Не толькі сына страціў Гардзей. Шмат чаго страціў ён, акрамя сына. Яшчэ калі Радзівон быў падлеткам, адабралі ў Гардзея багатую гаспадарку: свірны, хату, малатарню, вятрак, а яго самога саслалі ў далёкі Котлас.
У Гардзея — буйны не па росту твар, упарты падбародак, заросшы рыжай з сівізной шчацінаю. Адно вока раз-по-раз таргаецца нервова, i здаецца часам, што Гардзей некаму падміргвае. Ігнат ведаў, што ў немцаў Гардзей, які цяпер ужо некалькі месяцаў робіць у рамонтнай брыгадзе на дарозе, быў у вялікай пашане. Пабудаваў дом на чатыры пакоі, купіў дзве пародзістых каровы. Але-ж ва ўсім гэтым вінаваты не Гардзей, а сын яго, бо стары Шкробат да людзей i тады не вельмі чапіўся. Людзі кажуць, што маўчаў ён таму, што асцерагаўся партызан, але хто тое можа ведаць — ці баяўся ён, ці проста не хацеў служыць ворагам.
— Мы цяпер аднолькавыя, — у Гардзея нервова торгаецца вока, нібы падміргвае, — мы з табой у падазрэнні.
Я i ты… Чаго яны чэпяцца да чалавека: п’е — няхай п’е, каму баліць з таго? Абы справу рабіў.
Ігнат стараецца вызначыць, хто гэта «яны», тыя крыўдзіцелі. Думкі ў яго сталі цяжкія, непаслухмяныя, коўзкія.
— От i да мяне чэпяцца… Не так там, на дарозе, як тут… Яны. Ведама, сын, канечна, сваё крэўнае… Шкада, ведама. Але, сказаць, — бацька за сына не адказ.
Ігнат больш не слухае, думае ўпарта сваю непаслухмяную думку: яны… яны — гэта Марцін, Алена, Вольга… Малання — таксама выслужваецца, стаханаўка!
— А мне-е н-напляваць на ix!.. А я буду весяліцца, піць…
На душы Ігната легка i бесклапотна. Гардзей прыносіць новую пляшку i да краю налівае Ігнатаву шклянку.
— Пі! Весяліся, братка. Няхай яны грабуцца, а мы будзем — піць… Піць!.. Эх, шкада, Варывончыка засудзілі… Хлопец быў душэўны. Сапраўдны старшыня… Шкада, братка. Распадаюцца, разлятаюцца добрыя людзі!..
Гардзей сціснуў далонямі галаву, заплюшчыў вочы.
— А мне — напляваць на ix, — паўтарае Ігнат не слухаючы.
— Ён, братка, поўлітра першака адразу выпіваў. Толк ведаў чалавек у гарэлцы, не тое, што цяперашні… Бывала, прыйдзе з кладаўшчыком: «Гардзей, сляза божая ёсць?» Першак, значыцца. «Для каго няма, кажу, а для вас заўсёды, таварыш старшыня, знойдзем». А ён: «Люблю, кажа, разумных людзей», падае руку. О!..
Няма старшыні Варывончыка. Пасадзілі за п’янства, за растрату. Яны пасадзілі, яны — што хочуць, тое i робяць, у іхніх руках сіла.
«Але i я не без галавы. Што-небудзь i я кумекаю. Не лыкам шыты… Гне ix, гне!..» — думае гаспадар, халоднымі вачыма пазіраючы на Ігната i ўспамінае сына: «Ах, Радзівон, Радзівон, не слухаўся, не сцярогся…» Да сэрца падступае балючая жаласць i злосць.
Гардзей не ўмее забываць крыўду. Ён толькі ўмее цярпліва чакаць, чакаць, што нешта зменіцца. Усе гады, калі ён жыу у ссылцы, i пасля, калі вярнуўся ў Каранеўку, ён употай чакаў гэтай добрай пары. I яна была прыйшла, але ненадоўга. I ўсё-ткі нават пасля адступлення гітлераўцаў, калі ён другі раз згубіў усё, нават пасля гэтага ўдару жыве Гардзей. Праўда, згорблены, як ніколі, яшчэ пацішэлы, але ўсё-такі жыве i чакае…
Гардзей прыдушыў жаласць да сябе: «Перагрызецеся. Паясце адзін аднаго… Парадуеце яшчэ, людцы, мяне. Парадуеде… Быць не можа!»
— Алена i Насця паскубліся з-за жняяркі сягоння…
Гардзей смяецца, шчэрыць дробныя востранькія зубы.
«Можа, сказаць, што трэба памагаць скубціся?» Не, Гардзей такое не бразне марна, падумае.
— Не на добрае гэта. Кумекай! — асцярожна выціснуў Гардзей, з затоенай увагай працяў Ігната. Разумее ці не? Гардзей ніколі не траціў асцярожнасці i развагі — колькі-б ні піў. Нават калі, бывала, пад стол звальваўся, не траціў галавы.
— Мы цяпер адзінакія, — дадаў для бяспекі ён… I падумаў:
«Хто цябе ведае, што ты за чалавек. Цяпер то ты добры! A заўтра, можа, яшчэ ў сельсовет пойдзеш з даносам, што падбіваў. Скажаш, што спаіў знарок. Паспадзявайся толькі на цябе — з-за глупства клопату не абярэшся…»
Калі Ігнат выйшаў з хаты, было блізка да вечара. Ён некалькі хвілін пастаяў, трымаючыся за слуп веснічак, баючыся адарваць рукі, потым з натугай выпрастаўся i няроўнымі крокамі паклыпаў у кірунку поплава. Ледзь толькі конюх працерабіўся праз гушчар алешніку на поплаў, як убачыў каля балота людскі натоўп. Ігнат спыніўся і, хаваючыся ў алешніку, стаў глядзець, што там робіцца. Сцебанула здагадка, што здарылася нейкае няшчасце, бо звычайна ў гэты час людзей на поплаве не было.
Ён паправіў шапку i, намагаючыся ісці раўней, з насцярожанасцю падаўся да натоўпу. Людзі таксама заўважылі конюха i хмура паглядалі на яго. Кастусь вінавата апусціў галаву. Паводдаль ад людзей тупалі мокрыя, залепленыя граззю «Трахім Уласавіч» i «Леў». «Трахім Уласавіч» весела трос галавою, ад якой ляцелі брудныя пырскі…