Лешак згаджаўся з жонкай, але неяк усё рукі не даходзілі. Клопатаў чакалася шмат: і наконт зямлі, і наконт пабудовы. Час ліхі — то адно, то другое, а пенензы толькі давай.
А сёння Лешак быў вельмі рады, што яго хата прыціснулася да ўскрайку вёскі. Ніхто не бачыў, адкуль ён прыйшоў і з чым.
Хата была пабудавана з дыхтоўнага бруса і падзялялася на дзве палавіны. У першай знаходзіўся агмень, стол з лаўкамі, кашы з правізіяй і тры ложкі, дзе спаў ён і сыны. Каля агменю стаяў калаўрот, на якім у перапынках паміж малітвамі Дражына, яго малодшанькая, прала сукно.
Раней ён спаў у другой палове, але пасля смерці жонкі туды перайшла дачка. Нядобра дзеўцы спаць разам з хлопцамі.
Але яго хата была з хітрынкай. Мужыкі, будуючы яе, падвялі пад дах непамернай даўжыні лагі. Хтосьці з іх, было, наважыўся іх адпілаваць, залез наверх, але Лешак забараніў гэта рабіць. Яму ледзь не да слёз стала шкада патрачаных грошай.
Атрымалася даволі ўмяшчальнае гарышча. Сыны прасеклі ў столі адтуліну і зрабілі стромкую лесвіцу, па якой з хаты можна было залезці туды і, калі трэба было, лёгка здымалася. Ніхто з аднавяскоўцаў, бываючы ў хаце, нават не падазраваў, што ёсць такая лесвіца. Тады, калі будаваўся Лешак, усе ладзілі сваё жытло проста, без ніякіх выкрунтасаў. А Лешак завалок на гарышча куфар, прыставіў да глухога акенца стол, і стаў часцяком завітваць туды, а летнімі цёплымі начамі нават з задавальненнем спаў там. Добра ўсё ён гэта прыдумаў. У дубовым куфры пад цяжкай завалай захоўваў Лешак усё каштоўнае, таму доступ наверх дамачадцам быў строга забаронены.
Дзякуй богу, зараз у хаце нікога не было.
Ён хутка падцягнуў да лаза лесвіцу і ўзлез у сваё таемнае сховішча.
Падняўшы вечка куфра, Лешак паклаў на дно скрутак з упрыгожваннямі і накідаў зверху старой адзежы.
Затым ён стомлена прысеў на вечка куфра, абцёр далонню спацелы лоб, падумаў: «Вось і цудоўна! Усё шыта-крыта атрымалася. Значыць, мая задумка была правільнай. Галоўнае, каб Янак нікому нічога і не гаварыў».
Крыху перадыхнуўшы, Лешак злез з гарышча і, перахрысціўшы хату, заспяшаўся ў шынок.
2
Вёска Кажоўская здаўна належала доблеснаму рыцару Казіміру Кажоўскаму, адсюль і пайшла яе назва. Але як толькі шляхціц у лясах пад Смаленскам загінуў за магутнасць Вялікай Польшчы, калі правіў слаўны кароль Жыгімонт I Стары, дык неўзабаве Казіміравы ўладанні раздрабнілі на некалькі маёнткаў сваякі.
Аднак нядоўга яны цешыліся сваім набыткам, насталі неспакойныя і цяжкія часы, а шляхта павінна была служыць каралю. Многія за яго паклалі свае галовы, і вёска Кажоўская, як і іх краіна, перажыла не адзін перадзел, пераходзячы ад аднаго пана да другога.
Калі ж нарэшце сойм Люблінскай уніі пастанавіў быць ім падданымі Рэчы Паспалітай і адносіцца да правінцыі — кароны Вялікапольскай, ад вялікіх зямельных угоддзяў доблеснага рыцара Казіміра нічога не засталося.
Апошнім панам, які валодаў Кажоўскай, быў нейкі індыгенат з французаў. Але таму вельмі не хацелася жыць у гэтых Богам забытых мясцінах, і, узяўшы ад кожнага халопа выкуп за ўсю сям’ю, ён пакаціў у прамяністую Францыю.
А можа, не толькі нуда па радзіме падштурхнула яго на гэта? Можа, хто намякнуў яму на тое, што хутка адбудуцца змены? І яны адбыліся. Менавіта ў той год шмат якія ўгоддзі тутэйшых паноў адышлі разам з сялянамі пад кіраўніцтва сойма, прычынай гэтаму стала тое, што ў Судэтах знайшлі шмат мінералаў і каштоўных камянёў. Па законе тыя, хто валодаў зямлёй, мелі права не толькі на яе паверхню, а і на яе нетры.
А калі б індыгенат своечасова не з’ехаў, магло б стацца так, што мясцовыя паны захацелі б зрабіць з чужаком ліхую справу. Кожнаму хацелася за свае землі атрымаць з каралеўскай казны пабольш кампенсацыі.
А ліхая справа — данос бы на яго напісалі ці, яшчэ горш, падлавілі б у цёмны час дзе-небудзь у гарах, згінуў бы ён у невядомасці. А згінуў — то вельмі хутка аб’явілася б нямала розных спадчыннікаў, якія прэтэндавалі б на багатыя ўгоддзі індыгената.
Заўсёды знаходзяцца ахвочыя да чужога.
«Хітры аказаўся французік, своечасова разабраўся, што і да чаго. Злупіў з нас тры шкуры і знік, быццам і не было яго. А так, глядзі, і без портак застаўся б», — не то з зайздрасцю, не то з захапленнем думалі пра свайго былога гаспадара сяляне, забыўшыся, што, дзякуючы яму яны сталі вольнымі, а не трапілі ў кабалу да новага шляхціца.