— Што ты, Антаніна, мы ўжо прыйшлі. Я бачу дах званіцы, — адказала сяброўка.
— Тады, як знаеш. Але калі мы будзем так плесціся назад, то дацямна дахаты не вернемся, — сказала дачка Адама Скшынецкага.
Мабыць, баючыся, што сяброўка будзе папракаць далей, Дражына, прыкладваючы вялікія намаганні, сабралася з сіламі і паскорыла крок.
Нарэшце яны зайшлі ў цень ад дубоў, што стаялі радамі ўздоўж ручая Цэдрон.
Яшчэ дзяўчаты пачулі стук сякер. Тут ужо шмат гадоў будавалася свяцілішча, але нават недабудаванае яно было цудоўным: храм не маглі сапсаваць ні рыштаванні, ні натоўпы тых, хто яго ўзводзіў.
Каля храма дзяўчаты рассталіся.
Антаніна накіравалася да алтара, а Дражына вырашыла не мяняць свой штодзённы рытуал і рушыла да капліцы, якая ўзвышалася на адным з трох узгоркаў, названых у гонар нейкага святога. Якога менавіта, Антаніна не памятала. Ды і навошта? Тут, куды ні глянь, усё носіць богаўгодныя імёны.
Дзяўчына думала памаліцца ў цішыні перад светлым абразом цудатворнай постаці Богамаці. Хоць храм яшчэ не дабудавалі, але вернікі занеслі яго сюды, прымацавалі ля алтара, упрыгожвалі свежымі кветкамі, штораніцы маліліся перад ім. Але падысці блізка да яго Антаніна не змагла. Сёння людзей у свяцілішчы было вельмі шмат.
Антаніна пастаяла нейкі час у храме, затым выйшла з яго, прысела на лаўку пад дрэвамі, абапёршыся спінай да халаднаватай цаглянай сцяны.
Дзяўчына засумавала. І навошта яна сюды прыйшла? Каб лавіць на сабе юрлівыя пагляды потных мужыкоў?..
Яна назірала за матылькамі, якія пырхалі над дарогай, ля самых ног, купаючыся ў пыле, шчабяталі няўрымслівыя вераб’і. Пахла канюшынай і яшчэ чымсьці саладжавым, ці то патакай, ці то мёдам. І душу Антаніны хутка агарнула супакаенне, і яна не заўважыла, як задрамала.
Прачнулася дзяўчына ад холаду, які ад камянёў, здаецца, завалодаў кожнай клетачкай яе цела. Вельмі хацелася піць.
Антаніна зірнула на неба: сонца на захадзе дакраналася вершалін дрэў, а Дражыны не было відаць.
«З-за гэтай непаваротлівай давідна дадому не вернемся», — з абурэннем падумала Антаніна, паднялася з лаўкі і пайшла шукаць сяброўку.
Дражыну яна знайшла недалёка ад лесвіцы, якая вяла да званіцы, на трыццаць трэцяй прыступцы (Антаніна любіла лічыць). Тая ляжала на траве пад кустом глогу, скруціўшыся абаранкам.
— Дражынка, ты з глузду з’ехала ці што? Хопіць спаць. Дахаты пара, — Антаніна пачала трэсці сяброўку за плячо.
Яна прысела на кукішкі і павярнула галаву дзяўчыны да сябе.
Дачка Лешака Круціцкага была мёртвая.
Антаніну ахапіў жах. Як ні жудасна ёй было, страшна стала ёй, усё адно ў першую чаргу яна падумала пра сябе: што ж са мной будзе?.. Змяркалася, вернікі даўно разышліся па хатах, не было і будаўнікоў, клікаць каго-небудзь на дапамогу дарэмна.
Крыху супакоіўшыся, падумала, што трэба бегчы ў вёску і сказаць пану Лешаку пра бяду. Тады той запражэ каня і паедзе па дачку. Калі так, то тады ёй, Антаніне, трэба будзе вяртацца зноў сюды, ды яшчэ суцяшаць таго ў дарозе, а ён такі агідны!
Яе позірк спыніўся на шалі, які ляжаў каля Дражыны, і рукі самі міжволі пацягнуліся да гэтага зялёнага скарбу.
«Скажу пану Лешаку, што мне яго Дражына падарыла. У яго і так усякага дабра хапае, ды і каму насіць зараз у іх сям’і такую прыгажосць?»
Агледзеўшыся па баках, Антаніна накінула шаль на плечы і пабегла прэч з узгорка.
Чым бліжэй яна падыходзіла да вёскі, тым больш станавілася ёй кепска. Моцна балела галава. Рукі і ногі сталі як чыгунныя, крок запавольваўся. Зараз яна шкадавала, што папракала Дражыну за тое, што яна часта прасіла спыніцца адпачыць.
Антаніна спынілася: «Пайду-ка я дахаты. Адлежуся за ноч, а раніцай усё адно ісці да бабкі Хрысці, вось заадно і пра Дражыну скажу. Пан Лешак не дасць каня, каб давезці мяне да хаты, дык чаго я павінна адна праз цёмны лес ісці?!»
Яна ўздыхнула. Дражыне зараз усё адно нічым ужо не дапаможаш.
І Антаніна звярнула на сцяжынку, якая вяла да лесапільні.
13
Калі жыццё не задалося з маленства, то і потым чалавек наўрад ці будзе каму-небудзь патрэбен...
Толькі паспелі Янак з панам Станіславам дабрацца да месца службы, як хлопца скруціла жудасная ліхаманка. Ды такая, што лекар, як убачыў хворага, адразу даў драпака з палка...
...Як Янак апынуўся ў нейкага чуллівага старога, адзін Бог ведае. Стары прыносіў яму пітво, а Янак і расказваў жудасныя гісторыя пра тое, як ён са сваім панам занеслі ў полк нейкую заразу і там амаль усе памерлі. Чужынцы не маглі зрабіць такіх страт, як Янак са сваім панам.