Ігнат зразумеў усё.
— Ну-ну, падлічыў працадні? — накінулася Насця, калі Ігнат падышоў бліжэй. Яна з пагардай усміхнулася краямі тонкіх насмешлівых губ. Ігната гэтая ўсмешка апаліла, нібы варам.
— Чаго вышчарылася? — адразу ўскіпеў ён. — Падлічыў.
Нехта кпліва хіхікнуў:
— Ен, пакуль працадні лічыў, замарыўся. Гляньце, ледзьве на нагах трымаецца.
— Падлічыў? Ну дык скінуць цяпер частку. Праўленне за сёння адлічыць табе! Глядзі, што ты натварыў? — Насця кіўнула галавой на коней, толькі што выцягнутых з балота.
Ігнату хацелася кінуць у адказ што-небудзь абразлівае, але ён не адважыўся.
— Марцін табе не даруе гэтага. Я ўсё скажу. — Па голасу, якім гаварыла Насця, Ігнат зразумеў: «Мабыць, скінуць з конюха». Але, падумаўшы пра тое, што яго здымуць з працы, Ігнат не пашкадаваў. «Ну i хай, — i са злосцю вылаяўся сам сабе: — Напляв-ваць!.. Яшчэ крычыць на мяне. Я табе пакрычу!..»
Нягледзячы ні на кога, пацягся да коней. У натоўпе нехта сказаў услед: «Усыплюць гароху нашаму Атроху!»
Крыўда
Назаўтра пасля работы Алена забегла на хвіліну ў хату, памылася, хутка павячэрала i пайшла ў канцылярыю. Яе i Насцю выклікаў старшыня.
Марцін выпадкова трапіў на спрэчку: ён акурат ішоў у кузню праверыць, як каваль ладзіць плугі на асенняе ворыва. Падышоўшы да жняяркі, Марцін зразумеў усё без роспытаў. Аднак пры з’яўленні старшыні калгасніцы з абодвух брыгад паднялі такі гоман, даводзячы кожная сваю праўду, што яму прыйшлося некаторы час стаяць моўчкі i толькі слухаць.
— Усё? — запытаўся Марцін, як толькі зрабілася ціха. Жанкі маўчалі, пазіраючы на яго. — Усё, ці можа яшчэ будзеце? Не будзеце? Ну, любіце вы, казакі мае, пагаварыць. Пракрычалі вушы, а без толку. Пра ўсё гэта было рашэнне праўлення, — i ніякіх спрэчак не трэба… Няма чаго крычаць!
Ён гаварыў спакойна, крыху марудна, але цвёрда, i ад яго спакойнасці на распаленыя спрэчкай сэрцы жанчын нібы дыхнула свежым, цвярозячым ветрам. Яны чакалі слоў старшыні з нецярплівасцю i непакоем. Марцін паглядзеў на ўсіх, паўтарыў:
— Так, казакі мае, няма чаго крычаць!.. Жняярку — Аленінай брыгадзе i ніякіх спрэчак. I зараз-жа каб усе былі на полі — нечага марнаваць час!.. А Насця i Алена — заўтра вечарам у канцылярыю.
Ён павярнуўся i, злёгку абапіраючыся на гнуткі арэхавы кіёк, пакульгаў да кузні. У яго словах i рухах хавалася такая ўпэўненасць, што калі ён адышоў, ніхто ўжо не стаў спрачацца, людзі пачалі хутка разыходзіцца працаваць. Вязальшчыцы з Вольчынага звяна, задаволеныя i вясёлыя, пайшлі за жняяркай.
Алена ішла да Марціна з неспакойным сэрцам. «I чаму гэта ўсё налучылася, — такое прыкрае здарэнне… Усё добра ішло, гладка, i раптам — на табе… Цяпер хоць вочы ў каго пазычай — сорамна да Марціна ісці». З прыроды ўражлівая i простадушная, яна вельмі хвалявалася, уяўляючы размову, што хутка мелася быць з Марцінам.
На вуліцы Каранеўкі, як звычайна летнім адвячоркам, было людна i тлумна. У жнівеньскі дзень ад ранку вуліца ціха дрэмле. Рэдка-рэдка пачуеш тут голас чалавека. Затое поле поўніцца жыццём — спорна i дробна стракоча жняярка, важка, працавіта рыпяць на дарогах, няўклюдна пагойдваючыся, нагружаныя снапамі вялізныя, старанна ўціснутыя вазы, прывольна i шырока плыве жніўная песня. У поўдзень, калі ўсё ў полі млее ад няшчаднага палу сонца, сяло ажывае, каб праз гадзіну-паўтары зноў замерці ў дрымотным чаканні да самага вячэрняга прыцемку. Увечары, калі над Тур’ёю спакваля апускаецца белы, як дым над вогнішчам бульбяніка, туман, на вуліцу зноў уваходзіць неспакойнае чалавечае жыццё.
З поля вярталіся загарэлыя, запыленыя людзі. Старэйшыя, натомленыя дзённай працаю, ступалі паважна i спакойна, будзённа гаманілі пра свае гаспадарчыя турботы, пра калгасныя навіны, пра ўраджай — шмат што цікавіць старога калгасніка.
Дзяўчаты i падлеткі ішлі асобна. У ix гуртках чуліся звонкія рознагалосыя воклічы, гарэзныя жарты, выбухі смеху.
Каля хат, чакаючы бацькоў, стаялі дзеці. То адно, то другое дзіця, пабачыўшы яшчэ наводдалек бацьку або маці, з радасным воклічам, хутка мільгаючы нагамі, кідалася насустрач i разам з дарослымі паважна вярталася дахаты.
Калі Алена падышла да канцылярыі, то ўбачыла, што там ужо запалілі святло. У пакоі ішла ціхая гаворка. Акно было знізу завешана газетай, i хто гаварыў там, не было відаць.