Выбрать главу

— Ну, што ў нас, у цэху? Ці —не трэба. Зараз я прыду — раскажаце ўсё! I пра ўсе чуткі таксама. Абавязкова!

— Пра чуткі — ёсць строгі загад, — напомніла Елена Сяргееўна, зноў ружавёючы i развітваючыся.

— Загад адмяняю… Ведаеш, проста дзіва — засумаваў я штосьці там, — крыху ніякава сказаў Зыбін Грыню.

Хлопец далікатна кіўнуў галавою:

— Не спадабалася дома?

— Ды не, яно не тое, — не спадабалася… Горад разросся, пахарашэў. I завод, дзе я працаваў, пашырэў — два новыя карпусы ў вайну пабудавалі. Праўда, поруч з ім, адразу за плотам, стаіць цяпер такая махіна, што ён нібы прынік, стуліўся… Цеснаватым нейкім здаўся мне ён… Ну i з нашым аўтамабільным яго не раўняць. Не тыя маштабы!.. Але справа не ў гэтым, не ў памерах. Сумаваць я пачаў па нашым аўтамабільным, адчуў, што, як кажуць, жыцця без яго не будзе. Пакуль жыў тут, не заўважаў гэтага, а як паехаў, адарваўся, — бачу — прырос!..

— Прывыклі…

— Людзей знаёмых засталося не сказаць каб многа. Адны з вайны не вярнуліся, другія пераехалі, тыя пастарэлі, перамяніліся. Але хто-ні-хто з сяброў застаўся. Сустрэлі добра, лепш не можна!.. I работа знаходзілася. A ўсё-ткі на другі тыдзень пацягнула сюды…

Зыбін агледзеў вясёлымі, пацяплелымі халодна-шэрымі вачыма шырокі двор, абсаджаны маладымі пажоўклымі ліпамі.

— Ледзь не кожны дзень думаў, што тут у нас? «Правду» сястрычцын муж выпісвае, дык, як толькі атрымаю, адразу ў газету — што ёсць з Мінска. Ці няма чаго-небудзь пра наш, пра аўтамабільны?..

Яны спыніліся каля машыны, што стаяла на дварэ, непадалёк ад шырокіх варот цэха. Магутны цёмназялёны грузавік з такім знаёмым упартым лабастым зубрам на баку, сам падобны да гэтага зубра, гатоў быў, здаецца, вось-вось рушыць у дарогу, нецярпліва чакаючы гэтай хвіліны.

— Эх, які асілак!.. — Васіль Цімафеевіч непаспешліва абышоў машыну, падняўся ў кабінку, зазірнуў у сярэдзіну яе, спусціўся, ацэньваючым позіркам агледзеў задні мост. Падышоў, памераў па сваім росце вышыню кола, на шыне якога выступалі моцныя касыя рубцы.

— А ведаеце што, Васіль Цімафеевіч, — загаварыў неспадзеўкі Грынь. — Магарыч, як-бы сказаць, з вас. Задаволілі, аказваецца, просьбу вашу. Задаволілі — сам чуў… Гэта ўжо точна.

— Якую просьбу?

— Нібы i не ведаеце?.. Тую самую!

Зыбін, відаць, у першы момант i праўда не здагадваўся, пра якую просьбу гаворыць аўтаматчык, але хутка Васіль Цімафеевіч зразумеў усё, спахмурнеў.

Тады раптам ён пачуў, як побач задуменна, па-асенняму шалясціць-гамоніць пажоўклым, ападаючым лісцем маладая ліпа. Штосьці такое задуменнае i асенне-тужлівае было i ў яго сэрцы.

— Праўда гэта… Дырэктар казаў, што рашылі задаволіць вашу просьбу. Адпускаюць…

— Ты жартуеш?

— Клянуся, праўда… Можаце збірацца… Але-ж i доўга вам прыйшлося чакаць гэтага, а? — Грынь здзівіўся. — Што-ж вы такі?! Вось-жа характар у вас — i не зразумееш, ці рады вы, ці незадаволены?.. Няўжо не хочаце? Вы-ж, казалі, столькі рваліся туды!

— Не паеду… Чаго ўжо ехаць? — Як-бы апраўдваючыся, чамусьці зашпільваючы скураную паддзёвачку, дадаў: — Цяжкаваты я нешта стаў на пад’ём.

— A радзіма? Не цягне хіба?

— Радзіма? — хмыкнуў ён, потым злавіў медны ліст, што паволі падаў, кружачыся, прамовіў задуменна: — А тут што — Афрыка? Не свая хіба зямля?.. — Зыбін прыслухаўся: — Што гэта ліпы шумяць так цягуча?

I, цярэбячы апалы, зазубраны, з тонкімі чырвонымі жылкамі лісток, сам сабе адказаў:

— Восень, Грынь, ужо… I не заўважыў, як прыйшла…

1954 г.