Зямляк быў чалавекам мяккім, далікатным — на ўсё, што казаў Зыбін, — паддакваў, ківаў галавою.
— Так, так… вядома…
— Што значыць, роднае месца! Вы i ўявіць не можаце, як цягне часам! Бывае, у працы забудзеш пра ўсё, а потым адразу як наплыве, надыдзе, агорне! Эх, Тагіл, Тагіл!.. Чорт пабяры, там у нас i паветра пахне, здаецца, інакш!.. — раптам расчулена прамовіў Зыбін.
— Паветра? — здзівіўся зямляк, але, збянтэжана пакашляўшы, падумаўшы штосьці, далікатна кіўнуў: — Яно, вядома, напэўна… Паветра…
Увёўшы гасцей у цэх, Васіль Цімафеевіч адчуў, што яму вельмі не хочацца, каб хто з ix, асабліва Гвозд, падумалі што-небудзь кепскае пра яго цэх, яго завод, яго таварышаў.
— Наш цэх самы малы па плошчы i робіць самыя дробныя дэталі, можна падумаць — дробязь: болцікі, гайкі. Але без гэтых болцікаў не можа жыць ні адна машына, так як нельга пашыць паліто ці касцюм без ніткі. Нашы дэталі можна вобразна назваць ніткамі. Значыцца, можна сказаць, што мы робім заводу ніткі!.. Пры ўсім тым наш цэх — цэх самай высокай тэхнікі. Мы робім на станках самых складаных i дасканалых сучасных канструкцый!..
Ён расказваў ахвотна, бо любіў тлумачыць, — тым больш такім гасцям. Напэўна, усе адчувалі, што ён быў, хоць i скрываў гэта часта ўсмешачкай на тонкіх губах, горды i за шырокі, са шкляным дахам, цэх, у якім стаяць цесна роўнымі радамі такія цудоўныя станкі, i за сябе, якому даверылі гэта. Ён вельмі хваліў, нязвыкла шчодра хваліў рабочых.
— Вас ужо, мусіць, не дзівіць, што ў нас такія маладыя рабочыя… Такія-ж рабочыя на ўсім заводзе — па ўзросту кадраў мы, відаць, адзін з самых «маладых» заводаў… Так!.. Гэтыя хлопцы прыехалі з вёсак. Некалькі гадоў назад многія з ix i да станка падысці баяліся!
Неўзабаве, прабраўшыся між станкоў i тоўпячыся ў вузкім праходзе, госці сталі сачыць за працай аднаго з аўтаматчыкаў. Інтэлігентны, кволы з выгляду, з тонкімі рысамі, з зачасанымі назад каштанавымі валасамі, хлопец пачаў бянтэжыцца.
Васіль Цімафеевіч супакоіў яго: — Не спяшайся. Пакажы, Грынь, што не збяднела зямля наша талентамі!..
Хлопец мякка, па-дзявочаму, усміхнуўся i пакрыху стаў спакайнець. Ен пераходзіў ад аўтамата да аўтамата, што няспынна гулі, вылі, сіпелі, выпускаючы тонкую вітую стружку, паплёскваючы жаўтаватым ручаём масла, выкідваючы па замасленым жалабку цераз роўныя прамежкі адну за адной гатовыя дэталі. Рухі яго, асабліва рухі тонкіх худых рук, станавіліся ўсё больш упэўненымі.
Чалавеку пабочнаму, які не знаёмы са справай, магло-б здацца, што ён робіць усё залішне навольна. Ён не мітусіўся, не спяшаўся, — то стаяў, то хадзіў мерна, з нейкай дзіўнай нібы ленасцю ў хадзе, у рухах. Гэтая марудлівасць як-бы зусім не пасавала з тым, як працавалі станкі. Ix шасцярні круціліся са страшэннай хуткасцю — станкі спяшаліся, сіпелі, аж дрыжэлі ад натугі, а кволы з выгляду, смуглявы хлопец стаяў i хадзіў сабе паволі, як чарадзей, упэўнены ў сабе, у сваёй сіле. Ён не рабіў ніводнага лішняга руху i ні разу не прыпазніўся туды, дзе патрэбна была яго дапамога.
Сочачы за аўтаматчыкам, за станкамі, госці паціху перагаварваліся, паказвалі другім, што заўважылі цікавае; калі-ж, па знаку Зыбіна, станкі спынілі, усе шумлівым гуртком акружылі хлопца, сталі паціскаць яго рукі, пляскаць па плячы, хваліць.
Васіль Цімафеевіч, i сам усцешаны працай аўтаматчыка, задаволена далажыў:
— Гэты хлопец, можна сказаць, не ведае, што такое брак!.. — Ён дадаў з задзірыстай усмешачкай: — Вось як мы, беларусы!..
Зыбін тут-жа схамянуўся, спасцярожліва зірнуў на земляка. Але Гвозд зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў. Адзін з гасцей, высокі, лысы, трымаючы шапку ў руцэ, разважліва сказаў:
— Так, у вас ёсць чаму павучыцца!
Калі госці перайшлі ў новы цэх, Зыбін, па-прыяцельску ўзяўшы пад локаць Гвазда, затрымаў яго.
— Ну вось так i жывем… Ведаеце, усё-ткі тут кавалак жыцця пражыты, ды i не абы-які, — сказаў ён, як-бы тлумачачы штосьці.
— А як-жа-ж… Вядома…
— Я тут, недалёка адсюль, партызаніў… А потым у выканкоме тры гады — усё па вёсках, зямлянкі выкарчоўвалі, за ўраджаі ваяваў. Было не лягчэй, чым раней на вайне. А гэта, — ён павёў даўгаватым носам у бок цэха, — думаеце, усё гэта проста далося?.. Не адна маршчына на твары… што — на твары, — мусіць, на сэрцы адбілася.
Госць спачувальна кіўнуў.
— Пажывеш так, — хіба будзе чужая тут зямля?..
— Усё-ткі не родная?
Зыбін адвёў позірк ад гасця, задумаўся.
— Не ведаю. Родная яна ці не родная, не зразумееш… I не чужая, не крыўдзіць. Што не чужая, гэта ясна. Столькі гадоў пражыў, i каб кепскае што сказаць, — не магу. Не крыўдзіла… Ну, а. ўсё-ж штосьці дамоў вабіць, на Урал… Відаць-такі не парадніўся…