— Вы, пан, напэўна, прыдумваеце крыху, — нечакана падаў голас Адам, уладальнік лесапілкі і таварыш Лешака, — бо яны з нашым каралём Аўгустам браты нарачоныя.
— А што мне вам хлусіць, панове? Я сюды не затым ішоў, каб вам толькі вясёлыя байкі казаць. Страшны час будзе. Ад татараў якую пошасць нядаўна перажылі, а зірні — шведы заварушыліся, ды маскалі заўсёды свайго не выпусцяць.
У шынку павісла панурая цішыня.
Чуваць было, як за сценамі вецер стукае аканіцамі, варушыць саламяны дах.
— Не гэта страшна. Іншая бяда ідзе, ад якой не будзе выратавання ні царам, ні парабкам.
Голас гэты належаў Абраму Домнічу, які ў вячэрні час заўсёды знаходзіўся за стойкай, абслугоўваў наведвальнікаў.
«Увесь час маўчыць, а зараз яго панесла, — незадаволена падумаў уладальнік «Пузатай стронгі». — Кожны павінен ведаць сваё месца ў жыцці».
Работнік, заўважыўшы незадаволены выраз на твары Лешака, спалохана залыпаў чорнымі вейкамі і пачырванеў.
— Чаго замоўк? — зашумелі аднавяскоўцы.
Той глядзеў на старасту.
— Чаго ўтаропіўся? Даказвай сваю навіну. Сказаў «А» — кажы «Б», — міласціва дазволіў апошні.
— Я, яснавяльможнае панства, ні ў якім разе не хачу нікога пакрыўдзіць і, можа так стацца, што і дарэмшчыну ўзвесці. Аднак нядаўна адзін каваль, які дазволіў сабе ў нас папалуднаваць, расказаў, што мор рухаецца да нашых месцаў. Чалавек той, ён з Розенберга ішоў, казаў: «Хто мог, адтуль ужо ўцёк», — скорагаворкай мовіў Домніч.
— Цьфу ты, — сплюнуў стараста, — я думаў, што і сапраўды вайна ўжо на парозе, а ты пра мор! Дык на гэтай Нямеччыне, колькі я сябе памятаю, то адно, то другое здараецца. Любяць там варажыць над людзьмі. Ты лепш паменш слухай, што кажуць. Не паспееш і рот адкрыць, як госці толькі і імкнуцца змыцца, не заплаціўшы. Ды яшчэ і які чужы грош прыхапіць.
— Паважаныя панове,— спахапіўся ён, — я толькі прышлых меў на ўвазе, — хітры Лешак прыклаў руку да грудзей.
Абрам так нізка апусціў галаву, што стала бачна яго нязменная жоўтая шапка на патыліцы.
— Дарма ты так, Лешак, — упікнуў Адам Скшынецкі. — Вось мне надоечы мой работнік Кастусь Войтэк такое расказаў, што я яму не паверыў, а сёння ранкам давялося пераканацца ў тым, што ён мае рацыю.
— Дык ты раскажы, бо я, як адказная асоба, павінен усё ведаць, што ў нас тут адбываецца.
На яго словы ўладальнік лесапільні ўсміхнуўся.
— Будзь добры, Адам, не цягні, раскажы, што ты там чуў, — прагучалі з усіх бакоў цікаўныя воклічы.
— Два дні назад пасылаў яго ў суседнюю вёску па заказ. Там у аднаго селяніна дачка замуж выходзіць, дык яму куфар спатрэбіўся для пасагу. Гэта хоць і не мая справа, але вельмі мне падабаецца з дрэвам працаваць. Глядзіш, а з цеплыні яго сучка то фігурка нейкага дзіўнага звера пакажацца, а то вінаградная лаза. І ўсё само па сабе адбываецца.
— Казачнік, — буркнуў Лешак, — заўсёды ўсё мудрагеліста гнеш.
— Як умею, так і расказваю, — агрызнуўся той. — Ну вось прыходзіць Кастусь туды апоўдні, а там па ўсёй вёсцы выццё ды гоман чутны. Ён — да аднаго: «Што такое»? А мужык і расказаў. Маўляў, сядзела маладая жанчынка на ганку, немаўля, значыць, грудзьмі карміла. А тут ці то яе ў хату паклікалі, ці яшчэ чаго, ну, паклала яна немаўля на ганак, а сама ў хату падалася. Кажа, зусім нядоўга не было яе, а як вярнулася, немаўляці на ганку і няма. Яна туды, яна сюды. Няма, як у ваду канула. На крык яе збеглася ўся вёска, а адно хлапчанё і расказала, што бачыла, як велізарны сабака нейкі скрутак у лес цягнууў. Здаравенны гэткі, і вочы яго крывёй зіхацелі. А іх мясцовы стараста і кажа, што звер гэты, хутчэй, на ваўка падобны, а калі ваўкі смела ў сяло заходзяць — быць бядзе. Не баяцца яны людзей. За мерцвякоў іх ужо лічаць. Заўсёды так бывае, калі вайне быць ці мору.
Стараста злавіў на сабе позірк Янака.
— Глупства ўсё гэта! Баба сама з неймаўлём нешта зрабіла, а зараз выдумкай хоча свой грэх прыкрыць, — паспрабаваў развеяць страхі прысутных гаспадар «Пузатай стронгі».
— А навошта Кастусю брахаць? — загаманілі наўкола.