— Хочаце — верце ў небыліцы. Мне дык што, — паціснуў плячамі Лешак і павабіў пальцам Янака, паказваючы таму вачамі на дзверы.
Яны выйшлі на двор.
— Ты чаго на мяне зіркаеш? — напаў ён на хлопца.
— Боязна стала, калі Адам пра мор загаварыў? Тыя мерцвякі ў лесе ад хваробы памерлі. Ран на іх няма! А раптам мы мор у вёску занеслі?
— Цыц!.. — Круціцкі азірнуўся па баках. — Чаго ты мелеш? Каб, крый божа, хто-небудзь іншы пра гэта не чуў! Каб ні гу-гу?! Глядзі ў мяне. Ураз на чужыя хлябы пойдзеш. На вось, вазьмі, — і ён сунуў у руку Янаку брошку з сініх камянёў,— падары якой-небудзь паненцы. Ды скажы, што на кірмашы купіў. Дзеўкі ўсё адно ў каштоўнасцях нічога не кемяць, ім галоўнае, каб блішчала. А то хочаш — прадай, пастаў сабе добрую хацінку і жаніся. Нічога, хлопец, не бойся. Будзеш мяне слухацца — чалавекам зраблю. Ды яшчэ зарубі сабе на носе: пакуль у ваколіцы стаіць святы слуп, нас ахоўвае дух Святой Панны Марыі — ніякая бяда нам не страшная. Усё адштурхне ад нас яе заступніцтва.
Ён паляпаў юнака па плячы.
4
Хараство распасціралася наўкола! Горы, цалкам пакрытыя густымі лясамі і квяцістымі хмызнякамі, каралямі атачалі палі і сенажаці, якія прылягаюць да вёскі Кажоўская, дзе сярод буйной зеляніны раптам мільгане руды хвост пранырлівай лісіцы ці пачуецца бляянне муфлана. Празрыстыя воды шматлікіх малых рэк напоўніліся горнай стронгай. Удалечыні, паміж самымі стромкімі вяршынямі, калонамі бялелі акведукі. Яны калісьці аблягчалі шлях рымскім легіянерам, а зараз дапамагалі мясцовым жыхарам зручней перабірацца з адной гары на другую. Праўда, калі забярэшся на мост і пойдзеш па ім, галава кружыцца ад вышыні, і думаеш — які люд майстравы быў раней.
А цяпер? Узводзілі, узводзілі паны крэпасці, якія палохалі сваім выглядам, і каменныя масты, ды ўжо ад многіх адны горы друзу засталіся, а іншыя наводзяць страх уначы на вандроўнікаў сваімі развалінамі.
Янак накіраваўся да хаты гаспадара лесапільні. Сцяжынка, па якой ён ішоў, цягнулася ўздоўж рачулкі Крушынка. Сярод спеваў цыкад чулася, што дзесьці, на паверхні, не-не ды і плюхне вадой рыбіна, ствараючы на ёй серабрыстую рабізну.
Пахла ядлоўцам і кветкамі. Якімі? Янак не ведаў. Ён наогул не разбіраўся ў кветках. Ды і ў дрэвах не асабліва разбіраўся. Ну, вядома, адрозніць дуб ад елкі ці ад бука, а да астатніх яму і справы няма.
Гэта яго Антаніна ведае ўсё пра кветкі і пра дрэвы. Прыгажэйшай за яе Янак у жыцці не бачыў дзяўчыны.
Прыгажуня Антаніна і сама была падобная на кветку. З сінімі валошкавымі вачыма на ясным твары, з доўгімі русымі валасамі, якія пахнуць духмянымі лілеямі, што хвалістай пенай ахутвалі яе стройную постаць, і голасам, як у аксамітак, далікатным і чароўным.
«Ці мая толькі?» — пры гэтай думцы Янак уздыхнуў. Дачку гаспадара лесапілкі наўрад ці аддадуць за беднага хлопца.
Юнак выйшаў з лесу і напрамкі накіраваўся да хаты, насупраць якой узвышалася гара бярвення.
Мабыць, прыязджаў заказчык і, не заспеўшы гаспадара хаты, сам вырашыў, дзе спадручней скінуць цяжкі груз.
На двары забрахаў сабака.
— Ну што ты, Валет, брэшаш? Колькі я табе прынадных кавалкаў ні прыношу, усё адно перад гаспадарамі выслужваешся.
Сабака, пачуўшы голас Янака, замоўк і міралюбна заскавытаў.
Хлопец пагладзіў яго па карку і са здзіўленнем заўважыў, што ў хаце цёмна.
«Няўжо ў такую рань спаць ляглі?» — з засмучэннем падумаў юнак.
Зарыпелі завесы, і дзверы прыадчыніліся. У невялікі праём вызірнуў незадаволены твар пані Ядвігі, маці Антаніны.
— Янак, гэта ты тут па начах швэндаешся?
— Добры вечар, пані Ядвіга, — пакланіўся Янак жанчыне.
— Добры дык добры, толькі Антаніну я дзеля цябе будзіць не стану. Нам заўтра чуць свет уставаць. Ідзі. Глядзі, дацямна і вернешся дамоў.
І добрая жанчына зачыніла дзверы.
Янак яшчэ некалькі хвілін пабавіўся з сабакам і, уздыхнуўшы, адправіўся назад у бок шынка.
5
Ён адважна ступіў у чарналессе. Чаго было баяцца? Яму, хто з маленства тут усё аблазіў і абхадзіў.
Аднак юнаку ўвесь дзень чамусьці трывожна было на душы. А тут яшчэ, хоць быў цёплы летні вечар, неяк хутка сцямнела і нечакана пахаладала, і Янак падумаў, што дзень сёння нейкі з раніцы цудоўны.
Раптам ён адчуў, як лёгкі подых ветрыку крануў валасы, нібы за спінай хтосьці прабег. Ці не мядзведзь? У іх краях іх процьма. Пячор ды розных хадоў, дзе звярыне можна схавацца ад паляўнічых, ды прыплод свой без боязі гадаваць, у Судах хапае.
Янак азірнуўся — нікога.
Шчыльнай сцяной стаялі стройныя дубы, светлыя ствалы якіх абвіваў нястомны зялёны плюшч.