На дварэ працяжна рыкала карова, чуўся клапатлівы гаспадынін голас: «Стой, стой, не варушыся, лысая… стой, кажу…» Канцылярыя мясцілася ў хаце калгасніцы, ранейшы будынак спалілі гітлераўцы.
Марцін быў удваіх з дачкою. Шасцігадовая Галька сядзела каля бацькі, задумлівага чалавека з крутым ілбом i залысінамі, што быў апрануты, як звычайна, у выцвілую ад сонца вайсковую гімнасцёрку з ордэнам Айчыннай вайны. Яна разам з бацькам схіляла сваю бялявую, падстрыжаную галоўку над паперкай, якую ён чытаў.
— Добры дзень, старшыня!..
— У каго яшчэ дзень, a ў мяне вечар. Бачыш, лямпу запаліў.
— Добры вечар, цёця Алена! — Галя жвава саскочыла з лаўкі, падбегла да Алены i радасна зашчабятала. — А мы з таткам на полі былі! Ячмень глядзелі… Валошак нарвалі!
— Ну! Валошак?
— Ага, валошак! Мно-ога! — Галя падбегла да лаўкі i прынесла жмут ярка-сініх пахучых васількоў, працягнула Алене. — Во, колькі!
— Многа, праўда. Малайчына!..
Галя, радасная, вясёлая, вярнулася да бацькі i, падціснуўшы пад сябе ногі, села каля яго.
— Газу толькі дарма псуеш, — каб схаваць няёмкасць перад Марцінам, папракнула Алена. — На вуліцы такая відната, людзі з работы яшчэ не прыйшлі, а ты ўжо святло запаліў.
— Вачэй сваіх дарагіх шкадую! Папсуеш — не купіш потым, — адказаў жартам Марцін. — Галінка, ведаеш аб чым я цябе папрашу, бяжы да цёткі Насці, скажы, каб яна ішла хутчэй, добра? А потым ідзі дахаты…
— А ты хутка прыйдзеш? — запытала Галька.
— Хутка, Галька, хутка…
— Глядзі-ж прыходзь, а то я буду нудзіцца без цябе…
Галя з вайны асталася сіратою — маці яе не вярнулася ў сяло з партызанскага атрада. Бацька прыйшоў адзін. Ён убачыў на сваім селішчы толькі груды абгарэлага, задымленага камення ды тлеючыя галавешкі, ад якіх ледзь цягнуўся сіні едкі дым. З той пары ён стаў жыць у хаце замужняй сястры, але звычайна прыходзіў туды толькі начаваць, бо амаль заўсёды быў заняты рознымі калгаснымі клопатамі.
Сястра глядзіць па яго просьбе за Галькай. Яна вельмі любіць дзяўчынку, але тая ўсё-такі нярэдка сумуе, «нудзіцца», як яна кажа, калі бацька, здараецца, за ўвесь дзень не знойдзе часу праведаць яе…
— Якая-ж яна падобная да Ганны, — з цеплынёй i замілаваннем сказала Алена, калі Галя выбегла.
— Так, падобная… Падобная, — задумліва прагаварыў Марцін. — Зірну часам, Алена, вось так згадаю, — сэрца аж зойдзецца… Эх, Гануля, Гануля!
Марцін шырокаю рукою закрыў хударлявы з рэзкімі валявымі рысамі твар, дужымі пальцамі сціснуў сівеючыя скроні. Не варухнуўшыся, хвіліны дзве сядзеў маўкліва. Алене хацелася падысці да яго, адарваць руку ад твару i сказаць што-небудзь добрае, пяшчотнае, каб сціхнуў смутак.
Яго жонка Ганна загінула ў баі каля Лапатаўскага шляху, калі прарывалі варожую блакаду. Было гэта ў маі, перад самым вызваленнем. На вачах Марціна скасіла яе блізкая чарга нямецкага аўтаматчыка. Партызаны тады беглі на фашыстаў, прабіваючы шлях сабе на волю, прарываючы апошні ланцуг акружэння. Раптам Ганна ўзмахнула рукамі, ступіла, спатыкаючыся, крок-другі i ўпала, — калі Марцін падбег да яе, нахіліўся — яна была мёртвая…
Ён з сябрамі вынес яе цела з акружэння. Ноччу, калі наступіла цішыня, на бярозавым узлессі каля Тур’і пахаваў… Да смерці, відаць, не забудзецца той майскі дзень i тая ноч 1944 года.
— Не ўспамінай, Марцін. У мяне тое-ж самае: нашто трывожыць…
— А зарастае яно марудна, марудна, — нібы не чуючы Аленіных слоў, гаворыць Марцін.
На ганку нехта затупаў. Марцін адразу адняў руку i з намаганнем сагнаў з твару засмучонасць. Увайшла Насця. Насцярожана зірнула вострымі чорнымі вачыма на абодвух, голасна прывіталася i села на лаўку.
— У вас тут гамонка, здаецца, вельмі душэўная была. Прабачце, калі перашкодзіла. Я-ж не ведала… Можа, мне пакуль выйсці, пачакаць?
— Сядай, ты чаму-ж гэта познішся?
Задушэўны настрой, што прыйшоў да Алены ў размове з Марцінам, знік. Яна цяпер адчувала i непрыязнасць да Насці, i сорам перад Марцінам. Насця Абуховіч, менш чулая ад прыроды, не вельмі перажывала тое, што здарылася, хоць i ведала, што яна вінаватая. Думкі Насці былі накіраваны да таго, каб зменшыць сваю віну i як-небудзь апраўдаць свой учынак.
— Што-ж гэта, памочнікі мае дарагія, у ясны дзень буру паднімаеце?
Алена мімаволі збянтэжылася i паружавела. Марцін светлымі суровымі вачыма паглядзеў на ix, потым пачаў корпацца ў шуфлядцы стала.
— От, — ён выняў невялічкі кулёк паперы, разгарнуў яго з асцярогай i паказаў брыгадзірам. На паперцы ляжалі спелыя востраносыя зярняты. — Што гэта? Як вы думаеце?