Выбрать главу

Справы ў яго доўга не ладзіліся, i да яго даходзілі чуткі, што яго вось-вось здымуць з пасады. Такога ў жыцці Зыбіна, чалавека самалюбнага, даўней не было, i гэтыя нелады яму вельмі абыходзіліся. Ён стараўся з усіх сіл, не бачачы ні дня, ні ночы.

— Змарнелі вы, Васіль Цімафеевіч, — чорны нейкі… — пашкадавала яго тэхнолаг цэха Елена Сяргееўна. Яна была поўная, з пышнымі валасамі, кучаравымі над ілбом i каля маленькіх ружовых вушэй.

Жанчына збянтэжылася, пачаўшы такую размову нечакана для сябе, i, каб схаваць няёмкасць, параіла спакойна:

— А вы не перажывайце гэтак.

— А хто перажывае?

— Ды вы… хіба-ж я не бачу… Васіль Цімафеевіч, здымуць — ну, здымуць, што-ж!.. Вядома, непрыемна, але толькі i свету таго, што наш цэх?!

Яна ніколі не гаварыла яму гэтак шчыра i на такую тэму. Зыбін звычайна адносіўся да яе стрымана i суха, вельмі рэдка жартаваў, i Елена Сяргееўна таксама трымалася строга афіцыйна.

Да таго-ж яна i зайшла зараз сюды на выклік начальніка цэха не для такой размовы, а для таго, каб даць нейкія непрыемныя тлумачэнні, мусіць, пра забракаваную амаль напалавіну партыю шпілек. Уваходзячы сюды, яна ў дзвярах спаткалася з панурым начальнікам аддзялення, якое рабіла шпількі.

— Вы чулі, што мяне… здымаюць? — важка падняўся з-за стала Зыбін. На твар яго спаўзла пасма цёмнарусых даўгаватых валасоў, якія ён гладзенька зачэсваў угару. Зыбін не паправіў ix.

— Чула…

Ён маўчаў.

— Эх, i што гэта за цэх! — сказала Елена Сяргееўна. — Васіль Цімафеевіч, — рашуча глянула яна на Зыбіна. — Вы ўсё казалі, хацелі ехаць дамоў, на радзіму…

— Ну i што, кал i хацеў?!

— Не перажывайце… Здымуць, дык вы прасіцеся i… едзьде дамоў. Адпусцяць!

— Адпусцяць! — іранічна паўтарыў Зыбін. — Чэсць вялікая! Я яе толькі i чакаў…

— Ну што-ж, калі так атрымліваецца?

— Дажыў да чэсці!..

Ён стаў хадзіць за сталом: тры крокі ў адзін бок, тры — у другі. Так ён хадзіў часам пры парадах, калі слухаў тое, што не падабалася, ці калі проста хваляваўся. Твар яго быў задуменны, i Елене Сяргееўне здавалася, што Зыбін цяпер думае якраз пра яе параду: ехаць ці не ехаць?

— А можа, i праўда — паехаць? — прамовіў ён. — Старая будзе так рада!.. Колькі дзён чакае лістоў. Колькі паперы спісала, запрашаючы прыехаць!.. Сястрычкі на шыю пачэпяцца, выцалуюць! — ён усміхнуўся так пяшчотна, што Елена Сяргееўна таксама заяснела.

— Не, — раптам злосна сказаў Зыбін, — так я адсюль не пайду.

Ён так нечакана перамяніўся, што ў Елены Сяргееўны была яшчэ пры гэтых словах ясная ўсмешка.

— Я не з такіх, што легка прыходзяць i легка выходзяць! Я, Елена Сяргееўна, чалавек з гонарам!.. з чэсцю, я яе, здаецца, не страціў яшчэ. I калі, можа, страчу, то не тут, разумееце?

— Разумею, Васіль Цімафеевіч, — збянтэжана адказала жанчына, мімаволі ўстаючы. Маленькія вушы яе густа заружавелі.

— Да той пары, пакуль я не дакажу, хто такі Зыбін, я не хачу ехаць дамоў, — мне туды няма чаго ехаць… Пачакаю!.. A чуткі розныя, — адразу перайшоў ён на іншае, — прашу больш сюды не насіць! Я ix не хачу ведаць. Зразумелі?

— Добра, Васіль Цімафеевіч!

Яна пазірала на яго, як паслухмяная школьніца на строгага настаўніка. Елена Сяргееўна гатова была згадзіцца з усім, што ён зараз скажа.

Зыбін апусціўся на стул.

— Сядайце. Зоймемся справамі… Я хачу ведаць, — хударлявы, з рэзкімі рысамі твар Зыбіна стаў сухім, афіцыйным, — як гэта сталася, што партыю пяцідзесятай шпількі забракавалі?

— Парушылі тэхналогію, Васіль Цімафеевіч!

— Парушылі? А вы за чым глядзелі?

Елена Сяргееўна не сказала нічога, каб апраўдацца: яна ведала, што ў такім выпадку Зыбін вельмі не любіў, калі апраўдваліся.

— Зноў закавыка з гэтай шпількай! Ніяк не можам наладзіць новы графік работы станкоў, а тут — гэтае!..

Больш за ўсё ён біўся ў тыя горкія дні над тым, каб правільна арганізаваць працу. Цэх павінен быў выпускаць некалькі тысяч розных дэталей, i станкі часта пераналаджвалі, губляючы многа часу. Зыбін хацеў скараціць час, які ідзе на пераналадку станкоў, выпускаючы дэталі вялікімі партыямі. Гэта нярэдка прыводзіла тады да затрымак канвеера, бо некаторых дэталей канвееру не хапала. А тут яшчэ гэты брак!..

— Елена Сяргееўна, я хачу спадзявацца, што такіх фактаў — ад вашай віны — больш не будзе!