпны голас.
Кастусь неахвотна расплюшчыў вочы.
Перад ім стаялі брыгадзір трэцяй брыгады Абуховіч Насця i яшчэ адна жанчына, незнаемая, — невысокага росту, хударлявая, са жвавымі чорнымі вачыма. Жанчына трымала ў левай руцэ аброць з вузлаватым пяньковым повадам.
— А дзе Ігнат? — запыталася пагрозліва Абуховіч Насця.
— Працадні пайшоў праверыць…
— Працадні пайшоў лічыць, — перакрывіла Насця. — A коні хай самі пасвяцца!
Кастусь яшчэ санліва паглядзеў на пашу, потым зірнуў на балота i сумеўся. Усхапіўся i ў другі раз, не верачы, паглядзеў… «Трахім Уласавіч» сядзеў у гразі, толькі спіна ды галава вытыркаліся з твані. Увапёрся-такі ў балота, паганец! Але ўслед за гэтым Кастусю давялося яшчэ больш здзівіцца, бо ён убачыў, што побач з «Трахімам Уласавічам» з твані тырчыць калматая галава рахманага «Льва».
— Ну, от, угруз «Леў»! От i запражы яго, вазіць ячмень! Бяры яго! — з хваляваннем прамовіла хударлявая чорнавокая жанчына. Яна паглядзела на Насцю, нібы чакала ад яе адказу.
Кастусь моўчкі апусціў галаву. Ён так разгубіўся ад гэтага неспадзяванага здарэння, што, каб можна было, згадзіўся-б лепш скрозь зямлю праваліцца. Дзядзька Ігнат паверыў яму, як сталаму чалавеку, а ён вось не стрымаў слова. Як пасля гэтага дзядзька Ігнат будзе на яго паглядаць! I што хлопцы скажуць, як даведаюцца пра ўсё!
— Чаго-ж тут — трэба клікаць людзей ды выцягваць!
А ты назірай тут. Глядзі-ж, каб яшчэ які конь не ўлез, — строга наказала Насця.
Ігнат сядзеў за сталом у Гардзея Шкробата i смачна хлюпаў пахучым гурочным расолам, налітым у шурпатую гліняную місу. На стале стаяла літровая пляшка — самагонкі заставалася ў ёй пры самым дне. Ігнат i Гардзей сядзелі ўдвух. Старая Гардзеіха, сухая, як трэска, з бяльмом, корпалася на агародзе. Калі Ігнат увайшоў на двор, яна, пачуўшы скрып веснічак, выпрасталася, буркнула нешта няласкавае сабе пад нос i зноў пачала корпацца. Нават не адказала на прывітанне.
Шкробаты жылі адны. У сяле добра помнілі: быў у ix некалі сын, Радзівон, упарты, заўзяты: як наможацца на што, горла другому зубамі перагрызе, а не саступіць. Характарам пайшоў у старую Гардзеіху. Пры немцах зрабіўся начальнікам паліцыі, некалькі разоў вадзіў на партызан карныя экспедыцыі, меў нават ад немцаў жалезны крыж. Але партызаны злавілі яго i павесілі.
— Ты пі, — упяўшы на Ігната не п’янеючыя ад віна вочы, прасіў Гардзей. — Пі! Яна, братка, зелле. О! Душу лечыць. Як крыўда шкрабане мяне — я п’ю! Любую балячку гоіць…