— Сын… Паехаў-бы ды забраў яе сюды, як добры сын.
— Забраў-бы — легка сказаць. Усё жыццё пражыла там, куды ёй у такія гады перабірацца! Сумаваць будзе тут… Старую таполю, брат, не проста перасадзіць.
— Нічога, прывыкне. Сын пры ёй ды яшчэ — унук, што больш трэба тваёй таполі?
— Ёсць там у яго яшчэ адна таполя — маладая! — прамовіла Жэня. Яна гаварыла з усмешачкай, нібы жартавала, але ў гэтым жарце, заўважыў Собаль, адчувалася не вельмі прытоеная трывога. — Надзечка ёсць такая! Любоў!
— Ну от, успомніла! От, брат, народ — жанчыны, — век будзе раўнаваць, упікаць, калі даведаецца, што яшчэ хтосьці, акрамя яе, падабаўся.
— Нічога я не ўпікаю! — запярэчыла знарок весела Жэня. — Толькі ў мяне i клопату!
Ёй, мусіць, не хацелася, каб госць убачыў, што ў яе, няхай недзе глыбока, ёсць трывожныя i раўнівыя думкі, што ў ix, у Зыбіных, дзе нібы так светла i чыста, не ўсё добра.
Яна схамянулася, хутка выйшла ў кухню гаспадарыць, a неўзабаве на знак жонкі выйшаў да яе i Зыбін. Жэня пра нешта стала шаптаць яму.
Разлёгшыся на канапе, Собаль раптам стаў лічыць, колькі ўжо часу Зыбін жыве на Беларусі. Шэсць год, як ён ажаніўся з Жэняй, ix хлопчыку ішоў пяты год.
— Вось ты кажаш — радзіма, роднае месца, — загаварыў Собаль, як толькі Зыбін вярнуўся. — А што такое яно, гэтае роднае месца? Для цябе ясна — Тагіл. А для мяне — мае Гунькі, дзе я нарадзіўся? А што-ж тады, скажы, Мінск, дзе я вучыўся? Або Ленінград, дзе я ва флоце служыў? Чужына?.. I слова якое, скажы, — халоднае, дзікае…
— Адным словам, ты хочаш адкрыць мне тую ісціну, што радзіма — ад Брэста да Камчаткі i гэтак далей. Дзякую. Але гэта я, дарагі, i сам даўно ведаю… А роднае месца ўсё-ж роднае месца. Было i будзе.
— Я i не спрачаюся — роднае месца павінна быць у чалавека. Але вось у чым справа, дарагі. Бывала, як-бы табе сказаць, адно было ў чалавека. Адно-адзінае, маленькае, вузенькае. Адразу дзе-небудзь за межамі Гунькоў чалавек адчуваў сябе чужым… За межамі сваёй вуліцы, свайго двара. А цяпер — колькі такіх родных месц у чалавека! Тут нарадзіўея, там вучыўся, першы раз, скажам, палюбіў, — як не лічыць такое месца родным? Тут служыў у арміі, тут працаваў — праславіўся, тут жаніўся.
— Ну, налічыў, філосаф! — упарта, з насмешачкай у голасе i на тонкіх губах запярэчыў Зыбін, паказваючы, што ў яго на гэта свая думка.
Гэтая насмешачка яшчэ больш распаліла Собаля, які звычайна не любіў спрэчак.
Але тут Жэня, якая, пачуўшы з кухні размову, увайшла і, стоячы ў дзвярах з ручніком, слухала, — адазвалася так узрушана, што гэта не пасавала з яе звычайнай павольнасцю i мяккасцю:
— А можа я ў Тагіл не паеду? Можа мне клімат у Тагіле не падыходзіць?
— Як гэта не паедзеш?
— А так, вазьму ды, можа, развод запатрабую. Скажу— кліматамі не сышліся. I сына не аддам.
— Ну-ну, ты гэта кінь.
Ен, усміхаючыся, уладна абняў яе за поўны стан, як-бы даводзячы, што ён разумее гэты жарт i ўпэўнены, што яна паедзе туды, куды ён захоча.
Некалькі месяцаў таму на заводзе была дэлегацыя. Завод, поруч з карпусамі якога ў сасонніку жаўцелі i бялелі дамы цэлага горада з шырокімі прамымі вуліцамі, з аўтобусамі, са стадыёнам, ужо шумеў многімі цэхамі; яго машыны, якія няспынна сыходзілі з галоўнага канвеера; можна было цяпер бачыць бадай ва ўсіх кутках краіны.
Васіля Цімафеевіча папрасілі паказаць дэлегатам свой цэх, пазнаёміць з лепшымі людзьмі. Ён прыйшоў у той дзень апрануты па-святочнаму — у новым бастонавым касцюме з двума баявымі ордэнамі, у шоўкавай сарочцы з зялёным пярэстым гальштукам i ў фетравым капелюшы, які ніколі раней не насіў.
Калі ён стаў знаёміцца з гасцямі, то неспадзеўкі аказалася, што між ix ёсць адзін — Гвозд — з Ніжняга Тагіла, праўда, з другога завода.
— Вось цуд! Землякі, значыцца!.. Я-ж таксама адтуль. Што-ж, дарагім гасцям пашана, а земляку — удвая!.. Рад!
Ледзь толькі Зыбін сказаў гэта, як стаў распытваць, што новага ў Тагіле, называючы сваіх знаёмых, успамінаючы. Праз якіх-небудзь пяць хвілін яны былі ўжо вялікімі сябрамі.
Адказаўшы на пытанні, якія ўзрадаваны Зыбін сыпаў, i сыпаў, госць, хударлявы, з усмешачкай, якая не cходзіла з твару, пацікавіўся:
— Не збіраецеся назад?
— Ды пакуль не. Не адпускаюць, — адказаў Зыбін, упершыню з ноткай як-бы задавальнення тым, што затрымліваюць.
— Вядома. Хто-ж адпусціць добрага спецыяліста…
Гвозд запытаўся, якая ў яго кватэра, якая зарплата.
— Усё добра. Калі-б толькі ў Тагіл не цягнула!.. Вось сустрэўся — i нібы прывет з радзімы атрымаў. Тужліва стала. Засмактала ў сэрцы!..