Не мог жа Янак паведаць Абраму, што з самага пачатку, як той пачаў расказваць, адна думка свідравала яго мозг: а раптам камяні, што Лешак нахапаў, ацалелі? Ляжаць схаваныя паміж бярвення, а таму і не счарнелі ад полымя, зіхацяць сваёй чароўнай прыгажосцю і чакаюць яго, Янака.
16
Мядзведзіца ў апошні раз рабіла кругі вакол бярлогі, заблытвала сляды перад тым, як залегчы ў спячку. Ці мала якому стварэнню захочацца наведаць яе бярлогу.
Апошнія гады яна часта спускалася ў даліну, каб паласавацца яблыкамі і грушамі. На папялішчы іх расло шмат. Дый на некаторых надзелах па вясне яшчэ ўсходзіў авёс, які яна так любіла.
Мядзведзіца ўстала на заднія лапы, а пярэднімі стала трэсці яблыню, на якой заставаліся мёрзлыя плады.
Шум стаяў неймаверны, нібы шквальны вецер гудзеў у кронах дрэў.
Але раптам мядзведзіца перастала трэсці дрэва, апусцілася на зямлю і павярнула галаву ў бок дарогі. Яна адчула пах, гэта быў пах чалавека, і гэты пах станавіўся ўсё больш вострым і страшным.
Звер асцярожна зайшоў за паўразваленую сцяну хаты і стаіўся...
17
Янака Круціцкага пахавалі побач з магілай маці.
Калі ён не вярнуўся нават ранкам да «Пузатай стронгі», Абрам Домніч пабег да ксяндза, яны — і знайшлі Янака ля хаты яго дзядзькі, на ўскрайку сяла. Задрала бедалагу мядзведзіца.
Успомніўшы нябожчыка, яны вырашылі, што Абрам Домніч застанецца замест гаспадара ў шынку, а Іосіф Богуш забярэ каня: той жа стаў нічыйным.
Яны яшчэ некалькі дзён успаміналі Янака, а потым за клопатамі і справамі перасталі...
Цяжка ксяндзу прыйшлося б без Янакавага каня. У мяшок няшмат касцей назбіраеш...