Жанчына, як у клятве, скрыжавала рукі на грудзях.
— Васіль Цімафеевіч, я зраблю ўсё, што магу!..
— Нічога, няхай б’юць, няхай лаюць, — загаварыў ён да Елены Сяргееўны ўжо іншым голасам, як-бы супакойваючы сябе. — Потым, можа, дзякуй скажуць… А не скажуць, — i не трэба. Абыйдземся i так… Шлях наш правільны, я ўпэўнен. Трэба прастоі станкоў скараціць да мінімуму. A інакш — усё роўна будзем у прарыве. I з кожным месяцам — усё больш. Тэмпы растуць!..
Елена Сяргееўна згаджалася, ківала галавой з пышным! кудзеркамі.
…Амаль кожны вечар сядзеў ён у сваім пакоі пры цэху, на другім паверсе, куды плыў шум станкоў i дзе на шышкінскай карціне поўзалі ў ціхім ранішнім лесе мірныя медзведзяняты, — сядзеў Зыбін, меркаваў з начальнікамі аддзяленняў, з тэхнолагамі, з планавіком, якія станкi пераналаджваць, якія дэталі трэба рабіць.
Зыбін зразумеў: каб упраўляцца заўсёды з тым, што патрабуе галоўны канвеер, — трэба ведаць усё, што ёсць у яго зробленага, колькі ўсіх гэтых рознастайных болцікаў, гаек, арматурных прыстасаванняў, i — што не менш важна — колькі ix трэба будзе заўтра, паслязаўтра, праз тыдзень, з чым можа здарыцца праклятая многа разоў затрымка. Яго галава была заўсёды запоўнена разлікамі, назвамі розных дэталей, лічбамі.
— I як вы ix помніце столькі? — здзівілася Елена Сяргееўна. Гэта было ў той выдатны дзень, калі цэх у першы раз не лаялі. — Памяць у вас — аж дзіва!
— Была-б у вас памяць такая, каб вам так дорага абыходзіліся яны.
— Такі многа прыкрасці было з імі ў вас!
— А ведаеце, — сказаў Зыбін. — Люблю я яго. I папсаваў ён крыві многа, i лаялі за яго, a ўсё-ж люблю, больш, чым механічны. Проста прырос да яго…
Ен i сам не разумеў, як гэта сталася, але ён i праўда нібы прырос да гэтага неспакойнага цэха. Прырос, як ніколі раней.
На партыйнай канферэнцыі, якая была ў тэатры, ён спаткаў яшчэ больш патаўсцелага Собаля.
— Прывітанне i пашана рабочаму класу! — весела сказаў Собаль. — Ну, рапартуй. Як справы?
— Тысячу машын ужо далі! — пахваліўся Зыбін. — Кадры рыхтуем…
— Усё рыхтуеш? Усё абяцаеш?.. Калі-ж падрыхтуеш? Не спяшайся. Гэта табе — тэхніка. Але добрая палова, — клянуся, не маню, — працуюць ужо як майстры. Ручаюся, любому кадравіку не ўступяць.
— Значыцца, не горш, як у Тагіле тваім, умеюць рабіць? — падлавіў яго таварыш.
— Ну, да тагільцаў, можа, далека, але ўмеюць рабіць! — пацвердзіў больш стрымана Васіль Цімафеевіч.
Ён запрасіў на новаселле: за тыдзень перад тым Зыбін прывёз да сябе з «раёна» сям’ю i перабраўся з барака ў дом.
Собаль прынёс падарункі—Жэні аддаў настольны гадзіннік з прыгожай шкляной падстаўкай рубінавага колеру, а сыну ўрачыста ўручыў маленькае ружжо. Сын завішчэў ад радасці, схапіўшы падарунак, i тут-жа «стрэліў» у акно.
— Ты што гэта, разбойнік! Акно разаб’еш!
Собаль, смешна прыгразіўшы малому, разам з жонкай Зыбіна, якая за апошні час неяк раздалася ў шырыню i стала лянівай у рухах, пайшоў па пакоях: Жэня называла гасціную, спальню, кабінет, i Собаль добра бачыў, што яна ганарыцца плёнам рук сваіх. Усе пакоі былі старанна i любоўна прыбраны. У жоўтай гасцінай на падлозе каля акна стаяў высокі фікус у вялікай драўлянай кадцы, i жонка Зыбіна сказала, што купіла яго на рынку i аддала дзвесце пяцьдзесят рублёў.
— Не пераплаціла я?
— Думаю, што не. Такі цяжка знайсці…
У гасцінай, i ў спальні, i ў кабінеце было многа падушачак на канапах i вышывак. Собаль запытаўся, ці сама яна вышывае, i, пачуўшы, што сама, пахваліў:
— Малайчына. Толькі-ж вазні з імі многа — у мяне-б, каб загадалі, цярплівасці на гэта не хапіла-б…
Ён палюбаваўся соснамі, што высіліся адразу за акном.
— Чорт вазьмі — як здорава тут у вас! Проста — Сочы. Курорт.
— Добрае месца… Лес.
— Ну, вось, нарэшце, ты, відаць, знайшоў сваё месца, — сказаў нечакана Собаль, агледзеўшы кабінет i апускаючыся важкім тоўстым целам на мяккую канапу, пружыны якой жаласна заскрыпелі.
— Знайшоў…
— Значыцца, усё? Асеў?
— Не… Падрыхтую змену i — да сваіх.
— З людзьмі, мусіць, не сышоўся душа ў душу, а?
— Ды не. Людзі мне падабаюцца.
— Дык чаго-ж ты ірвешся? Радзіма?! Цягне?
— Яна, брат. Усё-ткі, што ні кажы, роднае месца! Вабіць!.. Маці, брат, спакою не дае — бамбардзіруе лістамі: калі прыедзеш, калі пашкадуеш ды падтрымаеш старую? Пяцера сыноў было — двое на вайне загінулі… Іншыя раз’ехаліся, хто куды, адзін нават на Курылах, рыбачыць трэці год… Толькі сястрычкі дзве засталіся — адна, Верка, замужам, а другая, меншая, у дзесяцігодцы вучыцца, вось-вось паляціць з матчынага гнязда. На аднаго мяне ў старой надзея. Ну, як я павінен думаць пра ўсё гэта? Сын я ці не сын?