Выбрать главу

Збіраючы ўсю сілу, якая яшчэ заставалася ў аслабелых, нязвыкла непаслухмяных руках, асцярожна цягнучы пякучую акрываўленую нагу, ён дапоўз да ратоўнага ляснога гушчару, дзе два дні перабіваў голад суніцамі i чарніцамі.

Тут, на трэці дзень, на яго натрапіла дзяўчына з бліжняй вёскі, Жэня Крушынская, i поўжывога прынесла цёплай бяззорнай ноччу дахаты.

Зімой, ужо на прадвесні, калі ўночы хрупасцеў пад нагамі зашэрхлы снег, Жэня правяла яго ў партызанскі атрад.

Зыбін, або, як звычайна звалі яго тады, — Васіль з Тагіла, лясным сябрам палюбіўся. Ён быў, праўда, рэзкаваты, насмешлівы, але затое таварыскі i вельмі цярплівы, i людзі адносіліся да яго прыхільна. Акрамя таго, ён меў адну добрую здольнасць: умеў расказваць. У доўгія зімовыя ночы — у натопленай зямлянцы, на халодным прывале — або на жнівеньскіх палянах пасля паходаў вакол яго заўсёды збіраўся гурток, чуўся рогат, воклічы здзіўлення.

Ён ведаў безліч розных гісторый — вясёлых, трагічных, сумных, пацешных. Людзі хутка заўважылі, што ў гэтых яго гісторыях было адно агульнае — найбольш ix ён гаварыў пра Урал, пра Тагіл, асабліва пра заводы, пра былых таварышаў па цэху. Гэта была самая блізкая тэма: у роце, дзе ён служыў, не было такога чалавека, які-б не ведаў, што Зыбін быў да арміі майстрам на адным вялікім тагільскім заводзе.

Ён, было відаць, вельмі любіў Тагіл i востра сумаваў на далёкай сваёй радзіме. Зыбіну спачатку даводзілася трывожыцца ад няведання: недзе там, за франтавой лініяй, за многімі лясамі i гарадамі, заставаліся маці, дзве сястрычкі, нявеста. Потым Васілёва скруха крыху прыціхла, а трывога знікла зусім — адтуль сталі прыходзіць лісты.

— Эх, хутчэй-бы кончыць вайну ды прыкончыць Гітлера! Паехаў-бы дадому! — не раз марыў ён, чытаючы лісты сябрам. — На свой завод.

Але паехаць яму адразу не давялося. Пасля вызваленя, калі яго рота разам з іншымі ачысціла ад немцаў лясы над Волмай, Зыбіна накіравалі на работу ў адзін райвыканком каля Мінска.

Раён дастаўся яму цяжкі, вельмі пацярпелы ад вайны. Больш за палову вёсак чарнела папялішчамі, людзі туліліся ў цесных панурых зямлянках. Жыта на палях стаяла дробнае, кволае, лёгка трымаючы беднае, нікчэмнае калоссе.

Вайна прайшла, a людзі яшчэ жылі нібы па-ваеннаму. I Зыбін адчуваў сябе, як на вайне: ці таму, што не так проста было адвыкнуць ад таго, што ўелася ў душу апошнімі гадамі, ці таму, што многае вакол было падобна на ваеннае. Тое-ж запусценне, тая-ж нішчымніца, і — зямлянкі, зямлянкі…

Зыбін на нейкі час нібы забыўся пра даўняе сваё жаданне. Тагіл пакуль што стаў для яго далёкім, — не так за палямі, лясамі ды гарадамі, як за справамі, за штодзённым клопатам, часам, здавалася-б, дробным, але неадступным i неадкладным. Ён жыў тым, чым жылі тут людзі, — будаўніцтвам хат, сяўбою, калгаснымі ўраджаямі, незадаволены тым, што многія яшчэ туляцца ў зямлянках i што зямля родзіць скупыя жыты…

Хутка пасля вайны ён ажаніўся з той самай Жэняй Крушынскай, якая калісьці выхадзіла яго. Тады-ж ён напісаў пісьмо дзяўчыне ў Тагіл, паведамляючы пра гэта i тлумачачы свой учынак; ён іменна толькі тлумачыў, а не апраўдваўся, хоць i адчуваў сябе нямала вінаватым. Зыбін наогул не любіў апраўдвацца.

Праз год ён ужо чакаў дзіця, i гэтае чаканне яшчэ больш аддаліла ранейшыя думкі пра Тагіл.

Так прайшло амаль тры гады. К канцу гэтага часу Зыбін стаў зноў усё больш думаць пра зварот «дадому». Яму ўжо часта хацелася папрасіцца, каб адпусцілі. Ён не раз гаварыў пра гэта з лясным сваім другам i таварышам па цяперашняй рабоце Собалем.

— Ну вось, рашыў напісаць заяву, — сказаў ён аднойчы, калі яны ішлі з райкома пасля бюро цераз цемнаваты, увечары ціхі сквер. Зыбін памаўчаў, чакаючы, што скажа таварыш, але не дачакаўся i зірнуў на яго.

— Не адпусцяць? Як ты думаеш?

Собаль, поўнатвары, з пухлымі шчакамі, у паліто з паднятым каўняром, голасам стомленага чалавека неахвотна адказаў:

— Думаю, што не.

— Ты ўпэўнен у гэтым?

— Упэўнен, калі хочаш ведаць. Ды i ты, я думаю, не сумняваешся… I чаго ты яшчэ тлуміш сабе галаву, дзівак-чалавек? — усё так-жа стомлена, недаўменна папракнуў ён. — Чым табе тут кепска? Столькі працы рукам! Толькі рабі — не лянуйся!