Выбрать главу

Уперадзе зноў ляжала далёкая цяжкая дарога. Не змаўкаючы, гула завіруха.

1944 г.

Ноччу

Маша ўвайшла ў хату, паклала сякеру пад лаўку i пачала моўчкі распранацца. Развязала хустку, на якой блішчэлі сняжынкі, скінула залубянелую ватоўку. Распраналася яна марудна — ад утомы, якая роўным ныючым цяжарам наліла цела.

— Ад Сямёна нічога не было? — спытала яна, зірнуўшы на свякруху шырокімі, з касымі разрэзамі, вачыма, хоць па твары старой бачыла, што не было.

— Нічога… — адказала свякруха.

Сум зноў балюча здушыў Машына сэрца. Толькі зараз было цяжэй, чым днём у лесе, але гэта быў той-жа пякучы сум з-за трывожных думак пра мужа, ад якога болей двух месяцаў не прыходзіла пісьмаў. Гэты сум толькі часова адышоў у дарозе, калі жанчыны збіраліся ля яе воза i жартавалі.

Маша, расціраючы рукамі пунцовыя намёрзлыя шчокі, падышла да стала. Была яна невысокая, павольная і, відаць, дужая. Шарсцяны світэр шчыльна аблягаў поўныя грудзі i круглыя плечы. Не расчэсаныя яшчэ валасы былі памяты i пераблытаны. За сталом сядзеў сын i чытаў, ён не звяртаў увагі на прыход маткі. Маша наблізілася да яго, пяшчотна пагладзіла любыя белыя валасы. («Зусім, як у Сямёна», — падумала яна). Мікола, не адрываючыся ад кніжкі, нецярпліва матнуў галавою. Ён не любіў, калі маці лашчыла, бо лічыў сябе ледзь не сталым мужчынам. Яму пайшоў дзесяты год.

— Якая кніга, Мікола?

— «Рускі характар».

— Цікавая?

— Угу, — адказаў сын, не ўзнімаючы вачэй ад кніжкі.

Маша зноў пагладзіла яго белую галоўку, затым адышла i села каля процілеглага ўскрайку стала. Свякруха — сухенькая, з худымі вострымі плячыма бабулька— паставіла на стол вячэру, падала ўсім лыжкі i села таксама.

— Кінь кнігу, Мікалай. Бяры лыжку ды вячэрай.

— Не хачу.

— Кінь, кажу, — строга загадала бабуля.

Мікола нічога не адказаў i настойліва працягваў чытаць. Маці i бабуля пачалі вячэраць.

— Што-ж гэта ты такая сумная, нявестачка? Замарнавалася, родная? Хіба жаночая справа дровы вазіць? Гэта i мужчыне не ўсякаму пад сілу… Усё — жанкі… Ох, ліха…

Маша маўчала. Ад ласкавага, спагадлівага слова сэрца сціснулася яшчэ цяжэй. Словы не ішлі, думкі нібы застылі, нібы завалакліся змрокам.

— За Сямёна ты не бойся, — лагодным голасам гаманіла свякруха. — Будзе жывы, Мар’ечка. Вернецца. Я ўжо ведаю. Чаго толькі сябе зводзіць ды ў сухоты ўганяць…

— Не магу я. Так баюся, каб чаго з ім, крый божа, не сталася.

— А ты паплач, Мар’ечка. Паплач. Жаночая сляза, што вада, а паплачаш i — лягчэй. Лепш робіцца. Ты паплач.

— Нашто? Хіба слязьмі паможаш чаму?

Мікола дачытаў раздзел да канца, паглядзеўшы для памяці на нумар старонкі, закрыў кнігу i пачаў сярбаць крупнік. Еў ён спачатку маўкліва i задуменна, пад уражаннем прачытанага.

— Мам, — раптам загаварыў ён. — Васеў бацька ўчора прыехаў з фронта. Прыйшоў вечарам, а яго не пазналі. Кажуць — наш чалавек на фронце. А я свайго бацьку адразу пазнаў-бы, каб толькі прыйшоў… А потым пусцілі. А сягоння ён быў у нас у класе. У шынялі i з пагонамі. А на пагоне дзве зорачкі i адна пасачка. Я сам бачыў. Яго бацька лейтэнант, а Вася гаворыць, што ён скора будзе капітанам. А я казаў, што ён спачатку павінен быць старшым лейтэнантам, а пасля — капітанам. Праўда, мама?

— Не ведаю.

— От, i заўсёды ты не ведаеш! A настаўніца наша, Ліда Іванаўна, усё ведае.

— На тое яна i настаўніца.

— Мама, а чаму ад нашага таты няма пісьмаў? Я так занудзіўся. Усім прыносяць, а нам няма. Ён ранены, мам. Га?

— Што ты вярзеш, дурны? — уз’елася раптам бабуля. — Вось зараз як плясну лыжкай па галаве. Скажы толькі ’шчэ раз.

— Я-ж праўду кажу, — упарта пярэчыў Мікола. — Калі-б ён быў не ранены, то пісаў-бы.

— Пагавары ’шчэ трошкі!

— Не пагражай. Я цябе не баюся, — смела адказаў Мікола, але на ўсякі выпадак падсунуўся бліжэй да маткі. Бабуля паглядзела на Машу. Тая сядзела сумная, з пачырванелымі вачыма, модна сцяўшы тонкія сухія губы.

— Мама, не крыўдзіцеся на Міколу. Што ён разумее?

— Я ўсё разумею. Ты заўсёды кажаш, што я малы, а Васеў бацька сказаў, што я ўжо вялікі.

Ніхто не папярэчыў яму, i рэшту вячэры сядзелі маўкліва. Калі павячэралі, Маша паслала ложак i лягла спаць. Побач прымасціўся Мікола, паклаўшы сваю белую галоўку на яе руку. Ён адразу заснуў, а Маша не магла.

У вачах, калі яна заплюшчыла ix, спачатку праходзілі задумлівыя, доўгія шэрагі танклявых аснежаных бяроз, рабілася вусцішна. Потым бярозы валіліся, асыпаючы з вецця снег-пушок, чапляючыся, нібы спрабавалі ўтрымацца, за галіны сваіх сябровак; плыла бліскуча-бронзавая санная каляіна; скрыпелі сані i галёкалі звонкія жаночыя галасы, падганяючы коней.