Госць хацеў было кіўнуць, але стрымаўся, нешта тоячы ў сабе. «Скрытны, — падумаў Зыбін. — Тагіляк. Сапраўдны тагіляк, — пазнаю… усё выслухаў, а сам нічога амаль i не расказаў».
«Ну, ды што, — вось сабяромся, насядзім разам, язык у яго i развяжацца».
Зыбін па-(прыяцельску, крыху бесцырымонна папрасіў Гвазда зайсці ўвечар да яго.
— Пасядзім. Поўлітра раздушым, пагаворым. Ёсць?
— Гм, дзякую. Вельмі дзякую… Але — не магу.
— Чаму?
— Ды білет вось у кішэні. Дамоў хачу адскочыць.
— Як адскочыць?
— Я сам, бачыце, магілёўскі… родам, вось i думаю наведацца…
— Дык вы — не тагіляк?
— Ды як сказаць — тагіляк, мусіць, усё-ткі… семнаццаць год ужо там…
— А-а! — прамовіў Зыбін няпэўна.
Ён быў крыху збянтэжаны i хвіліну маўчаў, не знаходзячы, што сказаць. Яго паклікалі па нейкай справе, i ён больш, як трэба было, заспяшаўся. — Едзеце, значыцца… А я думаў, што пасядзім, пабалакаем…
— У чатыры гадзіны цягнік.
— Шкада. Ну, што-ж!..
Ён развітаўся.
У нядзелю з узгорка, на якім уздымаліся высокія сосны, каторымі пачынаўся тут край бору, Зыбін з Жэняй i сынам любаваліся горадам.
Быў ясны дзень верасня, той пары верасня, калі ў ветры яшчэ не чуваць асенняй свежасці, калі яшчэ моцна ўгравае сонца, i Зыбіну было добра чуваць, як тут пахне разамлелай смалой. Будынкі, што віднеліся ўдалечы за шырокай зялёнай лугавінай, ахутвала сіняватая празрыстая смуга, i абрысы дамоў здаваліся лёгкімі i тонкімі.
— Чорт пабяры, няёмка атрымалася з гэтым земляком, — сказаў Зыбін, сочачы за дымком паравоза, што забялеў удалечы між пабудоў.
— Ты, Вася, рэзкі на язык, — павучальна прамовіла жонка.
— Рэзкі ці нярэзкі, — хто-ж яго ведаў, што ён магілёўскі, адсюль…
Павярнуўшыся к сыну, Зыбін стаў паказваць яму абрысы будынкаў i называць ix…
— А гэта што там, тат?
— Дзе? А… Гэта на прывакзальнай плошчы. Гэта, якбы сказаць, гарадскія вароты. Уезд у горад. Калі хто прыедзе ў горад па чыгунцы, ён перш за ўсё праходзіць праз гэтыя вароты…
— Калі гэта тыя, што на плошчы каля вакзала, то я ix бачыў. Калі мы з мамай ездзілі… Тат, а чаму яны такія вялікія?
— Хто? Вежы?
— Вароты гэтыя! Цэлых адзінаццаць паверхаў. Большыя за дамы!..
Зыбін не адказаў нічога. Прабегшы позіркам па гораду, ён прамовіў ні то са здзіўленнем, ні то з роздумам:
— А ты ведаеш, жоначка, прывык я да яго.
— Да каго? — не зразумела жонка.
— Да каго… Да яго, да горада. Усё-ткі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Горад заводаў. Ну, а наш завод — i не кажы. Да-а, столькі гадоў аддаць яму, столькі крыві!..
— Мне таксама падабаецца тут.
— Табе то я ведаю, — спадылба, крытычна зірнуў на жонку Васіль Цімафеевіч.
— Зручна, — як-бы стала апраўдвацца яна. — Горад блізка — i ў тэатр можна, i на канцэрт, i ў магазін любы. — Яна была чалавекам практычных інтарэсаў.
— Чорт пабяры, яшчэ — чаго добрага — я буду сумаваць па гэтых сасонках.
— А што-ж, хіба не хораша ў нас?.. Памаўчаўшы, яна прамовіла: — Вася, а чалавек гэты, што ты казаў, зямляк твой, сам з Магілёва, a застаўся там i нішто — жыве сабе…
— Ну i што-ж, хай сабе жыве, дзе хоча, — не адразу зразумеў жончын намёк Зыбін. — А-а… Прыклад узяць? Ну i хітрыя вы, жанчыны, усё ў свой бок павернеце.
Зыбін гаварыў добрадушна, i яна, прыгарнуўшыся да яго, лашчачы яго руку сваёй поўнай, мяккай i белай, соладка, з надзеяй, ціха-ціха прашаптала — А можа…. не паедзем, а, Вася? Нашто нам ехаць?
Ён маўчаў. Слухаў лагодны, супакойлівы шум зялёных вершалін сосен, што плаўна хісталіся над ім. Васіль Цімафеевіч любіў слухаць шум.
— Столькі гадоў пражылі тут. Партызанілі… Хіба табе не шкада лясоў, дзе мы хадзілі? Не шкада?.. Эх ты, чэрствы чалавек, Вася, — крыўдуй не крыўдуй — праўду кажу… — Ён маўчаў, задуменны, строгі, i яна адчувала, што словы яе разварушваюць яго душу. Пасмялела — Кватэра такая!..
— «Кватэра». Што — кватэра?.. — ён адняў яе руку, як-бы ў знак таго, што незадаволен яе словамі.
Дамоў ён ішоў маўклівы, паглыблены ў нейкія свае думкі.
Праз некалькі дзён ён атрымаў чарговы водпуск. Зыбін даўно чакаў гэтага, але цяпер, калі трэба было збірацца ў дарогу, тупаючы ў апошні раз па сваім пакоі на другім паверсе, пакоі са сталом для вытворчых нарад i з смешнымі медзведзянятамі, спускаючыся па металічнай, як на караблі, лесвіцы, праходзячы між такіх знаёмых станкоў, ён стаў адчуваць, што ў ім ные смутак.
Ён зайшоў у кладоўку пад сваім пакоем, пастаяў, паглядаючы на палічкі, дзе ляжалі капіры, разцы розных форм, патупаў у суседнім памяшканні, дзе ў металічных адсеках былі гатовыя дэталі i поўфабрыкаты.