Дзесьці ў глыбіні цемры вухнула сава, і зноў ні шоргату, нават гаманкія цыкады ўсе як адна маўчалі, стаіўшыся ў высокай траве. Янаку стала боязна.
Ён падняў галаву і паглядзеў на неба.
Амаль кранаючыся верхавін дрэў, хутка-хутка ляцелі чорна-ліловыя аблокі. Месяц — сонца мёртвых, заўсёды серабрыста-халаднаваты, гарэў агністым барвовым святлом.
Янак перахрысціўся і што было сілы панёсся па сцяжынцы, адчуваючы кожнай клетачкай цела, што побач з ім хтосьці бяжыць: чулася патрэскванне сухіх галінак пад цяжарам невядомага спадарожніка.
Краем вока Янак бачыў, што штосьці вялікае і цёмнае лунала над зямлёй, ці то чалавек, ці то велізарная пачвара, ці то дзіўны белы вершнік на белым скакуне. І раптам два зіготкія чырвоныя агні ўпіліся сваім паглядам Янаку ў вочы і яшчэ ледзь-ледзь — і страх паралізаваў бы ягонае цела, такая гіпнатычная злосць палала ў іх!
Янак яшчэ ў дзяцінстве перажыў шмат жудасці і новыя нягоды, вядома, яму былі непатрэбны, ён кінуўся прэч, што было сілы пабег яшчэ хутчэй.
— Ды адкуль цябе нячысцік нясе? — невядома, колькі ён прабег і колькі б яшчэ бег, каб не наляцеў на чыюсьці постаць і каб яго не спыніў грозны мужчынскі вокрык.
Янак страпянуўся, перад ім стаяў Адам Скшынецкі.
Цяжка дыхаючы, хлопец ледзьве выгаварыў:
— З вашага хутара, дзядзька Адам.
— Ого, мабыць гэтак цябе мая непараўнальная пані Ядвіга напалохала? — засмяяўся Антанінін бацька.
Мужчына ўважліва глядзеў на хлопца. Вочы ў Скшынецкага былі такога ж валошкавага колеру, як і ў яго дачкі. Вось толькі ў адрозненне ад Антанініных, у яго вачах выпраменьваліся іскрынкі мяккага святла, а не холадныя ільдзінкі. І ад Адамавай цеплыні Янак неяк ураз супакоіўся.
— Ды што вы, дзядзька Адам, скажаце яшчэ, — паціснуў ён плячамі. — У лесе за мной нейкая д’ябальшчына гналася.
— Кепска для вясковага хлопца быць такім недаверлівым. Якая яшчэ нечысць у нашым лесе можа з’явіцца?
— Дык вы самі кагадзе казалі, што ваўкі па вёсках шныраць, — апраўдваўся хлопец.
— Ну, думаю, што ўлетку на здаровага мужыка ваўкі наўрад ці будуць нападаць. — Ён крыху памаўчаў і дадаў: — Я, праўда, таксама цяпер ад страху ледзь Богу душу не аддаў, — усміхнуўся Скшынецкі. — Іду я сабе паціху, іду і раптам чую, як хтосьці праз гушчар ломіцца. Узяў я ў рукі здаровы дрын і чакаю. Ну, думаю... А тут, глянь, выходзіць да мяне маладая жанчына: кашуля на ёй падраная, рукі і ногі ў ранках, а вочы гараць вар’яцкім агнём — ну проста здань! Стаю акамянелы, рукі не слухаюцца, а яна ў мяне і пытае:
— Пан, сыночка майго нідзе ні сустракалі?
Я тут і сцяміў, што гэта тая самая небарака, у якой хлапца выкралі. Голас у яе асіплы, скрычалася, бедалага, зусім. Так што, глядзі, можа, сустрэнецца на шляху, дык ты яе абыдзі бокам, а то спужаецца цябе, як ты некага, яна і так, небарака, напакутавалася.
— Добра, дзядзька Адам, абыду, — паабяцаў Янак.
— Але вось яшчэ што я табе хацеў сказаць, Янак. Не хадзі ты да нас болей. Я сам дык нічога супраць цябе не маю, але мая гаспадыня вырашыла, што ты нашай Антаніне не пара: дзеўка павінна замуж пайсці хоць за самага занядбалага, але за шляхціца. Самой ёй не атрымалася ў фальварак патрапіць, то яна зараз спіць і бачыць, каб Антаніна ў панях пахадзіла. Малодшанькую Марыю таксама на гэта настройвае. Жонка мая, баба нязносная, а супраць таго, што яна кажа не папрэш. Багацце павінна ісці да багацця.
Гаспадар лесапільні ўсміхнуўся, паляпаў пляменніка Круціцкага па плячы.
Янаку б, як кажуць, праглынуць крыўду і пайсці сваёй дарогай, а ён не змог, усхадзіўся.
— А не ведаеце, дзядзька Адам, што я таксама багацей, ды яшчэ які?! Захачу, дык яшчэ і большым стану!
Сказаў — потым падумаў, калі адрачэшся ад сваіх слоў — паважаць сябе перастанеш!
— Вось бярыце! — ён рашуча уклаў у Адамаву далонь брошку, якую атрымаў надоечы. — Перадайце Антаніне ад мяне падарунак.
Адам глянуў на брошку, сапфір іскрыўся агеньчыкамі.
— Дзе ты ўзяў прыгажосць такую? — здзівіўся бацька дзяўчыны, падносячы брошку да вачэй.
— Даўно, яшчэ калі ў Торунь на кірмаш з дзядзькам ездзіў, у аднаго немца і купіў. Ну, бывайце, дзядзька Адам, — сказаў Янак, і, расправіўшы пояс на саматканай кашулі, пайшоў, вельмі задаволены сабой і забыўшыся на страхі, ад якіх яшчэ нядаўна ўцякаў што было сілы.
А Адам Скшынецкі глядзеў яму ўслед і незадаволена хмурыў бровы: «Цямніць штосьці хлопец, цямніць...»
6
У гэта ж час Лешак Круціцкі прыйшоў дамоў. Не марудзячы, ён адразу ж прыставіў лесвіцу і падняўся на гарышча.