Станіслаў сербануў піва.
— Адчувае маё сэрца, што хутка кароль дашле ў нашы краі віцы. Кажуць, што Грыгорый Агіньскі ізноў узбунтаваўся супраць гетмана Сапегі, ды яшчэ вар’ят Карл ХІІ вырашыў усяму свету вайну абвясціць і перш за ўсё сабраўся на цара Пятра ісці. Хочаш не хочаш, а нашаму каралю давядзецца прымаць бок ці то шведаў, ці то маскалёў. Вось такія, брат, справы. Янак слухаў бравага салдата, адкрыўшы рот.
Мала таго, што той з ім як з роўным гаворыць, дык яшчэ сваімі сумненнямі дзеліцца!
— Ну добра, ты тут падумай, але нядоўга. Увечары я пакіну ўжо тутэйшыя месцы. Прыходзь да хаты ксяндза, калі што вырашыш. Я там буду.
Станіслаў устаў з-за стала. Ва ўсім яго абліччы адчувалася стаць і пародзістасць. Вельмі пасавалі яму і чырвоная рэйтрока, вышываная золатам, і капялюш з высачэзным белым пяром. І хоць жалавання яму хапала толькі на прыстойнае экіпіраванне, бо з-за сваёй хоць і шляхетнасці, але жудаснай беднаты служыць ён мог толькі ў лёгкаўзброенай конніцы, важнасць яго ад гэтага не меншала. Таму што ён славіўся адчайным смельчаком.
Пан Кажоўскі часцяком расказваў, як яго рэкрут хадзіў у разведку, стаяў у каравулах і прымаў баі на флангах. А пры такіх абставінах трэба мець ільвінае сэрца, а не сэрца баязліўца.
Яны выйшлі ў двор.
— Прывядзі мне каня, — распарадзіўся пан Станіслаў.
Янак адвязаў ад загарадзі белага з чорнымі палосамі і плямамі прыгажуна інаходца дрыкгантаха, пакрытага турэцкай гунькай, вышытае сядло ўпрыгожана пазалочаным лукам, а над конскім ілбом калыхаліся белыя пёры. Шляхетнае было ўбранства, такую прыгажосць Янак бачыў упершыню.
— Вось пераканаўся, не такая гэта цяжкая справа — каня падаць гаспадару, а ты яшчэ будзеш не толькі грошы атрымліваць, але і вольным чалавекам сябе адчуваць.
Ліха ўскочыўшы ў страмёны, пан Кажоўскі паехаў ад шынка.
«Вазьму і сыду з панам Станіславам — хай усе ведаюць!» — расправіў плечы Янак.
«А як жа Антаніна? Колькі яго не будзе? Год, два, а можа, і больш? Яе сапраўды замуж аддадуць. Трэба да яе пайсці параіцца. Калі люб я ёй, то ўсе здзекі дзядзькі вынесу, толькі каб з ёй побач быць». Янак паспяшаўся да лесапільні.
10
Вечарэла, але сонца малочна-белага колеру не спяшалася сыходзіць за горы, а паліла зямлю, як і днём.
Увайшоўшы ў прахалоду лесу, юнак прызадумаўся. У яго нечакана ўзнікла жаданне пабачыцца з Антанінай.
А раптам яна цяпер нічога добрага яму не скажа, а потым, калі ён вернецца, ды з грашыма, і, можа, з узнагародай, яна зменіць сваё рашэнне, а яму — пакутуй усе гады.
Янак то спыняўся, то паспешваў крок.
— Ты куды гэта, хлопец, кіруешся? Нябось да Антаніны спяшаешся?
Бабка Хрысціна вярталася з лесу, несучы кошык, поўны духмянай травы
і кветак.
— А табе што за справа?
— Не хадзі да яе, не трэба, — жанчына паставіла кошык на зямлю і ўздыхнула.
— Ты мне што за ўказ? Куды хачу, туды іду!
Янак быў вельмі злы. Сёння яго крыўдзяць і падказваюць, што рабіць, усе каму не лянота.
— Шкада мне цябе, Янак, — не звяртаючы ўвагі на злосць у голасе юнака, сказала Хрысціна. — Не люб ты ёй, а калі б нават і падабаўся, то яе бацькі ніколі не пагодзяцца, каб ты жаніўся. Ідзі, хлопец, шукай шчасця ў іншым краі. Прадчуваю я, што і мне давядзецца адгэтуль хутка ўцякаць.
— Хочаш вады? — яна падала яму гладыш.
Юнак зрабіў глыток і зморшчыўся: «Што ты там накаламуціла?»
— Пі, Янак, пі, гэты адвар цябе, можа, ад смерці выратуе. Давай сыдзем са сцяжынкі, у цяньку адпачнём, прытамілася я сёння.
Хлопец неяк адразу супакоіўся. Ён прысеў побач з шаптухай пад разгалістай елкай, ствол і карані якой былі пакрыты шэрым лішайнікам і мохам.
— А табе Антаніна сама казала, што я ёй не падабаюся? — адважыўся Янак на пытанне, такое для яго важнае.
— Сама. Я, Яначак, нізашто б пра гэтага табе не сказала, але штосьці гняце мяне, і на душы моташна. Памру, напэўна, хутка. І так зажылася.
Жанчына паціху заплакала.
Янак не стаў нічога казаць, каб суцешыць. Бабе паплакаць — адна любата.
Яго больш займала дзіўнае бачанне на блакітным небе. Побач з распаленым дабяла сонцам праглядаўся ледзь-ледзь празрысты месяц. Нездарма кажуць, што два свяцілы, як брат з сястрой — ходзяць адзін за адным. Сонца дорыць жыццё, а месяц суправаджае памерлых у царства цемры і забыцця.