— Як у нас справы з дваццаць пятым штуцэрам? — запытаўся ён у дзяўчыны-кладаўшчыцы.
Ён тут-жа падумаў, што пытацца пра гэта не трэба, што тое, колькі яшчэ ёсць у кладовай штуцэра дваццаць пятага, яго ўжо не датычыць. Не павінна датычыць. Гэтыя дэталі скарыстае ўжо яго заступнік, які пра ix i будзе клапаціцца. Зыбін адчуваў, што гэты цэх, i гэтыя загатоўкі, i ўсё, усё гэта ўжо яго i не яго, ён ужо нібы чужы тут. Ён стараўся не звяртаць увагу на дзіўны свой настрой. Выйшаўшы з пакоя, ён убачыў тэхнолага, спыніў яе.
— Елена Сяргееўна, вы не крыўдуйце на мяне.
— За што, Васіль Цімафеевіч?
— Ну, за ўсё. Працавалі разам, усякае было. Можа, i пакрыўдзіў не раз.
— Ну, што вы!
— Прабачце, я чалавек грубы, можа — чэрствы, мог не так сказаць. Дык вы не помніце зла.
— Дзіўныя рэчы вы кажаце сёння.
— Вось я i еду!.. — паведаміў ён, тут-жа адчуўшы, што гаворыць лішняе.
— Шчаслівай вам дарогі!..
У такім настроі яго выклікалі да дырэктара. Распытаўшыся пра справы, пра тое, што, на яго думку, трэба зрабіць у цэху ў наступныя дні, дырэктар выняў са стала даўнюю яго заяву пра тое, што ён просіць адпусціць на радзіму.
— Ну, вось скажы, што з ёю рабіць? I так заляжалася — трэба, як кажуць канцылярысты, даваць ёй ход… Першае слова — тваё, як, можна сказаць, віноўніка. Ты не перадумаў?
Зыбін памаўчаў, нібы ў роздуме, але адказаў цвёрда:
— Не.
— Шкада. Ну што-ж, тады мы тут параімся…
Дома, фыркаючы пад умывальнікам, расплёскваючы ваду, Зыбін расказаў аб гэтай размове жонцы. Ён амаль адразу-ж пашкадаваў, што прагаварыўся, бо, паслухаўшы яго, Жэня пакрыўджана пачырванела i, не стрымаўшы слёз, захліпала. Выціраючы твар i рукі, Зыбін адвярнуўся, каб не бачыць жонку: i так на душы моташна, а тут гэтыя слёзы!..
— Вася, а можа застанемея… пакуль не позна.
— Я ўжо казаў. Не люблю паўтараць адно i тое-ж.
За абедам яна была маўклівая i ціхая, i Зыбін ведаў, што яна на яго крыўдуе. Але ён быў упэўнены, што крыўда i гэты маўклівы дакор яе будуць не доўга, што ix зменіць звычайная пакорлівая ласкавасць, да якой прывык ён за гады жыцця. Яна больш не заводзіла размовы пра тое, каб застацца, i толькі моўчкі сядзела каля яго, тоячы сумныя думкі, i думала, мусіць, — мяркуючы па выгляду, — пра тое, што нічога не зробіш, куды ён — там i ёй быць.
Яны рашылі, што паедзе туды — на радзіму — пакуль ён адзін. Зыбін хацеў забраць i яе з сынам, але жонка сказала, што гэта зусім лішняе, бо ўсё роўна хутка трэба будзе перабірацца ўсім. Так што цяпер ехаць утраіх — толькі непатрэбныя траты.
Зыбін згадзіўся. Стараючыся не падаваць выгляду, што ёй сумна, Жэня гаварыла разважліва, што яна яму пакладзе ў чамадан на дарогу, i пыталася, чаго яму яшчэ трэба.
— Ты толькі глядзі, каб з Надзяй там чаго-небудзь… Даведаюся, пабачыш, не дарую.
— Ну, вось што — тэму гэту адкладзем, як лішнюю, ясна? — адказаў рашуча Зыбін, i яна паспакайнела.
Пасля абеду Зыбін любіў, лежачы на канапе, лістаць часопіс — разгадваць рэбусы, чытаць розныя кароценькія заметкі на апошніх старонках. Ламаючы галаву над адным словам з рэбуса, ён намерыўся было клікнуць Жэню на дапамогу i заўважыў, што яна стаіць каля фікуса, які толькі што паліла.
Як-бы схамянуўшыся, яна ўздыхнула i пайшла павольна на кухню.
Зыбін не паклікаў яе…
Ён вярнуўся праз месяц. Ледзьве прыехаўшы, занёсшы рэчы ў кватэру, паказаўшы спехам пакоі рослай, яшчэ дужай маці, якую прывёз з сабой, ён пабег у сваёй расхрыстанай скуранцы к заводу распытацца пра справы.
На асфальтаванай вуліцы, што ішла к запаветным варотам, Зыбін спаткаўся з аўтаматчыкам, за працай якога калісьці сачылі госці. Грынь быў у пінжаку i белай сарочцы з адкладным каўняром, хоць дзень быў халаднаваты i хадзіў ведер.
Хлопец, відаць, ішоў з магазіна, — у руках ён трымаў загорнутую ў газету буханку хлеба.
— Васіль Цімафеевіч! Дзень добры! Даўно прыехалі?
— Толькі што з вакзала…
— A-a… — хлопец падумаў хвіліну i запытаўся баском: — Ну, што там… на радзіме вашай?
— У Тагіле? Навін харошых многа. Усяго адразу i не раскажаш. Заходзь сёння, пасядзім, пагаворым… Заходзь, праўда — без цырымоній!.. А што тут цікавага ў нас?
— Новую машыну зрабілі.
— Зрабілі ўжо? Глядзі ты, якія навіны! Дзе яна, навінка гэтая? Хадзем… Ты не спяшаешся?
Яны пайшлі к заводу. Елена Сяргееўна, што трапілася ім каля ўваходных варот, убачыўшы Васіля Цімафеевіча, заззяла. Яна павіншавала яго з прыездам, i маленькія вушы яе чамусьці паружавелі. Звычайна сухаваты, Зыбін неспадзеўкі схапіў яе руку, патрос, відаць, усцешаны тым, што яго сустракаюць, як свайго, любяць.