— Працы — усюды даволі, — запярэчыў Зыбін. Ён адчуў, што гаварыць далей з Собалем марна, што той усё роўна яму нічога цікавага не скажа i не зразумее яго, але Зыбін не мог маўчаць. — Ну, a калі вельмі папрасіць, катэгарычна, а?
— Можна i — зусім уцячы, — мяккаі, з яхіднасцю параіў Собаль, — дэзерціраваць. Прыкрыўшыся, вядома, якой-небудзь выдуманай прычынай…
Гэтая мяккая яхідная манера друга ўзлавала Зыбіна, — ён стрымаўся i змоўк…
Ён глушыў даўнюю мару, глушыў i адсоўваў надалей. «Падымемся — тады i буду прасіцца», — думаў ён.
Гады разлукі, якіх з цягам часу ўсё большала, не толькі не аддалялі i не сціралі, a нібы набліжалі даўнія жаданні i намеры, — ён усё больш востра сумаваў na Тагілу, па свайму заводу.
— Усё-ткі не па душы мне тут! — гаварыў ён студзеньскім мокрым днём, вярнуўшыся з раёна, абляпаны граззю да пояса, у прамоклым кажусе. — Клімат? Ну, што гэта за клімат? Hi зіма, ні восень.
Ён паглядзеў у акно, дзе стаялі дрэвы, высокія, голыя, падбеленыя з аднаго боку мокрым снегам. Адразу за шыбамі туліўся бэз, на галінках якога віселі мутныя кроплі вады:
— У студзені — адліга, дождж!
— Ну, ён-жа не заўсёды! — адгукнуўся здзіўлена Собаль. — Ды i што ў гэтым кепскага, — хоць цёпла!
— Фу, якая макрэча!.. Вось у нас — мароз — аж дым ідзе. Дых зацінае!.. Ідзеш па снезе, — кожны крок твой — рып-рып. Музыка! У лёгкіх — прасторна, чыста! На душы — светла!..
I ён, сушачы каля печкі змоклыя дыяганалевыя штаны, стаў з захапленнем маляваць карціну ўральскай зімы.
— Ну i што ў гэтым добрага! — адказаў абыякава Собаль. — Што?
— Не разумееш ты нічога, — махнуў рашуча рукой Зыбін. — Вось правёў-бы ты ночку, як я, зразумеў-бы, што добрага i што кепскае! Як заселі на Закрашынскай грэблі, дык хоць ты кідай машыну. Што крок, — то вылазь у месіва ды сцялі галлё, плячом у кузаў гняці. Буксуе i буксуе!.. Плячо да крыв i сцёр!..
— Ну, грэбля не вінавата, што яе не паправілі.
— «Грэбля»!..
Сядзець моўчкі цяпер ён не мог. Ён наогул любіў спрачацца, горача атакуючы праціўніка i ўпарта абараняючыся.
— Я чалавек рабочы. Ты разумееш, што значыцца быць рабочым? У мяне душа тужыць па гулу станкоў. Я, як не ведаю што, хацеў-бы паслухаць хоць, як шыпяць фрэзы!.. Гэта мой клімат!.. А тут. Што тут у вас? Запалкі, скура, дошкі… Эх, ды што я кажу!.. Хіба ты можаш хоць-бы ўявіць сапраўдны завод?
— Ну, што-што, a ўявіць магу, дарэмна ты так не верыш у мае здольнасці. Але справа не ў гэтым. Будуць i ў нас сапраўдныя, як ты кажаш.
— Будуць?
Ён ведаў пра тое, што ў Мінску пачалася будоўля вялікіх аўтамабільнага i трактарнага заводаў. Але, запалены спрэчкай, не хочучы паступіцца, са звычайнай сваёй упартасцю дадаў:
— Будуць, вядома. Але — тое яшчэ будзе!
Праз некаторы час яго накіравалі ў Мінск, на аўтамабільны завод, ён сам папрасіўся, напісаўшы з такой просьбай пісьмо ў ЦК партыі, i яму дазволілі: на заводзе была вялікая патрэба ў спецыялістах.
Ён прыехаў хмурным лістападаўскім днём. Сеяў нудны дождж, той дождж, які можа ліць безупынку i дзень, i два, i месяц.
Адразу за будынкам вакзала ён трапіў на гразкую плошчу. Яна была ўся раз’езджаная коламі аўтамашын, i ў каляінах i ямах было поўна бруднай вады. Абапал плошчы моклі на дажджы пахіленыя, учарнелыя слупы з правадамі. У розных месцах стаяла некалькі легкавых i грузавікоў, i Зыбін адразу накіраваўся да ix. Ён запытаўся ў шафёраў, ці не едзе хто ў бок завода, але туды не было, — і, падняўшы каўнер, трымаючы ў руцэ чамаданчык, падаўся на Магілёўскае шасэ пешшу.
Зыбін думаў, што завод пачынаецца адразу за горадам. Аднак ён мінуў i апошнія, вясковага складу, будынкі ўскраіны i выйшаў у поле, a ніякага завода не было відаць. Ён занепакоіўся, ці не памыліўся, але хлапчук, які яму трапіўся, сказаў, што завод яшчэ далей.
Падняўшыся па мокрым асфальце на ўзгорак, Зыбін, нарэшце, убачыў у сасняку наперадзе цьмяныя абрысы доўгіх камяніц…
Праз поўгадзіны ён ужо ўладжваўся ў драўляным бараку, над якім дробна стукацеў па даху няўціхны дождж.
Усяго ў пакоі стаяла ў рад пяць ложкаў, i жыло, пра гэта Зыбін ужо ведаў, чатыры чалавекі, але гаспадары трох у той час акурат працавалі. Дома быў толькі адзін плячысты, губаты хлопец, які ляжаў на ложку ў пінжаку i ў ботах.
Хоць хлопец яўна не меў ахвоты размаўляць, Зыбін, падсунуўшы чамаданчык пад ложак, аглядаючыся, пачаў распытваць, хто жыве тут i як жывецца.
— Жытка — так. Не надта…
— Чаму гэта?
— Харчы слабыя.
— Што — не хапае?
— Толькі паабедаеш, a ўжо есці хочацца.
— А ты-б па два браў…
— Хаджу на рынак… Ды капеек нягуста…