— Што ты стаіш, чорт бяссонны? Вады падай.
Ён з палёгкай кінуўся да вядра, прынёс корчык вады i працягнуў Машы. Але тая адвяла яго руку i лагодна загаварыла:
— Ты не трывожся, Максім. Гэта — так сабе… жаночыя слёзы. Чакала, чакала столькі, хвалявалася, пакутавала — i раптам, бачыш, такая радасць!.. Такую вестку ты прынёс! Як i аддзякаваць, не ведаю.
— За што-ж дзякаваць… што затрымаў пісьмо? I сам не ведаю, як я забыўся аддаць учора.
— Што-ж ты такі няўважлівы?
Маша гаварыла, стрымліваючы слёзы, але на сэрцы яе было легка i чыста, таксама як лёгкія i чыстыя былі яе слёзы. Яна ўпершыню за многія дні ўсміхнулася.
— I дзень, i ноч пра яго, бывае, думаеш. I як не думаць, праўда? Там i бомбы, i кулі, i смерць. Ды яшчэ, мабыць, у полі мерзне… Ну, але цяпер можна быць спакайней. Толькі чаго-ж я плачу? Дурная! Ці не праўда, дурная? Трэба смяяцца, a ў мяне — слёзы!..
Бабуля, якая маўкліва паглядала на нявестку, моцна сцяўшы бяскроўныя вусны, раптам прамовіла задаволена:
— От, i прыйшлі яны, тыя слёзы… Са шчасця… прыйшлі, нарэшце.
1945 г.
Пабыўка сержанта
Сержант вельмі спяшаўся. Ён атрымаў водпуск на малы час, i яму шкада было кожнай хвіліны, што марна прападала.
Але ўсё, нібы знарок, ішло насуперак яму.
Спачатку доўга не ўдавалася знайсці цягніка, каб пад’ехаць кілометраў семдзесят да станцыі, на каторую ён спяшаўся. На пуцях стаяла нямала эшалонаў, але яны або ішлі ў другі бок, або няхутка павінны былі адпраўляцца. Потым Васілю пашанцавала: на станцыю прыбыў новы састаў, які якраз меў накіравацца ў яго напрамку. Але хлопец даведаўся аб гэтым ад чыгуначніка тады, калі цягнік ужо, набіраючы хуткасць, выходзіў са станцыі. Проста дзіўна было, што Васіль паспеў яшчэ ўчапіцца за поручні. Ён узабраўся на тамбур i не мог стрымаць радасці, слухаючы, як унізе весела пераклікаюцца колы.
Хутка радасць пачала суцішацца, таму што цягнік плёўся вельмі марудна. Ноч была страшэнна золкая, i пранізлівы вецер прашываў наскрозь. Каб не адубець, даводзілася час-ад-часу на хаду саскокваць з падножкі i трусіць навыперадкі з вагонам. Але хлопец не зважаў на гэтыя нягоды. Ён нават адчуваў сябе шчаслівым: як-ні-як усё-ткі едзе, набліжаецца!
На станцыях i раз’ездах было горш. Там цягнік рабіў доўгія супынкі. Машыніст, здавалася, не мінаў ні аднаго самага занядбанага раз’езду без таго, каб не пастаяць колькі хвілін. У сержанта пры гэтых супынках кожны раз падымалася спакуслівае жаданне кінуць састаў i ісці аднаму, пеша.
На нейкай станцыі састаў спыніўся надоўга. Паравоз адчапілі. Чыгуначнік сказаў сержанту, што далей цягнік пойдзе толькі праз тры гадзіны.
Васіль пасля гэтага паведамлення быў блізкі да адчаю.
Ён хутка абабег станцыю, сціснутую асенняй цемраю, зазірнуў у кожны куточак яе, не трацячы надзеі папасці на які-небудзь спадарожны цягнік. Але навокал нічога не было. Hi аднаго цягніка! Толькі ў тупіку бесклапотна сіпеў нейкі паравозік. Адчуваючы, што надзея зусім пакідае яго, сержант напаследак заспяшаўся туды. Гэта быў адзіны ратунак.
Паравозік быў, відаць, рабочы. Стары худы чалавек у кароценькай ватоўцы i валенках i невысокі падлетак грузілі дровы. Яны ўвіхаліся ў поясе святла, якое падала з будкі. На запытанне сержанта хлапчук, які працаваў у расшпіленай сарочцы, смыкнуўшы носам, паважна адказаў, што праз поўгадзіны паравоз пойдзе да таго гарадка, які патрэбен Васілю.
— Ну, калі так, то прымайце ў памочнікі! — весела сказаў пасажыр. — Згодны?..
Ён, падкасаўшы рукавы шыняля, з радасцю ўзяўся дапамагаць грузіць дровы.
Хутка дровы пагрузілі, i паравозік выбраўся на пуць. Васіль памагаў машыністу, паліў топку. Качагар з яго быў вельмі ўвішны i неспакойны.
— Куды гэта ты, хлопец, так спяшаешся? — запытаўся машыніст.
— У водпуск…
— А, вунь яно што! Хочацца хутчэй убачыцца?.. Але ты спакайней! Нікуды ён, водпуск гэты, не ўцячэ.
Хлопец усміхнуўся.
— Хто ведае. У мяне такі водпуск, што можа i ўцячы…
Стары, бачачы нецярплівасць вайсковага чалавека, не шкадаваў пары i выціскаў з паравозіка такую хуткасць, на якую той быў здатны.
Хвілін праз сорак паравозік спыніўся на станцыі. Збоку непадалёк у разбаўленай ранішняй сінечы зіхцелі агеньчыкі гарадка. Забыўшы ў спеху развітацца, Васіль саскочыў на зямлю. Ён азірнуўся. Вакол не было ні аднаго чалавека. Па бязлюдным пероне неспакойны вецер гнаў сухое лісце.
Адразу, як толькі сержант ступіў на гэты перон, яго агарнула хваля радаснага ўзрушэння.
Ліда, яго любая Ліда, якую ён марыў бачыць усе гэтыя гады, па якой столькі сумаваў, цяпер недалёка. Там, сярод тых агеньчыкаў у сінечы, адзін агеньчык пазірае з яе акна. Каторы?..