Выбрать главу

Затым усё кудысьці знікла, i яна ўбачыла, як у пакой нячутна ўвайшоў Сямён. Ён быў такі-ж, як i раней: рослы, шырокаплечы, з моцнай шыяй, з бялявым непакорным віхорам. Сямён ціха зачыніў дзверы i падышоў да яе. Ён прыйшоў з калгаснага сходу.

Сямён шчакой прыхінаецца да яе шчакі, — колецца, бо даўно не галіўся. «Работы шмат: старшыня калгаса», — думае Маша. Як прыемна, як радасна з ім! Маша адчувае хвалююча-знаёмае цяпло яго твару, i шчаслівае пачуццё ўзнімаецца ўнутры. Яна ляжыць i не дыхае, не паварухнецца — так ёй хораша i лёгка!

I тады, у тую невыказна шчаслівую хвіліну, Маша мімаволі расплюшчвае вочы, i грудзі балюча сціскаюцца ад самоты. Яго няма! На печцы, як звычайна, не спіць, вохкае бабуля. Мікола аб нечым горача шэпча ў сне.

У акно пазірае белая месячная ноч. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Ноч застыла. Не чутно ні крокаў, —ні галасоў, ні гукаў, нават мароз не трашчыць. Праз шыбы бачна кавалачак сіняга неба ў халодным роўнадушным бляску шматлікіх зорак. Нерухомая бясконцая ноч…

Цяжка ноччу. Колькі горкіх думак перадумана за доўгія зімовыя ночы. Усё ўспамянута, усё перажадана, засталося толькі адно: туга — важкая, цягучая. Нічога няма цяжэй за яе. Днём можна забыцца, уцячы ад тугі, а цяпер яна тут, нібы каменем цісне грудзі.

Калі-б хоць адно слова ад Сямёна. Толькі адно слова, што жывы, ну, i здаровы — i больш нічога. Тады ўсё стане інакшым. Цяжка жыць пры невядомасці… Горкую i балючую праўду, бадай, лягчэй перагораць, чым яе… Два месяцы i чатыры дні няма пісьмаў. Што з табою, любы? Ты пісаў, што баі былі моцныя. Mo’ паранілі? Ці захварэў?.. Паплач, паплач — лягчэй будзе. А дзе тых слёз узяць? Няма слёз — усе высахлі. З той пары, як пайшоў Сямён, не заплакала ні разу. Гордасць жаночая не дазваляла…

Марудна i доўга плылі невясёлыя думкі.

Бачыць яна: чалавек ідзе па полі. Шынель яго расперазаны, нараспашку. Вецер паднімае полы. Гэта ён, Сямён. Сямён ідзе дадому… Ну, так, дадому, у водпуск… Падыходзіць да хаты. Падымае руку i стукае… Пачакаў крыху, паслухаў i зноў стукае. Маша прыслухалася — тоненька сакоча шыба. Сямён стукае, а Маша ляжыць i не можа зварухнуцца. Што гэта такое з ёю дзеецца?

«I ноччу няма ад яго спакою», — бурчыць на печы бабуля. Чаму яна такая няласкавая? Яна, пэўна, не ведае, што гэта Сямён стукае?

— Гэта-ж Сямён! — чуе Маша скрозь дрымоту свой голас i прачынаецца. Дрыжачымі ад узрушанасці рукамі яна шукае плацце i не можа знайсці.

— Дзе той Сямён? Гэта-ж твой брыгадзір, трасца яму, бяссоннаму.

Свякруха, крэкчучы i вохкаючы, марудна злазіць з печы, доўга ў прыцемках каля ложка шукае чаравікі, запальвае лямпу і, нарэшце, тупае ў сенцы. Бразгае засаўка.

— Няма на цябе ўгамону, бяссонны, — няласкава сустракае яна таго, хто ўвайшоў.

— Ціха, ціха. Я толькі на хвілінку.

— Спаць не дасць…

— Ą я не да вас. Спіце, калі ласка, на здароўе. Маша, выбачай, што патрывожыў позна… Заўтра зноў паедзеш у лес. I ўсе, хто сягоння былі. Што з табой? Не прастудзілася? Ты хворая?..

— Нічога, — цяжка выціснула Маша. — Нічога. Сон прысніўся. Не турбуйся, я паеду…

Але чаму ў грудзях такая туга?

Брыгадзір — малады, цыбаты, без рукі хлопец, у наношаным франтавым шынялі з выгарэўшымі пятліцамі занепакоена зірнуў на Машу. Яна вышэй нацягнула коўдру.

— Ну, бывайце!.. Чакай, от ліха! Ледзь не забыў!.. Тут табе, Маша, пісьмо — узяў на пошце… Другі дзень нашу.

— Пісьмо?!

Ён дастаў пакамечаны канверцік. Маша нецярпліва выхапіла яго з брыгадзіравых рук i прабегла вачыма надпіс. Почырк быў незнаемы, хоць адрас стаяў ранейшы. «Пісьмо з часці», — здагадалася яна. Хвіліну яна паглядала на канверт, не адважваючыся адкрыць, затым хутка разарвала яго і, нічога не гаворачы, упілася вачыма ў пісьмо. Яна зноў узрушылася i так моцна, што не здолела больш чытаць.

Маша аддала пісьмо Максіму i папрасіла яго прачытаць. Ён узяў пісьмо, здзіўляючыся, што яна так абыякава абышлася з ім, — не радуецца і не сумуе. Гэта былі друкаваныя на машынцы радкі з пячаткаю i роспісам унізе. Ен пачаў чытаць:

— Паважаная Марыя Сяргееўна! За мужнасць i адвагу, праяўленую ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Ваш муж узнагароджаны высокай урадавай узнагародай — ордэнам Чырвонага Сцяга. Наша часць ганарыцца ім, мужным сынам нашай вялікай Радзімы…

Максім спыніўся, не дачытаўшы пісьма. Ён збянтэжыўся, — Маша плакала. Хлопец паспрабаваў быў заспакоіць, але яна не адказала i заплакала мацней. Максім стаяў разгублены, не ведаючы, што рабіць…