Ліда, падсунуўшы да яго табурэтку, папрасіла сесці, села сама на ўскрай ложка i загадала:
— Ну, кажы. Як-жа гэта ты?.. Так нечакана.
— Ты не чакала? — спытаўся ён з жартаўлівай крыўдай, каб схавань няёмкасць.
— Не, не чакала, — адказала яна ў тон.
— Значыць… я дарэмна спяшаўся?
— Выходзіць, дарэмна…
Яна паглядзела з ледзь прыкметнай усмешкай, i у ясна-шэрых яе вачах, якія здаваліся цёмнымі ад густых веек, успыхнулі знаёмыя гарэзныя агеньчыкі.
Гаворка пайшла весела i лёгка. Васіль жартаўліва апавядаў пра свае прыгоды ў дарозе. Ліда смяялася. Так, жартамі, яны гаварылі яшчэ доўга, пакуль ад разгубленасці, што зрабіла доўгачаканая сустрэча, не засталося i следу.
Тады ён раптам пачаў адчуваць нездавальненне. «Гэта не тое, што павінна, — падумаў ён. — Трэба сказаць нешта значнае, вялікае i пачуць шчыры адказ. Трэба, каб кожнае слова было асаблівае. Бо гэта гадзіна не звычайная, асаблівая». I вясёлая, але пустая гаманлівасць пакінула яго. Усмешка на чырвонашчокім твары згасла. A між густымі ўскінутымі брывамі з’явіўся нездавольны раўчачок.
Ён абарваў гаворку, сніх. Ліда, даўно заўважаючы незразумелую змену ў яго настроі, паглядзела на яго ca здзіўленнем.
Васіль загаварыў з тугой i шчырасцю.
— Калі-б ты, Ліда, ведала, як я рады, што бачу цябе зноў… У мяне, ведаеш, нейкае дзіўнае жаданне: хочацца, не зводзячы вачэй, глядзець i глядзець на цябе… Нават, ведаеш, гаварыць не так хочацца. Праўда… мне ўсё роўна як шчасце — бачыць цябе, твае вочы, твае рукі… І аж нібы не верыцца, што гэта ты! Дзіўна, праўда? Гэта, мусіць, ад таго, што я прывык думаць, што ты далёка-далёка…
Ліда, крыху збянтэжаная, не прамовіла ні слова, але з позірку яе ён зразумеў, што яна адчувае.
Так, i яна вельмі шчаслівая, што ён тут, i для яе ён самы любы чалавек, яна любіць, як i раней. Не, больш, як раней!.. Васіль не мог адарваць вачэй ад яе.
«Хай гэтыя гадзіны будуць без смутку. Хай думае, што ix яшчэ многа», — недзе далека засенню наплывае думка. Яна хутка сходзіць, нібы хмурынка ў ясным бязвоблачным небе. I зноў — толькі вочы, блізка-блізка…
— Як хораша! — ціха прашаптала Ліда.
Яе рукі даверліва ляглі на яго плечы. Ён абняў яе i сядзеў моўчкі, напоўнены адчуваннем яе блізкасці i бязмежнага шчасця.
…Скончылася гэта нечакана. Прайшло трохі болей за гадзіну, калi з кухні пачуўся голас Мар’і Пятроўны.
— Ліда, час снедаць.
Ліда хутка ўстала, кінула позірк на ручны гадзіннік.
— Ой, мне трэба бегчы.
— Куды?
— На працу.
— Якую працу? Ты працуеш? Ты-ж вучылася…
— Я працую на авіяцыйным заводзе. Хутка месяц.
— A інстытут? Вучоба?
— І вучуся, i працую… Чаму ты так усхваляваўся? — занепакоена спыталася яна.
Ён спыніўся ў нерашучасці: «Сказаць ці не?». — I пасля моманту развагі парашыў: «Не, няхай пазней».
— Пасля скажу. Я цябе правяду. Добра?
Да завода, што быў кілометры за два на ўскраіне горада, яны ішлі вельмі хутка. Падаў першы снег. Весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі i ўсцілалі перад імі шлях.
— Ты i вучышся, i працуеш? Гэта-ж цяжка.
— Цяжка. Раніцай i днём — праца, увечары — з чатырох да дзесяці — заняткі. Потым — падрыхтоўка да заняткаў. Учора прыйшла за поўнач. Так кожны дзень… Як прыйшло паведамленне, што i другі брат загінуў, адразу пайшла.
Вуліца падымалася ўгору. Час бязлітасна лічыў хвіліны. Васіль парываўся штосьці сказаць i ўсё адкладваў.
— Я хацела спачатку папрасіцца на фронт, — сказала яна, — не магла я больш сядзець тут. Мне так хацелася пайсці на фронт, Васілёк… Ды маці нельга было пакінуць адну. Гора зусім змагло яе. Бачыш, якая яна цяпер? Я была ў яе адна падтрымкай…
Каля заводскай брамы, на ўзгорку, яны спыніліся. Знізу ляжаў горад. Адсюль былі відаць стужкі яго вуліц, квадраты плошчаў; дахі бялелі некранутым снегам. Проста над горадам у мітуслівым прасцягу вісела нізкае, але вясёлае сонца.
— Ну, вяртайся. Адпачні, Васілёк, пасля дарогі. Маці там цябе ўладзіць… Я прыйду ў тры гадзіны. На заняткі — у такі дзень — не пайду. Будзем разам! Удваіх будзем! Удзень i ўвесь вечар!.. Як я рада, што ты прыехаў!..
Яна шчасліва засмяялася.
— Ледзь не забыла… Ты-ж нешта хацеў мне сказаць?
— Я хацеў сказаць, што мы… не будзем разам увечары… I сёння больш не сустрэнемся… Мне зараз трэба ісці на станцыю. Разумееш, Ліда, — хутка павінен прайсці на фронт наш эшалон. У мяне дзесяць гадзін было на водпуск.
— Як гэта, дзесяць гадзін? Такі кароткі водпуск? — ca здзіўленнем сказала яна.