14
Чым бліжэй ён пад’язджаў да родных мясцін, тым цяжэй станавілася ў яго на душы. Паўсюль ён бачыў запусценне і бязлюддзе...
Нарэшце з-за дрэў паказалася сцяна «Пузатай стронгі», белы дым паднімаўся над пачарнелым ад дажджоў дахам.
Янак сцепануўся. На дварэ стаяла глыбокая восень, і вечары ўжо больш былі падобныя на зімовыя, так было марозна і зябка.
Ён агледзеўся вакол. Нічога не змянілася, толькі неяк усё скурчылася: і аканіцы, і слупы, да якіх падарожныя прывязвалі сваіх коней — ды і сам драўляны будынак стаў нейкім змрочным, сцены пацямнелі і пачалі ўрастаць у зямлю. А можа, у маладыя гады ўсё здаецца больш прывабным, чым у сталыя?
Янак расчыніў дзверы і аслупянеў: за сталамі нікога не было. Толькі са сцен ухмыляліся чучалы галоў дзікоў і ваўкоў. У мёртвых ашчэраных пашчах гулялі водбліскі языкоў полымя.
Раптам Янак пачуў нечы ці то ўздых, ці то ўсхліп, і яго рука па звычцы пацягнулася па мушкет. Тым часам з-за стойкі асцярожна паказалася галава Абрама.
— Езус Марыя, Яначак вярнуўся, — Абрам узняўся і кінуўся да пляменніка гаспадара, але раптам збянтэжыўся і спыніўся ў некалькіх кроках ад яго.
— Я цябе таксама рады бачыць, Абрам, — сказаў Янак і падняў руку ў знак прывітання. — Слухай, я так хачу есці, з учарашняга дня ў роце нічога не было. Мае прыпасы скончылася, а купіць не было ў каго — пустэча навакол. А калі і сустрэнеш па дарозе якога адзінокага падарожніка, то без шкадавання на яго і не зірнеш. Худы, а ад голаду яшчэ і злы. Па рожы відаць: зрабіць можа што заўгодна.
— Ды ў мяне, пан, толькі зацірка на вадзе ёсць.
— Мне ўсё адно што, абы гарачэйшае. Увесь змерз, нават вантробы ўсярэдзіне заледзянелі. А чаго гэты ты мяне панам вырашыў зваць? — усаджваючыся за сталом, які знаходзіўся бліжэй да агменю, пацікавіўся госць.
— А як жа інакш? — ставячы на стол міску з заціркай, сказаў Абрам. — Зараз, калі ўсе памерлі, вы ва ўсёй акрузе і пан, і гаспадар.
— Як усе памерлі? — паклаў лыжку на стол Янак.
— Усе, усе. Хто ад хваробы памёр, а хто ў агні згарэў. Дый вёскі вашай цяперака таксама няма.
І расказаў Абрам Янаку Круціцкаму пра беды, якія здарыліся ў яго краі.
Слухаў той, сёрбаючы зацірку, і нічога не мог зразумець. Як так атрымалася, што, па вялікім рахунку, усе гэтыя гады ён сябе лічыў гаротнікам, а выйшла яно вось як. Атрымлівалася, што ён шчасліўчык. Пашанцавала яму і жывым застацца, ды яшчэ і прыбытак атрымаць. Шынок цяпер яго. Нікога з радні не засталося, усе памерлі.
— Ну, а ты як выжыў? — Янак адклаў лыжку ўбок.
— Гэта доўгая гісторыя, — сказаў Абрам
— А я нікуды не спяшаюся. Ды і ты, думаю, таксама, — ухмыльнуўся Янак Круціцкі, гаспадар «Пузатай стронгі».
Абрам зірнуў на яго ўважліва, у яго вачах заўсёды свяцілася ласкава-бязлітасная хітрасць, уздыхнуў і прымасціўся насупраць.
15
— Я ў вашы краі прыйшоў з Кракава. Так, з яго самога, — паўтарыў ён, улавіўшы недаверлівы погляд суразмоўцы. — Вы тады, пан Янак, яшчэ зусім хлапцом былі, не памятаеце той час. Меў я там краму і быў паважаным чалавекам, якім толькі магчыма быць пры маёй веры.
Меў я і жонку, і двое дзетак, дзяўчынак, Басю і Міру, — усё як у людзей. Чалавек, пасланы ў гэты свет для адкупленняў грахоў блізкіх, не можа доўгі час знаходзіцца ў стане радасці, таму і да мяне няшчасці, як дзядоўнік, паначапляліся, а пачалося ўсё вось з чаго.
Прыйшла да нас у горад бяда, мор прыйшоў. І сталі людзі паміраць цэлымі сем’ямі. А ў мяне неяк спыняўся адзін англічанін, доктар, і гэты важны пан расказаў, як усцерагчыся ад усякай заразы. Перш-наперш трэба адгарадзіцца ад усіх: прыяцеляў, суседзяў — не дыхаць з імі адным паветрам. Вось і я, як толькі зразумеў, што ў нас у горадзе хвароба выявілася, назапасіўся прадуктамі, згарнуў увесь гандаль і зачыніўся ў хаце, закрыўшыся ад усяго свету шчыльнымі аканіцамі ды жалезнымі заваламі.
Але чума — страшная рэч, з-за болю і адчаю адных людзей ператварае ў пакутнікаў, а з другіх робіць шарлатанаў, хоць у выніку паміраюць усе. Нішто не ратуе: ні мікстуры, ні разнастайныя божыя ахоўныя кудмені, што прапануюць нахабнікі за вялікія грошы, ні празарліўцы, якія палохаюць натоўп сваімі прадказаннямі і бачаннямі. Мне той лекар казаў, калі ліхаманка чалавекам завалодвае, у яго мазгі запаляюцца і яму ўсякія бачанні паўстаюць: каму пачвары, а каму святыя.
Пекла сышло з нябёсаў на горад. Людзі валіліся проста на вуліцах і, бывала, што днямі трупы не прыбіралі, горы мерцвякоў па ўсім горадзе ляжалі.