Выбрать главу

Калі Янак акрыяў, то часта думаў пра тое, што, мабыць, зёлкі, якія дала яму чуллівая Хрысціна, збераглі яго ад смерці. Цікава, адкуль яна ведала, што з ім бяда здарыцца? Мабыць, з цёмнымі сіламі знаецца, нездарма кажуць пра яе з імі сяброўства.

За той час, пакуль ішоў, пакуль хварэў, Янак абнасіўся. Не было ў яго ні граша, каб купіць вопратку, а браць рэчы памерлых таварышаў ён пабаяўся. Стары сказаў, што зараза ў іх рэчах можа ўтойвацца, тая жахлівая хвароба ў любы момант можа зноў прыстаць да чалавека.

Назад Янаку хады не было. У тых месцах, адкуль ён прыбыў, мор лютаваў і адтуль нікога не выпускалі і нікога туды не ўпускалі. Стаялі кардоны з войскаў і добраахвотнікаў.

Ды нават калі б не гэта страшная бяда, каму ён патрэбен без грошай! Ну, вярнуўся б у Кажоўскую і што стаў бы там рабіць? Упасці на калені перад дзядзькам пад яго абразы і знявагу? Каб потым усе вяскоўцы пацяшаліся з яго? А як бы ён тады паглядзеў Антаніне ў вочы? Тая сапраўды ўзненавідзела б яго.

І, як раіў усё той жа чуллівы чалавек, Янак застаўся служыць у войску.

Выдалі яму палатняныя порткі, боты, шапку, мушкет, крывую шаблю ды торбу для харчоў.

Асабліва Янака цешыў абутак, адным словам, пан.

Служыў ён таварышам то ў аднаго ваякі, то ў другога. У многіх кампаніях пабываў, усякага набачыўся. Смерць, хваробы, голад заўсёды з салдатамі пад руку ідуць, а ён як загавораны. Жывы і цэлы. Можа, так і застаўся б да старасці ў арміі, а там, глядзі, і да якога, хай і маленькага, але ўсё ж чыну даслужыўся б, толькі здарылася з Янакам бяда. Напала на яго пошасць, якая высмоктвала з яго ўсе душэўныя сілы, спадзяванні на лепшае развейваліся... Паступова Янак заахвоціўся да гульні ў косткі. Спачатку ён не ведаў, што часта за сталом гуляюць злыя і несумленныя людзі, рызыкаваў і прайграваўся дашчэнту. Пазней, калі ўжо спрактыкаваўся у тонкасцях гульні, вызначаў ашуканцаў нават па адным узмаху веек, упадаў у лютасць і біў крыўднікаў бязлітасна, тыя, вядома, таксама ў даўгу не заставаліся. Янак часцяком з’яўляўся на службу пабітым і ў падранай адзежы.

Хіба ж пасля гэтага мог зрабіць хоць якую кар’еру жаўнер Круціцкі? Хто ж такога захоча побач з сабой трымаць, а тым больш рухаць на высокія пасады?

У адным меў рацыю пан Станіслаў. Дзяўчат на сваім вяку пляменнік старасты Кажоўскай пабачыў усякіх, і не толькі тых, што ішлі за абозам з вядомымі мэтамі. Былі ў яго і сумленныя дзяўчаты. Толькі не кахаў ён іх, і справа тут была зусім не ў Антаніне. У яго ўяўленні яе воблік спачатку бляднеў, змяняўся, а потым і зусім растварыўся ў дыме паходных вогнішчаў, сцёрся ў пякучых пацалунках прадажных прыгажунь.

Іншы запал авалодаў Янакам — жаданне стаць багатым чалавекам. Нагледзеўся ён на прыгажосць палацаў ды на лёгкае гарадское жыццё. Думаў разбагацець, гуляючы ў косці. Ды не тут было.

Грошы з рук Янака сплывалі імгненна, а каб зарабіць іх, трэба было гарбець тыднямі. Па яго разуменні, гэта было няправільна. Стаў Янак задумвацца аб тых багаццях, якія тады дзядзька ўхапіў з карэты. Янак думаў, думаў і вырашыў, што пара вяртацца дамоў і запатрабаваць у дзядзькі сваю долю за работу, за крыўды ды за тое, што маўчыць.

І, адсужыўшы дзесяць гадоў, Янак вырашыў пакінуць доблеснае каралеўскае войска.

Зараз ён мог смела вяртацца ў родную вёску. У апошні час яму шанцавала. Ён выйграў трохі злотых і купіў у аднаго мясцовага яўрэя, калі іх полк стаяў у Кракаве, паношаную, але яшчэ прыстойную адзежу. А яго апошні гаспадар падарыў яму хворага каня, які свайму гаспадару не мог прынесці ратнай славы, бо ў баі ледзь капыты перасоўваў.

Дый калі б усяго гэтага ў Янака не было, яму — пляваць, што пра яго думалі б аднавяскоўцы. Янак, як чалавек, які адчуў, што ён — толькі імгненне ў гэтым свеце, пачаў адпаведна ставіцца да ўсяго і да ўсіх...

Па дарозе дамоў Янак ледзь стрымліваў сябе, каб не завярнуць у які шынок і паспрабаваць згуляць хоць разок. Але ён баяўся, што пачне рызыкаваць і прайграе не толькі апошнія грошы, але і каня, і гэта яго стрымлівала. Яму ўжо вельмі хацелася з’явіцца ў родныя мясціны сапраўдным вяльможным панам.

Чамусьці Янак, ідучы дадому, ні разу не падумаў пра тое, што ў Кажоўскай яго не толькі ніхто не чакае, але што самой вёскі ўжо можа не быць... Гэткі страшны мор прайшоўся па тутэйшай зямлі!

Янак любаваўся сабой, быў аслеплены важнасцю сваёй персоны. Ён уяўляў, як усе здзівяцца, калі даведаюцца, што сірата Янак не толькі ацалеў ва ўсіх нягодах, а да ўсяго вяртаецца не з пустымі рукамі. І не хлопцам, якога яны ведалі, а мужчынам, здабытчыкам!

Не здагадваўся ён, што ў гэтым свеце ніхто нікім не цікавіцца, і ніхто нікому не цікавы. А яно, калі ты не абуза родным, ну і дзякуй богу!.. А чужыя... На тое яны і назву маюць такую страшную — чужыя.